После пятидесяти жизнь стала только ярче, утверждают Фёдор и Валентина Малюженцы из агрогородка Торгуны

dscn417

– Гераіня вядомага фільма “Масква слязам не верыць” гаварыла, што пасля сарака гадоў жыццё толькі пачынаецца, а ў нас яно зайграла яркімі фарбамі пасля пяцідзесяці, калі мы з мужам выйшлі на пенсію і сталі шмат часу праводзіць разам, – гаворыць жыхарка аграгарадка Таргуны Валянціна Малюжанец. І ведаеце, не ўзнікла ніводнай падставы засумнявацца ў праўдзівасці гэтых слоў, таму што з першых хвілін нашага візіту да спадароў Фёдара і Валянціны Малюжанцаў стала зразумела: у гэтым доме жыве вялікае каханне.

Па родзе журналісцкай дзейнасці і ўвогуле па жыцці шмат разоў прыходзілася сустракацца з сямейнымі парамі ў шаноўным узросце, і такую – непаказную! – цеплыню, пяшчоту ў зносінах, такое захапленне адно адным, павагу адно да аднаго і такія агеньчыкі ў вачах пры аповедзе пра сумеснае жыццё бачыць давялося нячаста.

– Вы, калі ласка, пра Федзю больш напішыце, ён жа ў мяне працаўнік, якіх мала, – хвалюецца Валянціна Іванаўна.

– Ды што там я – з-за руля паўвека не вылазіў ад рання і да змяркання, – горача пярэчыць Фёдар Васільевіч. – А Валя мая – яна ж і спявачка, і актывістка, і прыгажуня, і руплівіца якая – усю немалую гаспадарку на сабе цягнула…

Фёдар Васільевіч адзначыў нядаўна 70-гадовы юбілей, а не скажаш: маладжавы, энергічны, падцягнуты, гаваркі. Усё жыццё адпрацаваў механізатарам у сельгаспрадпрыемстве. Пачынаў, кажа, яшчэ пры старшынёўстве Людвіга Петрашкевіча, пра якога ўспамінае з вялікай павагай, як і пра Уладзіміра Новікава. Асноўная працоўная дзейнасць Фёдара Васільевіча – корманарыхтоўка, усе віды работ на ёй даводзілася выконваць. Перадавы механізатар, які ў гаспадарцы быў у ліку лепшых, адзначаўся і на абласным узроўні, станавіўся неаднаразовым удзельнікам “Дажынак”, мае цэлы стос грамат і падзяк. На пенсіі гэты няўрымслівы чалавек без працы доўга ўсядзець не змог: летам шмат спраў і дома, а вось з наступленнем халадоў ён качагарыць у дзіцячым садзе. Не адмаўляецца, калі штосьці і падрамантаваць трэба, добраўпарадкаваць.

У Валянціны Іванаўны, ураджэнкі вёскі Несцераўшчына, вядомай ва ўсім раёне загадчыцы Дома культуры ў Таргунах, шлях у прафесію быў больш складаны. Прыгожы, моцны голас ёй перадаўся ад мамы, і юная Валя бачыла сябе ў будучым толькі работнікам культуры. Тым больш што з малых гадоў была камунікабельная, актыўная, артыстычная, лёгка ладзіла зносіны з людзьмі. Пасля заканчэння васьмі класаў паступіла ў Віцебскае культпрасветвучылішча. А яе тата, які бачыў дачку ў сельскай гаспадарцы, выклік на вучобу, што прыйшоў па пошце, проста знішчыў – Валі на той час якраз не было дома. І яна толькі праз шмат гадоў даведалася пра гэта. А тады расстроілася моцна: думала, што не паступіла. І вось пасля заканчэння дзесяцігодкі яна атрымлівае ў Мар’інагорскім тэхнікуме прафесію агранома, працуе затым больш за дзясятак гадоў у калгасе дыспетчарам. Але неба ўсё ж дазволіла ажыццявіцца яе мары. Малодшая дачушка Волечка расла хваравітай, і Валянціна Іванаўна, каб быць з ёй побач, перайшла працаваць у дзіцячы сад памочніцай выхавацеля. А адтуль, калі Оля падрасла і падужэла, у Тумілавіцкі дом культуры, адразу на загадчыцу. Справа пайшла з першых дзён, бо была любімай. Праз чатыры гады перайшла ў Таргуны, і культурнае жыццё закіпела: на мерапрыемствы, што там ладзіліся, зляталася ўся акруга, у гуртках была запісана процьма народу, а дыскатэкі праводзіліся ажно чатыры разы на тыдзень.

– Здзіўляюся зараз, як з усім даводзілася спраўляцца, бо яшчэ ж і з канцэртамі ездзілі па раёне і далей, а дома трое дзяцей, немалыя агароды, у хляве поўна скаціны, – разважае Валянціна Іванаўна. – А Федзя, і праўда, з ранняй вясны і да позняй восені ў полі. Але ж кожную вольную хвілінку выкарыстоўваў, каб дапамагчы, ды і як гаспадар заўжды быў на вышыні. Не паверыце – не магу прыпомніць, каб мы з ім з-за чагосьці моцна пасварыліся. Усё абмяркоўвалі і вырашалі разам.

… Іх каханне ўзнікла, можна сказаць, з першага погляду. Сустрэліся ў аўтобусе, які ішоў з Докшыц. Валя тады ехала дадому з вучобы. Фёдар быў хлопец рашучы: убачыў, як сам распавёў, прыгожую дзяўчыну, успыхнула іскра ў грудзях – не стаў выпрабоўваць лёс, адразу ж падсеў, каб пазнаёміцца. Ды і Валянціна Іванаўна прызналася, як устрапянулася тады яе сэрца. Сталі сустракацца: Валя імкнулася кожныя выхадныя прыехаць дадому, Федзя ляцеў да яе ўсімі даступнымі спосабамі, нават – чаго цяпер грэх утойваць? – на калгасным трактары. А пасля пажаніліся і стварылі моцную сям’ю, двух сыноў і дачку вырасцілі, годнымі людзьмі выхавалі, цешацца дзевяццю ўнукамі і праўнучкай.

Іх прасторны дом часта звініць галасамі і часам, смяюцца гаспадары, нагадвае гасцініцу, бо ў кожным пакоі ёсць “пастаяльцы”. Валянціна Іванаўна, адменная кулінарка, гатуе ў неймавернай колькасці розную смакату і можа за пятнаццаць хвілін накрыць стол. Фёдар Васільевіч, апантаны рыбак, забяспечвае, як сам жартуе, сям’ю фосфарам – толькі на пенсіі змог напоўніцу аддацца свайму захапленню, раней рэдка на тое выпадаў час. А ў астатнім яны ўсё робяць разам – даглядаюць гаспадарку, сочаць за парадкам у сваім утульным доме, ходзяць у грыбы і ягады, ездзяць у крамы і на рынак, прымаюць гасцей і самі наведваюцца ў госці, глядзяць фільмы і тэлеперадачы. Фёдар Васільевіч сам дастаўляе жонку на рэпетыцыі ў Докшыцы – Валянціна Іванаўна спявае ў хоры “Залатыя гады”. І іх цяперашнія гады сапраўды залатыя, як і іх працавітыя рукі і шчырыя, адкрытыя душы, напоўненыя любоўю. А да залатога вяселля засталося зусім нямнога часу. Шчасця і здароўя вам і надалей, мілыя людзі, і шмат-шмат юбілеяў наперадзе!

Алена НЕСЦЯРОНАК,
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *