Свидетели раскрыли ужасные подробности трагедии деревни Сосновая Бегомльского сельсовета
На прыкладзе адной беларускай вёсачкі раскажам, як бязлітасна ламала чалавечыя лёсы ваенная машына і як не забываецца трагедыя ў памяці нашчадкаў. Гэта гісторыя як напамін пра вялікую каштоўнасць свабоды, набытай краінай. А Дзень народнага адзінства – добрая нагода, каб у чарговы раз адчуць сілу яднання са сваім народам – шматпакутным, але гераічным.
У вёсцы Сасновая Бягомльскага сельсавета – у раёне яе часцей называюць Сасноўкай, а да 1964 года гэты населены пункт афіцыйна называўся П’яны Лес – стаіць абеліск у памяць пра загінуўшых у час Вялікай Айчыннай вайны. На ім лаканічны надпіс: “Здесь захоронено 96 мирных жителей и 2 партизана д. Сосновая, зверски замученных и расстрелянных немецкими фашистами 1 июня 1943 года”. Сведкі раскрылі жудасныя падрабязнасці тых падзей…
…Намеснік дырэктара Бягомльскай сярэдняй школы імя С.С. Манковіча Ала Сушко – апантаны краязнаўца, палымяны патрыёт. Такімі ж яна стараецца выхаваць і вучняў. На працягу свайго настаўніцкага шляху Ала Міхайлаўна не толькі з любоўю распавядала дзецям пра родную зямлю, але і непасрэдна знаёміла з памятнымі мясцінамі Докшыччыны падчас паходаў.
– Мы наведалі Шунеўку, Вітунічы, Вілейку, Жамойск, Асавы, Таўшчы, Чупры, Кліннікі, Гарэлае і іншыя вёскі, якія сутыкнуліся з небывалым зверствам фашыстаў, – паведаміла Ала Міхайлаўна. – Сустракаліся з людзьмі, якія цудам засталіся жывымі. Напрыклад, з Аляксандрам Канстанцінавічам Гілько з Навасёлак, які выйшаў з агню, дзе згарэлі яго мама і трохгадовы брат. З Любоўю Рыгораўнай Батура, якая засталася круглай сіратой, страціўшы сваіх блізкіх 22 чэрвеня 1943 года, калі нацысты палілі вёскі Кліннікі і Гарэлае.
Родам Ала Сушко з вёскі Запалле, дзе ў чэрвені 1943 года ад бамбёжак згарэла хата яе бабулі, і тая з малымі дзецьмі ледзь уратавалася. Родны брат прадзядулі Алы Міхайлаўны разам з жонкай спалены ў Шунеўцы. І калі настаўніца наведвае мемарыял, кожны раз са шчымлівым сэрцам падыходзіць да месца, дзе стаяла хата яе родзічаў. Адбітак ліхалецця на долі яе сям’і абвастрае пачуццё невыказнага жалю да ўсіх ахвяр вайны.
Сярод выхаванцаў бегамльчанкі таксама былі нашчадкі вогненных вёсак. Адзін з іх, Аляксандр Хмялінка, стаў актыўным удзельнікам збору матэрыялаў пра Сасноўку, дзе яго прадзядуля і прабабуля ўратаваліся ад смерці, калі фашысты палілі вёску…
Сумесна з вучнямі Ала Сушко сабрала ўспаміны сведак і іх родных пра трагедыю П’янага Лесу.
Таццяна Гайдук, былая жыхарка в. Сасновая, у 1943-м ёй было дзевяць гадоў:
“Раніцай, гадзін у дзесяць, у П’яны Лес прыехалі немцы. Мама, Ганна Савельеўна Ставер, схапіла мяне і майго малодшага браціка Валодзю і кінулася ў жыта, якое расло за хлявамі.
А ў вёсцы стала рабіцца страшнае. Людзей пачалі зганяць у вялізны хлеў. Крычалі так, што сэрца сціскалася ад страху. Калі падпалілі хлеў, стала вельмі горача. Каб мой чатырохгадовы брацік не плакаў, мама закрывала яму рот рукамі. А я ў гэты час адпаўзла і згубіла іх.
У вёсцы жыло шмат нашых сваякоў, загінулі ў гэты дзень усе, у тым ліку і мая бабуля Алеся Ільінічна Ставер. Ёй было 58 гадоў.
Увечары пачалі збірацца ўцалелыя жыхары вёскі. Яны страцілі сваіх родных, сваіх дзетак. Плач стаяў такі, што, здаецца, плакала ўсё наваколле. Хаты былі спалены ўсе да адной.
Пасля вайны мы жылі ў зямлянцы: мама, я, мой малодшы брат і Васілій Герасімёнак, які застаўся адзін, бо ўсе яго сваякі былі спалены. Яму было 15 гадоў.
Не дай Бог нікому таго, што давялося перажыць нам”.
З пратакола апытання сведкі М.А. Герасімава:
“У чэрвені 1943 года ў вёску П’яны Лес прыехала група немцаў-эсэсаўцаў у колькасці каля 20 чалавек. Яны акружылі вёску, сабралі на выгане мужчын, жанчын, старых, дзяцей і расстралялі. Дзяцей забівалі аб зямлю і кідалі ў хлеў, пасля падпалілі. А таксама шмат расстрэльвалі ў хляве. Параненыя згарэлі, гэта 96 чалавек, з іх 6 мужчын, а астатнія 90 – жанчыны і дзеці. У ліпені зноў прыехалі немцы і на полі расстралялі двух мужчын. Таксама прыязджала докшыцкая паліцыя, вельмі збівалі жанчын, дабіваліся, дзе партызаны”. (Кастрычнік 1943 г.)
Ірына Цімафяёнак, ураджэнка в. Сасновая:
“Мой дзядуля Васіль Рыгоравіч Гайдук (у 1943-м яму было 13 гадоў), калі немцы зганялі людзей, схаваўся са сваім сябрам Сяргеем Паляком у пуні пад сенам. Леглі адзін з аднаго краю, другі з другога. Праз некалькі хвілін зайшоў немец, узяў вілы і пачаў пратыкаць сена, але павесці віламі ўбок не здагадаўся. Хлапчукі засталіся жывымі.
Калі мае землякі ўспаміналі той дзень, на іх вачах блішчалі слёзы: яны зноў і зноў перажывалі тую страшную падзею. Я ўдзячна лёсу, што ён збярог жыццё майму дзядулю, а значыць, падарыў і мне”.
Аляксандр Хмялінка, былы вучань Бягомльскай школы:
“Калі ў вёску прыехалі немцы, мая прабабуля Надзея Якаўлеўна Ставер кінулася ў жыта. Калі яна паўзла да лесу, то так моцна прыціскалася да зямлі, што локці і калені садрала ледзь не да касцей. Уцёк і прадзядуля Васілій Аляксеевіч Герасімёнак.
Прабабуля страціла сваю мачаху, стрыечных сясцёр і брата.
Родная цётка прабабулі Фядора Базылёва ў той дзень пайшла з іншымі жанчынамі ў Зембін па карову, а сваіх малых дзяцей – Розу (1941 г.), Тамару (1937 г.), Вячаслава (1939 г.) – пакінула ў суседкі. А калі прыйшла, то ні вёскі, ні дзяцей…
Прадзядуля застаўся адзін з усёй сям’і – ён страціў маму, сястру і брата. Яго ўзяла да сябе ў зямлянку Ганна Савельеўна Ставер”.
Надзея Ставер, жыхарка г.п. Бягомль:
“Мой дзядуля Еўдакім Васільевіч Гайдук нарадзіўся ў 1900 годзе ў вёсцы П’яны Лес. Быў калгаснікам, але яго, як і іншых мужчын вёскі, у лістападзе 1937 года арыштавалі. У снежні асудзілі да вышэйшай меры пакарання і ў студзені 1938-га расстралялі. Рэабілітавалі 9 мая 1959 года.
Ці можна было назваць майго дзядулю кулаком або ворагам народа? Вядома, не. Які багацей з бацькі адзінаццаці дзяцей?
На плечы бабулі Анастасіі Сцяпанаўны ўзваліўся ўвесь цяжар выхавання дзяцей. Эпідэмія тыфу забрала жыцці сямі з іх. На пачатак вайны з ёй былі толькі Міша, Толя, Феня (мая мама) і Надзя.
1 чэрвеня 1943-га бабуля і яшчэ сем жанчын з вёскі хадзілі ў Зембін па сваіх кароў, якіх сагналі немцы. Калі вярнуліся, убачылі злавесную карціну…
Хлеў, у якім палілі людзей, крыху не дагарэў. Яны падышлі і праз шчылінку ўбачылі попельную постаць жанчыны з дзіцём. Калі адчынілі дзверы, падзьмуў вецер, і фігура рассыпалася.
Бабуля пайшла шукаць дзяцей. Хлопчыкі, якія вярнуліся з лесу, паведамілі, што бачылі, як Феня з Надзяй беглі па полі.
Феню бабуля знайшла. Дзяўчынка расказала, што ўцякала ад фашыстаў разам з Надзяй – яны паўзлі па жытнім полі. І калі ім здалося, што небяспека мінула, усталі, але побач аказаўся немец. Ён схапіў малых, аднак Феня вырвалася і пабегла. Азірнуўшыся, убачыла, як фашыст прыставіў аўтамат да скроні сястры і націснуў на курок…
…Надзю пахавалі на вясковых могілках. Загарнулі ў саматканы абрус, на дно магілкі і зверху на дзіця паклалі бярозавыя галінкі.
Старэйшы сын бабулі Анатоль, 1925 года нараджэння, таксама выратаваўся, а ў ліпені 1944-га пайшоў на фронт і ў кастрычніку загінуў. Потым накіраваўся на фронт і сын Міша. Паліцаі мелі намер расстраляць іх маці, але ў рэшце рэшт пакінулі ў спакоі.
Доўга шукала бабуля, дзе пахаваны сын. І калі ўжо ёй было каля сямідзесяці гадоў, прыйшоў ліст, дзе ўказвалася, што Анатоль знайшоў спачын недалёка ад Калінінграда ў брацкай магіле. Яна з’ездзіла да яго…”
P.S. Феня Гайдук, мама Надзеі Ставер, назвала яе, сваю старэйшую дачку, у гонар сястрычкі, жыццё якой так жорстка абарваў нямецкі кат.
Ян Сасноўскі, пракурор Докшыцкага раёна:
– На Докшыччыне нямецка-фашысцкія захопнікі знішчылі каля 200 населеных пунктаў, амаль усе – разам з насельніцтвам. Усяго загінула больш за 20 тысяч чалавек.
Тэма генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны – адна з самых актуальных, якія абмяркоўваюцца ў краіне. У выніку распачатага Генеральнай пракуратурай крымінальнага працэсу па расследаванні генацыду ўстанаўліваюцца новыя факты злачынстваў. Пракуратура раёна, раённы аддзел Следчага камітэта таксама плённа працуюць у гэтым напрамку: праводзяць допыты, аглядаюць месцы злачынстваў і пахаванняў, даследуюць архіўныя дакументы па знішчэнні мясцовага насельніцтва ў гады вайны. Дарэчы, докшыцкія следчыя і пракурорскія работнікі ўнеслі свой уклад у расследаванне вядомай крымінальнай справы ў адносінах да карніка Уладзіміра Катрука, які, у прыватнасці, меў дачыненне да расправы над жыхарамі Хатыні і вёскі Асавы Бягомльскага раёна.
Падрыхтавала Ніна КРУКОВІЧ.