Помощник врача Бегомльской районной больницы Евгения Ярошевич рассказала о ходе диспансеризации

img_0576-s

Памочнік урача Бягомльскай раённай бальніцы Яўгенія Ярашэвіч у сферы аховы здароўя раёна працуе дзесяць гадоў. У родны населены пункт вярнулася пасля заканчэння Барысаўскага медкаледжа з дыпломам фельчара-акушэра ў кішэні. Была медсястрой у санаторыі “Баравое”, а ў час пандэміі ўладкавалася ў мясцовую райбальніцу.

Пасаду памочніка ўрача давяраюць чалавеку, кола абавязкаў якога досыць шырокае і знаходзіцца дзесьці пасярэдзіне: гэта ўжо не медыцынская сястра, але яшчэ і не доктар. І гэта пасада вельмі запатрабаваная ў прафесійнай супольнасці, бо памочнік урача па амбулаторна-клінічнай дапамозе можа працаваць практычна ў любой галіне.

Выконваючая абавязкі загадчыка Бягомльскай райбальніцы Марыя Волк працу Яўгеніі Васільеўны характарызуе так:

– Кемлівы, вопытны спецыяліст. З абавязкамі сваімі спраўляецца на выдатна. Дзяўчына мясцовая, ведае пацыентаў, іх хваробы, спадчынныя прычыны, што вельмі важна пры зборы анамнезу. Да таго ж займаецца пытаннямі дыспансерызацыі, выязджае на ўчасткі, а населеных пунктаў у нас багата.

Што тычыцца дыспансерызацыі, то, як зазначае Яўгенія Ярашэвіч, да яе ў многіх пацыентаў стаўленне як да “абавязалаўкі”. Хаця гэта зусім не так. Менавіта дзякуючы дыспансерызацыі на самых ранніх стадыях можна не “праміргаць” шэраг захворванняў і не запусціць хваробы да стану хранічных ці яшчэ горш. Часта падчас дыспансерызацыі выяўляюцца фактары рызыкі для развіцця анкалагічнага, сардэчна-сасудзістага захворвання ці, скажам, цукровага дыябету. Паверце, стан пераддыябету кантраляваць значна прасцей, чым дацярпець да канкрэтнай пастаноўкі дыягназу, які, дарэчы, мае спадчынныя фактары рызыкі. Людзі старэйшага пакалення да свайго здароўя адносяцца больш, так бы мовіць, паважана, а вось моладзь часта грэбуе чарговым абследаваннем: маўляў, арганізм малады – што яму будзе? Не трэба тлумачыць пра неабходнасць штогадовага наведвання медустановы і тым, каму патрабуецца рэцэпт на лекі. Як і ва ўсе часы, у спісе самых складаных пацыенты з асацыяльным ладам жыцця, якія нідзе не працуюць, злоўжываюць алкаголем.

Да Бягомльскай раённай бальніцы прымацаваны больш за чатыры тысячы чалавек, дыспансерызацыю прайшло працэнтаў пад трыццаць ад гэтай колькасці. Большасць прыходзяць на агляд з-за кантролю за гэтым пытаннем з боку работадаўцы. Аналізы крыві і мачы можна здаць кожны працоўны дзень, біяхімію – па асобным графіку (матэрыял накіроўваецца ў Докшыцкую ЦРБ). У аглядавым кабінеце працуе акушэрка, маецца апарат ЭКГ, рэнтген-апарат. Аднак для змяншэння прамянёвай нагрузкі флюараграфію пацыентам рэкамендуюць лепш зрабіць у райцэнтры.

І апошні, але самы важкі плюс дыспансерызацыі: працэдура гэта для грамадзян бясплатная. Усе выдаткі, як кажуць, лягуць на бюджэт. Да таго ж можна атрымаць накіраванне да вузкапрофільных спецыялістаў у медустановы Віцебска. Чаму б не скарыстацца такой магчымасцю?

Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *