Комсомольцев-подпольщиков вели на расстрел через через весь Бегомль…
Штораніцы, калі ступаю на ганак сваёй школы, погляд спыняецца на мемарыяльнай дошцы з прозвішчамі камсамольцаў-падпольшчыкаў, якія былі па-зверску замучаны фашыстамі ў чэрвені 1942 года, перанеслі нечалавечыя пакуты, але выстаялі, не здрадзілі ні таварышам, ні Радзіме. А ім было крыху больш, чым мне цяпер.
Самымі маладымі былі дзевятнаццацігадовыя Уладзімір Таракан і Уладзімір Ганчар. Старэйшы – трыццацітрохгадовы Фёдар Буланда. Ніне Бычынскай – дваццаць дзевяць. Кіраўніку падполля Якаву Шаўцову – дваццаць шэсць, да вайны ён працаваў дырэктарам школы.
Дзевяць дзён трымалі фашысты камсамольцаў у турме, збівалі да паўсмерці, але тыя маўчалі. На расстрэл іх вялі праз увесь Бягомль, босых, без верхняй вопраткі, Валодзю Таракану звязалі рукі калючым дротам. Потым усіх расстралялі і кінулі ў агульную яму. Сваякам не дазволілі іх пахаваць. Толькі пасля таго як у снежні 1942 года партызаны брыгады “Жалязняк” вызвалілі Бягомль ад фашыстаў, родным і знаёмым удалося пахаваць забітых на могілках.
Ніна Бычынская знайшла спачын у Брацкай магіле, якая знаходзіцца ў цэнтры Бягомля, Валодзя Таракан і Фёдар Буланда – на Бягомльскіх могілках.
…Гартаю кнігу “Памяць” Докшыцкага раёна, слухаю аповед супрацоўніцы Бягомльскага музея народнай славы пра тыя часы і думаю: а ці здолеў бы я так? Ці хапіла б сіл, вытрымкі вынесці пакуты, што выпалі на долю гэтых юнакоў?..
Я шчаслівы, што жыву ў мірны час, вучуся, адпачываю і сплю спакойна. Але за маім шчасцем – аддадзеныя жыцці тых, хто восемдзесят гадоў таму набліжаў Перамогу, але сам яе не сустрэў.
Максім ШАРКЕВІЧ,
вучань 10 класа
Бягомльскай СШ імя
С.С. Манковіча.
https://vm.tiktok.com/ZMkLEQKnY/
https://vm.tiktok.com/ZMkLEgsud/