Безопасность перевозки пассажиров — под контролем сотрудников ОГАИ Докшицкого РОВД

photo_2023-11-29_13-03-50-2

Тэма бяспекі пасажыраперавозак была заўсёды пад увагай дзяржавы. Асабліва злабадзённай яна стала пасля рэзананснага дарожна-транспартнага здарэння пад Смалявічамі ў лютым гэтага года, у якім загінулі 13 чалавек.

Пра неабходнасць усталяваць адзіныя жорсткія правілы гульні для сферы пасажырскіх аўтаперавозак гаварылася на мінулым тыдні на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Пагадзіцеся, тэма вельмі актуальная. Магчыма, і чытачы раёнкі могуць распавесці колькі гісторый, і не заўсёды прыемных, звязаных з паездкай на маршрутных таксі. Асабіста я, будучы студэнткай, неаднойчы карысталася гэтай паслугай. Каб дабрацца да таго ж Мінска, у запасе мелася некалькі нумароў тэлефонаў і не толькі нашых докшыцкіх пасажыраперавозчыкаў. Сітуацыі бывалі розныя. З “ліхачамі” ці аматарамі падчас паездкі размаўляць па мабільным тэлефоне звычайна сустракаліся толькі адзін раз. Да тых, хто няўхільна выконваў Правілы дарожнага руху, звяртаюся і сёння, тым больш што цяпер у дарогу адпраўляю дачку.

У рэспубліцы ў рамках кантрольных мерапрыемстваў па арганізацыі аўтамабільных перавозак пасажыраў за 10 месяцаў бягучага года транспартнай инспекцыяй праведзена 821 праверка. У выніку гэтых праверак выяўлена 1234 адміністрацыйныя правапарушэнні, канфіскавана 185 аўтамабіляў.

Паводле водгукаў іншых бацькоў цяперашніх студэнтаў, можна сцвярджаць пра іншыя небяспечныя і не вельмі камфортныя абставіны паездак. Напрыклад, пра эканомію вадзіцелямі паліва зімой, калі ў салоне не здымеш пальчаткі ад холаду. Ці пра паездку ў маршрутцы на прыстаўным стуле або ўвогуле стоячы. Што будзе з пасажырамі пры рэзкім тармажэнні? Дарэчы, такія парушэнні якраз дапаможа выявіць устаноўка ў салоне абсталявання для відэафіксацыі, якая прадугледжваецца ў праекце ўказа.

Як паведамілі ў АДАІ Докшыцкага РАУС, на тэрыторыі нашага раёна зарэгістраваны 14 перавозчыкаў, якія ажыццяўляюць нерэгулярныя рэйсы, а таксама таксі.

– Дадзеная катэгорыя перавозчыкаў знаходзіцца на кантролі службы ДАІ, – гаворыць старшы дзяржаўтаінспектар маёр міліцыі Яўген Хілько. – Сярод выяўленых заўваг у асноўным парушэнні хуткаснага рэжыму, пасадка і высадка пасажыраў у недазволеных месцах, перавозка пасажыраў, не прышпіленых рамянём бяспекі, і выкарыстанне падчас руху мабільнага тэлефона. Асаблівая ўвага – перадрэйсаваму кантролю як саміх кіроўцаў, так і тэхнічнага стану іх транспартных сродкаў.

Акрамя пытання бяспекі людзей, у праекце разгледжана легальная работа перавозчыкаў. Дакументам прадугледжваецца стварэнне дзяржаўнага інфармацыйнага рэсурсу “Рэестр аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах”, у які ўключаюцца звесткі аб перавозчыках, транспартных сродках (аўтобусах, легкавых аўтамабілях, аўтамабілях-таксі), вадзіцелях, дыспетчарах перавозак. Сярод новых абавязкаў – відэафіксацыя выканання перавозак.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *