К родным истокам Констанция Шахович из деревни Вереньки возвращалась дважды

dscn4061

Не прадаецца хата бацькоў.

Домік Канстанцыі Шаховіч, першы справа на ўездзе ў вёску Вярэнькі, “пазнаўся” адразу, хоць не ведалі яго нумара і прыкмет, па нейкай асаблівай сонечнасці і любоўнай дагледжанасці, як гэта бывае тады, калі прыйшлося развітацца з ім на доўгія гады, а затым вярнуцца. Перапыталі для надзейнасці ў аднавяскоўкі – тая пацвердзіла: не памыліліся.

Пад абаяльнасць васьмідзесяцівасьмігадовай гаспадыні, якая выйшла насустрач, патрапіла з першых хвілін знаёмства. Немагчыма было не патрапіць: чалавек, які шчодра надзелены нябёсамі шматлікімі талентамі і здольнасцямі і які прыняў гэтыя дары з удзячнасцю і разуменнем, што яны ператворацца ў пыл без вялікай працы, захапляе ў любым узросце.
Яе жыццёвы шлях пачаўся тут, ва ўтульных, акружаных палеткамі і лясочкамі Вярэньках. Жылі ўдваіх з матуляй, якая зусім маладой засталася ўдавой, а яна сама, сямімесячная, сіратой. Такім прыгожым і надзвычай рэдкім у нас імем дзяўчынку захацеў назваць дзядуля Павел, які сем гадоў жыў у Амерыцы і паглядзеў там яшчэ нямы варыянт “Трох мушкецёраў”. Юныя гады Канстанцыі, можна сказаць, прайшлі пад сімвалам вялікай прагі да ведаў. Палічыла, што даваць іх – самая высакародная ў свеце прафесія, і вось ён, студэнцкі маршрут: Полацкае педвучылішча, Гомельскі і Мінскі педінстытуты. Настаўнічаць накіравалася на Глыбоччыну, дзе і сустрэла сваё вялікае і адзінае на ўсё жыццё каханне, свайго Янака. Выйшла замуж, забрала да сябе маму. А праз нейкі час, прыехаўшы ў родную вёску, убачылася з тагачасным дырэктарам Юркаўшчынскай сярэдняй школы Уладзімірам Пілюшэнкам і загарэлася яго прапановай вярнуцца ў родныя сцены ўжо ў якасці настаўніцы.

Пераехалі. Хаціну родную, пабудаваную яшчэ дзедам Канстанцыі, яе муж Іван Іванавіч, майстар на ўсе рукі, перавёз у лепшае месца, падладзіў – і зажыла маладая сям’я шчасліва, гадуючы дачушку і сына, шануючы бацькоў і сумленна працуючы: яна ў школе, ён брыгадзірам на чыгунцы. Канстанцыя Лявонцьеўна выкладала ў школе беларускую, рускую і нямецкую мовы, літаратуру. Ад прыроды артыстычная, з моцным прыгожым голасам, з яркімі акцёрскімі данымі, выдатны арганізатар, яна яшчэ кіравала самадзейным тэатрам, у якім ігралі не толькі настаўнікі, але і работнікі калгаса, жыхары навакольных вёсак. Ставілі спектаклі па творах беларускіх пісьменнікаў і паспяхова выступалі з імі ў Параф’янаве і Докшыцах. Восем гадоў з дваццаці, аддадзеных Юркаўшчынскай школе, Канстанцыя Лявонцьеўна была яе дырэктарам.

І тут Івана Іванавіча пераводзяць па працы аж у Заслаўе. Хоць і балела душа, згадзілася: жонка за мужам як нітка за іголкай. Ды і дзецям-студэнтам будзе зручней. Прадалі хату за невялікія грошы – каб не памірала…

У Заслаўі таленты Канстанцыі Лявонцьеўны таксама не засталіся незаўважанымі. Кіравала дзіцячым драмгуртком “Спадчына”, у хоры пры Доме культуры была салісткай, выступала на сцэне і як чытальніца вершаў, нярэдка ўласных, якіх у яе маецца, мусіць, на некалькі зборнікаў (абавязкова надрукуем некаторыя ў нашай літаратурнай старонцы, бо сапраўды – Паэзія!). Папрацаваўшы некаторы час у школе, падрыхтавалася і здала экзамен на экскурсавода ў гісторыка-культурны музей-запаведнік “Заслаўе”. Была там на разрыў у гэтай якасці – яе экскурсіі ператвараліся ў тэатралізаваныя святы. “Дарасла” да старшага навуковага супрацоўніка і, няма сумненняў, пакінула пра сябе яркія ўспаміны і багатую спадчыну: да ўсяго яшчэ пісала вершаваныя сцэнарыі для тэатра “Батлейка”, які працаваў пры музеі, і была рэжысёрам пастановак.

Жыццёвы “заплечнік” Канстанцыі Лявонцьеўны даверху напоўнены ўзнагародамі за працу і творчасць: “Выдатнік народнай асветы”, “Выдатнік культурнага шэфства на сяле” (пасведчанне на гэты нагрудны знак падпісана міністрам культуры СССР Фурцавай), дыпламант ІV фестывалю народнай творчасці СССР, вялікі стос грамат і падзяк. Але, як любы мудры чалавек, ні поспехі, ні славу яна не лічыць крытэрыямі чалавечага шчасця, а лічыць галоўным наяўнасць сям’і, здароўе, добрыя адносіны з людзьмі, любімую справу і душэўны спакой.

Яе другое вяртанне ў родны дом напачатку дзявятага дзясятка жыцця не было такім шчаслівым, як першае. Бегла, хоць і разумеючы, што гэта немагчыма, ад сябе, ад невыноснага болю і самоты пасля зыходу з жыцця дарагога мужа. І дом, жыхары якога адзін за адным пакінулі гэты свет, сустрэў яе няласкава: страшэннай запушчанасцю, неахайнасцю, чужымі пахамі і чужымі бруднымі рэчамі. Шмат сіл прыклала разам з дзецьмі, каб вярнуць яму прыстойны выгляд. Моцна ўдзячная за дапамогу жыхару вёскі Лібараўшчына Івану Іосіфавічу Кавалёнку, яго жонцы Марыі. Дачушка Вольга, мастачка, прадумала і аформіла інтэр’ер кожнага пакоя, дзе “гарадскія” элементы ўдала ўпісваюцца ў “вясковы дызайн”, упрыгожыла дом сваімі карцінамі і фотаздымкамі сям’і да чацвёртага пакалення. Разам пасадзілі новы сад, разбілі кветнікі… Новы ўдар па незарубцаванай ране: праз тры гады пасля пераезду не стала сына Віктара. І вось ужо пяць гадоў яна спрабуе – не, не лячыць, такое не вылечыш – суцішваць боль ад страты родных сваіх мужчын роднымі ж сценамі. З вясны да восені Канстанцыя Лявонцьеўна тут, на выхадныя чакае сваю Олю, якая, нягледзячы на занятасць, узяла на сябе асноўны клопат па гаспадарцы: агарод, цяпліцу, кветнікі. Жыццё працягваецца. І калі ёсць у ім хтосьці, каго любіш, ці штосьці дарагое сэрцу, яно па-ранейшаму мае сэнс.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *