Докшичанка Данута Лявохо стала лауреатом звания «Человек года Витебщины»
Прэмія “Чалавек года Віцебшчыны” ўручаецца штогод з 2009 года. Сёлета лаўрэатамі ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны – 2023” сталі 50 прадстаўнікоў паўночнага рэгіёна. У іх ліку – наша зямлячка, загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ТЦСАН Данута Лявоха.
Напярэдадні Дня жанчын сустрэліся з Данутай Вацлаваўнай, а таксама яе калектывам – для стварэння больш поўнага дзелавога партрэта гераіні, каб пагаварыць пра яе прафесійнае станаўленне і асновы паспяховай дзейнасці.
У далёкім 1990-м ураджэнка вёскі Старое Сяло, выпускніца Гарадоцкага аграрнага каледжа па спецыяльнасці “юрысконсульт” Дана Лявоха яшчэ не ведала, што далейшы яе лёс не проста стане цесна звязаным з сацыяльнай работай – ёй будзе аддадзена ўсё яе далейшае жыццё. На сённяшні дзень стаж работы Дануты Вацлаваўны ў гэтай галіне складае больш за 33 гады. А тады вельмі адказная і мэтанакіраваная дзяўчына паставіла для сябе чарговую задачу – дасканала засвоіць на практыцы атрыманыя веды і зрабіць першыя крокі ў прафесійным майстэрстве.
Юная юрысконсульт была накіравана на работу ў аддзел сацыяльнага забеспячэння райвыканкама, дзе пачала працаваць спачатку загадчыкам, а затым працяглы час – інспектарам аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму. У працэсе работы пастаянна імкнулася да развіцця і паглыблення ведаў і навыкаў. Нельга было не заўважыць, што Данута Вацлаваўна не проста кваліфікаваны спецыяліст, але і чалавек, які заўсёды прапускае праз сэрца чужы боль, не застаецца абыякавай да чужых праблем. Магчыма, таму, што, як прызналася сама, ёй стала зразумела: сацыяльная работа – яе прызванне. Не вагалася з выбарам ВНУ: паступіла ў філіял Маскоўскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэта і закончыла яго паспяхова па спецыяльнасці “сацыяльная работа”.
На пасадзе загадчыка аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Данута Лявоха працуе з 2002 года. Як адзначае дырэктар ТЦСАН Мар’ян Гігола, Данута Вацлаваўна не проста граматны, прынцыповы спецыяліст, які дасканала ведае сваю справу, – яна ўмее арыентавацца ў складаных абставінах, аператыўна прымаць правільныя рашэнні, валодае выдатнымі арганізатарскімі здольнасцямі. Спецыяліст вылучаецца паўнатой ведання нарматыўных прававых актаў і метадычных дакументаў па пытаннях, якія ўваходзяць у яе кампетэнцыю, настойлівая і паслядоўная ў давядзенні пачатай справы да канца, у калектыве падтрымлівае атмасферу зацікаўленасці ў дасягненні пастаўленых мэт, высокай патрабавальнасці кожнага да сябе ў першую чаргу. Разам з тым калегі і кіраўніцтва звяртаюць увагу на тое, што ўсе пералічаныя вышэй якасці гарманічна спалучаюцца з сардэчнасцю гэтай жанчыны, уменнем суперажываць, імкненнем падтрымліваць у калектыве добразычлівыя адносіны.
Сама ж уладальніца ганаровага звання сціпла гаворыць пра сябе так:
– Па-добраму зайздрошчу тым людзям, якія раздзяляюць прафесійную дзейнасць і асабістае жыццё як дзве асобныя часткі існавання. Мае ж непасрэдныя абавязкі ў восем працоўных гадзін не ўкладваюцца і не “адпускаюць” мяне і дома. Пракручваю ў галаве пражыты дзень, аналізую, што зроблена дасканала, дзе ёсць недапрацоўкі, планую, асэнсоўваю прынятыя рашэнні, часта крытыкую сябе. Па маім разуменні, інакш немагчыма, калі працуеш з людзьмі. Тым больш з тымі, хто мае патрэбу ў нашым штодзённым клопаце, нашай дапамозе.
За шматгадовую добрасумленную работу і высокія вынікі Данута Лявоха мае цэлы шэраг узнагарод як раённага, так і абласнога ўзроўню. У студзені 2023 года занесена на Дошку гонару раённага выканаўчага камітэта. Сцвярджае, што работу сваю вельмі любіць і лічыць самай лепшай, самай высакароднай у свеце. І сумнявацца ў гэтым не прыходзіцца.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.