Порплищенская средняя школа отпраздновала 140-летний юбилей
Парплішчанская сярэдняя школа ўрачыста адзначыла свой 140-гадовы юбілей. Святочнае мерапрыемства з гэтай нагоды прайшло на мінулым тыдні з удзелам шматлікіх гасцей.
Сярод іх – намеснік старшыні райвыканкама Аксана Палачаніна і начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Дзмітрый Парцянка, якія ў ранейшы час узначальвалі гэту ўстанову і дасягнулі высокіх паказчыкаў у яе развіцці, старшыня Парплішчанскага сельскага Савета дэпутатаў Сяргей Лісіца, старшыня РК прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Ягорава, галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі, а ў мінулым намеснік дырэктара Парплішчанскай СШ Алена Кучыц, старшыня ААТ “Барсучанка” Сяргей Маскалёнак, настаяцель Спаса-Праабражэнскага храма протаіерэй Віктар Гмір, кіраўнікі ўстаноў адукацыі раёна, ветэраны педагагічнай працы, выпускнікі, бацькі навучэнцаў.
На працягу вечара ў адрас школы гучалі сардэчныя віншаванні і добрыя словы прызнання. На сцэне выступілі госці, педагогі, навучэнцы і іх бацькі.
Аксана Палачаніна пажадала калектыву далейшых поспехаў, творчых ідэй і іх рэалізацыі.
Дырэктар школы Генадзь Шульга выказаў выступоўцам шчырую ўдзячнасць за падтрымку і супрацоўніцтва.
Падчас мерапрыемства прысутныя ўспомнілі этапы станаўлення ўстановы, былых кіраўнікоў і педагогаў, знакамітых выпускнікоў.
У цяперашні час амаль 89 % работнікаў школы – гэта яе выпускнікі. Установа першая ў раёне атрымала статус “Зялёнай школы”, носіць яго і зараз. Тут адкрыты і першы на Докшыччыне клас аграрнай накіраванасці, з таго часу выйшлі тры выпускі, і, напрыклад, у мінулым годзе 80 % выпускнікоў агракласа выбралі для паступлення ўстановы сельскагаспадарчага профілю.
Школа вядома не толькі педагагічнымі знаходкамі, дыхтоўнай падрыхтоўкай вучняў, але і дагледжанай тэрыторыяй, на якой размешчаны цудоўны дэндрапарк і шматлікія клумбы. А парплішчанскія кветкі, расада якіх вырашчана клапатлівымі рукамі дзяцей і дарослых, красуюцца ў цёплы сезон у многіх куточках раёна.
За плённую педагагічную дзейнасць, дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення і ў сувязі з 140-годдзем з дня заснавання ўстановы калектыў Парплішчанскай СШ узнагароджаны Ганаровай граматай райвыканкама. Ганаровай граматы раённага Савета дэпутатаў удастоена настаўнік пачатковых класаў Ларыса Ждановіч. Падзяка старшыні райвыканкама аб’яўлена настаўніку хіміі і біялогіі Ганне Маркевіч. Заслужаныя ўзнагароды ўручаны таксама іншым работнікам школы.
Апладысментамі вітала зала ветэранаў педагагічнай працы, якія сваёй самазабыўнай працай стварылі слаўныя старонкі летапісу школы. У той жа час была ўшанавана памяць настаўнікаў, якіх ужо няма побач.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота з архіва школы.