Молодой специалист, инспектор по основной деятельности Докшицкого ТЦСОН контролирует работу 25 соцработников

dscn4422-s

СЁННЯ — ДЗЕНЬ РАБОТНІКАЎ САЦЫЯЛЬНАЙ АБАРОНЫ.

Гэты год для маладога спецыяліста, інспектара па асноўнай дзейнасці ТЦСАН Таццяны Яцына стаў адметным: педагог-мастак Докшыцкай ДШМ імя Н. Сакалоўскага кардынальна памяняла род сваёй дзейнасці і за паўгода ў Тэрытарыяльным цэнтры паспела зарэкамендаваць сябе з найлепшага боку.

Адказная, скрупулёзная ў вывучэнні новага, граматная, мабільная, ініцыятыўная, энергічная – гэтыя і іншыя станоўчыя характарыстыкі дзелавых і агульначалавечых якасцей Таццяны Міхайлаўны давялося пачуць ад дырэктара ТЦСАН Мар’яна Гіголы і загадчыка аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Дануты Лявоха.

Цікаўлюся, як гэта: жыхару свету мастацтва апынуцца ў свеце лічбаў, справаздач, каштарысаў, шматлікай іншай, як падаецца, “сухой” дакументацыі. Адказ Таццяны вельмі здзіўляе:

– Вы не паверыце, але гэта таксама творчая работа, у якой ёсць свая магія, свая чароўнасць.

У чым яна заключаецца?

– За кожным інспектарам замацаваны пэўны ўчастак, – тлумачыць Таццяна Міхайлаўна. – У мяне гэта Крулеўшчынскі, Докшыцкі і Парплішчанскі сельсаветы, дзе ў агульнай колькасці працуюць 25 сацработнікаў, у якіх 186 падапечных. Кантралюю дзейнасць нашых работнікаў, пралічваю іх нагрузку, ажыццяўляю, калі трэба, замены, кансультую па пытаннях сацабслугоўвання і многае іншае. Зразумела, часта даводзіцца выязджаць у населеныя пункты, а не толькі займацца дакументацыяй.

У аддзяленні Таццяна Яцына паўгода, атрымлівае завочна юрыдычную адукацыю – значыць, магчымы кар’ерны рост. Яе талент як мастака таксама запатрабаваны, паколькі ТЦСАН актыўна прымае ўдзел у шматлікіх раённых конкурсах. У маладога спецыяліста ўжо ёсць перамогі. Да ўсяго Таццяна яшчэ шматдзетная мама, і, прызнаецца, графік работы з васьмі да сямнаццаці гадзін для яе вельмі зручны. А калі ўлічыць, што яна яшчэ ў захапленні ад новага калектыву, дзе яе прынялі як родную і ва ўсім дапамагаюць, то можна спадзявацца на тое, што знайшла сваё другое прызванне, а калектыў аддзялення – добрага спецыяліста.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *