Тракторист-машинист филиала ПУ «Витебскторф» УП «Витебскоблгаз» Александр Кремис признан лучшим в своей отрасли

Дыплом пераможцы Аляксандру Крэмісу ўручыў першы намеснік генеральнага дырэктара ДВА “Белпалівагаз” Дзмітрый Шаўлоўскі.

Па выніках рэспубліканскага агляду-конкурсу прафесійнага майстэрства трактарыст-машыніст філіяла ВУ “Віцебскторф” УП “Віцебскаблгаз” Аляксандр Крэміс прызнаны лепшым у сваёй галіне.

Дванаццаць гадоў таму кваліфікаванага, талковага трактарыста-машыніста Аляксандра Крэміса запрасілі ў філіял ВУ “Віцебскторф” з Глыбоцкага раёна. Стварылі дастойныя ўмовы для работы, даверылі добрую тэхніку і выдзелілі жыллё, такім чынам замацаваўшы спецыяліста на доўгі час, калі не да канца працоўнага жыцця. І не прагадалі з аддачай: прафесіяналізм разам з адказнасцю Крэміса даюць высокія вынікі ў здабычы торфу. Так, у сёлетнім сезоне на яго рахунку 3598 тон, што складае 224,9 працэнта да гадавога плана.
Аляксандр Уладзіміравіч асвоіў работу з рознымі агрэгатамі і прыкіпеў да новага месца.

У час конкурсу, які праходзіў у Гродне, бездакорна прадэманстраваў веды, уменні і навыкі, чым і заслужыў найвышэйшую ўзнагароду. Удзельнічае ў прафесійных спаборніцтвах не ўпершыню, дасягненні меў і падчас работы на саўгаснай ніве.

У халодны час года, калі тарфяныя палі адпачываюць, Аляксандр перакваліфікоўваецца ў мехатроніка – аператара, які працуе са складаным абсталяваннем па выпуску прадукцыі. З’яўляецца брыгадзірам змены.

Наогул, крулеўшчынскі трактарыст-машыніст-мехатронік у дасканаласці валодае і майстэрствам вадзіцеля, электрыка, слесара. Напрыклад, у філіяле ён асабіста выконваў работы па мантажы асвятляльных электраўстановак.

– Работа трактарыста нідзе не бывае лёгкай, – адгукаецца пра сваю прафесію Аляксандр Крэміс. – А сярод выгод – прыгожыя пейзажы перад вачыма, свежае паветра і добры заробак.
Дарэчы, з сельскімі палеткамі ён так і не развітаўся – час ад часу выязджае разам з калегамі ў філіял “Мазалавагаз”, які належыць “Віцебскаблгазу”.

Калегі – такія ж апантаныя ў працы, нацэленыя на вынік. Нездарма філіял з моманту свайго стварэння робіць стаўку на кадры.

У цэлым транспартная служба ВУ “Віцебскторф” заняла другое месца сярод арганізацый тарфяной прамысловасці ў рэспубліканскім аглядзе-конкурсе прафесійнага майстэрства. Стажыравалі каманду лепшыя інжынерна-тэхнічныя работнікі УП “Віцебскаблгаз”. Між тым наш філіял набраў аднолькавую колькасць балаў з пераможцам – ААТ “ТБЗ Ляхавіцкі”, і толькі розніца ў некалькі хвілін, патрачаных на выкананне заданняў, вырашыла лёс першага месца. 

Ніна КРУКОВІЧ.
Фота з архіва ВУ “Віцебскторф”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *