Начальник участка добычи торфа в агр. Крулевщина Игорь Басов гордится своим предприятием

basov-t

У намінацыі “Лепшы работнік паліўнай, нафтавай і газавай гаспадаркі” раённага спаборніцтва па выніках мінулага года стаў Ігар Басаў, начальнік участка здабычы торфу філіяла ВУ “Віцебскторф” УП “Віцебскаблгаз” у агр. Крулеўшчына.

На цяперашняй пасадзе Ігар Генадзьевіч больш за дваццаць гадоў. У тарфяную галіну, як сам кажа, яго прывёў лёс. Сам з Лужасна, дзе і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай з Крулеўшчыны, навучэнкай мясцовага каледжа. Аказалася, што бацькі Алены з сярэдзіны 60-х працуюць на торфазаводзе. Прычым бацька Аркадзій Карняенка – начальнік вытворчасці.

Маладыя вырашылі прадоўжыць дынастыю (Алена зараз намеснік начальніка эканамічнага аддзела “Віцебскторфа”). Ігар адразу ўладкаваўся грузчыкам, дзе плацілі вялікія па тых часах грошы. А хутка сям’і выдзелілі кватэру – гэта быў таксама вырашальны фактар, каб моцна трымацца за прадпрыемства. Між тым, кар’ера адукаванага і кемлівага работніка пайшла ўверх: спачатку ён быў назначаны майстрам змены, потым начальнікам цэха пажыўных грунтоў, пазней – начальнікам аддзела тэхнічнага кантролю. А з 2002 года яго поле дзейнасці – сапраўды вялізнае поле плошчай пад тысячу гектараў: тарфяное радовішча “Жураўлёўскае”.

– Работа наша спецыфічная: калі дождж – здабыча спыняецца, – расказвае Ігар Генадзьевіч. – А ў гарачае надвор’е на полі ад рання да змяркання, каб не ўпусціць час, бо сезон кароткі. На “Жураўлёўскім” здабываецца прыкладна 40 тысяч тон торфу ў год.

У міжсезонне Ігар Басаў займаецца работамі, звязанымі з перапрацоўкай торфу, і рамонтам поля.

– Радуюся кожнаму дасягненню нашага філіяла: няхай гэта ўстаноўка новага прэса, пакупка МАЗа ці абуладкаванне фантана на тэрыторыі, – кажа Ігар Генадзьевіч. – А ў цэлым калектыў ганарыцца высокімі вытворчымі паказчыкамі, значным укладам у эканоміку краіны.

Ніна КРУКОВІЧ.
Фота з архіва ВУ «Віцебскторф».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *