Сотрудник Докшицкого РОЧС Андрей Юнцевич выбрал профессию отца

img_6861

Інструктаж для байцоў Уладзіслава Алексіна і Вадзіма Макатовіча праводзіць начальнік дзяжурнай змены ПАВЧ № 1 Андрэй Юнцэвіч.

Пажарнай службе Беларусі сёлета спаўняецца 170 гадоў. За плячыма – гады станаўлення, традыцый і вопыту тых людзей, хто аднойчы выбраў гэты няпросты шлях і ідзе па ім упэўнена і годна, дэманструючы дастойны прыклад адданага служэння людзям, хто сёння з’яўляецца нязменным гарантам бяспекі і своечасовай дапамогі ў бядзе.

У мінулым годзе дакшычанін Андрэй Юнцэвіч далучыўся да каманды докшыцкіх выратавальнікаў. Пасля заканчэння Гомельскага ўніверсітэта грамадзянскай абароны МНС Беларусі малады чалавек быў прызначаны начальнікам дзяжурнай змены пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 г. Докшыцы.

– Галоўным героем у прафесіі пажарнага заўсёды для мяне быў тата Аляксандр Фёдаравіч, які службе ў падраздзяленнях па надзвычайных сітуацыях прысвяціў больш за дваццаць гадоў, – гаворыць Андрэй. – Ён працаваў вадзіцелем, вучыў маладых, як граматна дзейнічаць на пажары, каб выратаваць людзей, як перамагчы агонь і самому не пацярпець. Рызыкаваць прыходзілася часта, але гэта яго не бянтэжыла, бо бясцэнным аказаўся вопыт, які набыў падчас службы ў дэсантных войсках.

Прымаць правільнае рашэнне ў надзвычайнай сітуацыі старшы Юнцэвіч навучыў і Андрэя.

– Памятаю свой першы выклік, – прыгадвае Андрэй. – У выніку дарожна-транспартнага здарэння, якое адбылося на кальцавой у Докшыцах, у салоне аўтамабіля заціснула людзей. Іх неабходна было дэблакіраваць. Наша каманда спрацавала аператыўна, граматна. Выязджалі, вядома, і на пажары, ратуючы дамы і маёмасць ад агню.

Адказваючы на пытанне, які ён, сапраўдны выратавальнік, Андрэй Юнцэвіч задумаўся.

– Многія асацыіруюць яго з супергероем, але супергерой – гэта той, хто рынецца выпраўляць любую складаную сітуацыю не задумваючыся, – разважае пажарны. – Выратавальнік павінен цвяроза думаць і ацэньваць тое, што адбываецца, аналізаваць.

Стрэсаўстойлівасць, адказнасць, узаемадапамога, уменне працаваць у камандзе – вось што важна. А яшчэ выдатная фізічная падрыхтоўка. Дарэчы, стараюся заўсёды трымаць сябе ў тонусе, бо наша амуніцыя важыць не адзін дзясятак кілаграмаў, і гэта толькі тое, што апранута на нас. Таму захапляюся плаваннем, люблю бег і ўвогуле спорт.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *