Медсестра, фельдшер, помощник врача. Профессиональный путь Ирины Гараниной из Вилейки

img_9113

Кажуць, што з гадамі сапраўдны медык не чарсцвее душой. Успрымае чужы боль як свой і дапамагае пацыенту, як роднаму. Памочнік урача агульнай практыкі Бярозкаўскай бальніцы сястрынскага догляду з урачэбнай амбулаторыяй Ірына Гараніна адна з такіх.

– Як крылы вырастаюць за плячыма, калі бачу, што чалавеку пасля медыцынскай дапамогі палепшала, і моцна перажываю, калі лячэнне не дае выніку, – шчыра кажа яна. – Кожны раз думаю: што яшчэ можна было зрабіць, каб паправіць яго стан?

Канечне, на цяперашняй пасадзе Ірына Рамуальдаўна не прымае ключавых рашэнняў па назначэнні лекаў – у амбулаторыі ёсць доктар. Іншая справа – быць загадчыкам ФАПа, калі сам на прыёме, дыспансерызацыі, планавых і экстранных выездах. Свой Вілейскі ФАП Ірына пакінула толькі каля двух гадоў назад – пасля яго закрыцця, таму добра ведае, якая адказнасць ляжыць на плячах фельчара.

Прыехала ў Вілейку ўраджэнка Крулеўшчыны ў 1987 годзе пасля заканчэння Полацкага медвучылішча. Выйшла замуж за мясцовага хлопца і засталася там на ўсё жыццё. На той час у зоне абслугоўвання знаходзілася пяць вёсак, дзе пражывала з паўтысячы чалавек. Калі ў 2009 годзе Ірыну перавялі на паўстаўкі, яна ўладкавалася яшчэ і ў Бярозкаўскую амбулаторыю ўчастковай медсястрой. Некаторы час нават выконвала абавязкі загадчыка бальніцы: яе сур’ёзны падыход да працы не застаўся незаўважаным.

Некалькі гадоў назад участковая медсястра стала памочнікам урача і сапраўды імкнецца быць для яго правай рукой.

– Васілій Міхайлавіч Чыграй працуе тут з 2013 года – вопытны, кампетэнтны, спагадлівы, – расказвае пра доктара Ірына Рамуальдаўна. – Трымае строгую дысцыпліну, але заўжды прыслухоўваецца да персаналу.

Зараз Бярозкаўская бальніца абслугоўвае 27 вёсак, у якіх жыве 576 чалавек, з іх 32 дзіцяці. Радыус абслугоўваемай зоны вялікі, на яе аб’езд патрабуецца нямала часу. Вёскі наведваюць па графіку – кожную раз у месяц, як і інвалідаў І групы. У распараджэнні бальніцы аўтамабіль медыцынскай дапамогі, на якім работнікі таксама выязджаюць на экстранныя выклікі і пры неабходнасці дастаўляюць пацыентаў у раённую бальніцу.

У амбулаторыі можна здаць аналізы, зрабіць кардыяграму, вызначыць узровень глюкозы ў крыві, памераць артэрыяльны і ўнутрывочны ціск, здаць экспрэс-тэст на каранавірус, вызначыць вагу і рост.

Тут жа абуладкаваны асобны кабінет для прыёму пацыентаў з павышанай тэмпературай цела.

Найбольш частыя захворванні на бярозкаўскай зоне – сардэчна-сасудзістыя, як і ў другіх рэгіёнах. Лякарствы можна набыць у аптэчным пункце, які размяшчаецца ў амбулаторыі, а таксама ў Вітуніцкім ФАПе.

– У адносінах з людзьмі стараюся быць цярплівай, – зазначае Ірына Рамуальдаўна. – Памятаю, неяк знаёмая ў час маёй працы на ФАПе, назіраючы за частымі і доўгімі візітамі вясковых бабуль, спыталася, як вытрымліваю такі “націск”. “Гэта мая работа”, – проста адказала ёй. Насамрэч выслухаць пацыентаў – гэта і маральная падтрымка, асабліва пажылым, адзінокім. Медык павінен быць чалавечным.

На работу Ірына Гараніна ездзіць з Вілейкі, дзе калісьці разам з мужам пабудавалі дом. Родная вёска мужа стала роднай і для яе. Тут выгадавалі сына і дачку, якія зараз жывуць у Мінску. Дзеці часта наведваюць бацькоў, і кожны іх прыезд – свята ў хаце. Асабліва цешацца старэйшыя Гараніны маленькай унучкай. Ірына прапагандуе ў сям’і здаровы лад жыцця, бо, назіраючы не адно дзесяцігоддзе за пацыентамі, упэўнілася, што здароўе і ёсць шчасце.

Ніна КРУКОВІЧ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *