В отделении социальной реабилитации, абилитации инвалидов Докшицкого ТЦСОН всегда придут на помощь
Адна з галоўных задач аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў ТЦСАН – сацыялізацыя наведвальнікаў. Людзі, якія прыходзяць сюды, адразу трапляюць у рукі не проста высакакласных спецыялістаў, а ў першую чаргу спагадлівых, нераўнадушных і вельмі добрых работнікаў сацыяльнай сферы, якія стараюцца знайсці да кожнага інваліда індывідуальны падыход, зрабіць усё, каб той навучыўся самастойнасці і адчуваў сябе нароўні з навакольнымі.
– Напэўна, самы дзейсны спосаб сацыялізацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі – гэта адаптацыя да працоўнай дзейнасці, – гаворыць загадчык аддзялення Таццяна Баравікова. – Сёлета па спецыяльнасці “Вытворца рытуальных вянкоў і карзінак” працавала Анастасія Баброўская. Насця скончыла Бягомльскую спецыялізаваную школу-інтэрнат. Пасля вучылася на швачку ў Полацкім хіміка-тэхналагічным каледжы. Вярнулася ў Докшыцы і год працавала ў Докшыцкім КБА. У сакавіку гэтага года прыйшла да нас. Прайшла працатэрапію і ўладкавалася ў аддзяленне прыбіральшчыцай.
Насця – творчая асоба. Асабліва ёй падабаецца вышываць. З’яўляецца валанцёрам аддзялення, актыўна дапамагае ў арганізацыі мерапрыемстваў. У прынцыпе, больш упэўнена адчувае сябе якраз у камандзе. Жыве Анастасія ў інтэрнаце на вуліцы Школьнай. Сябруе з актывісткамі з суседняга шматпавярховіка, добраўпарадкаванне якога лічыцца адным з найлепшых у райцэнтры. У гэтым ёсць і яе заслуга: Насця з радасцю адгукаецца на прапанову паліць ці прапалоць клумбы. А яшчэ яна вельмі любіць хатніх жывёл. Ніколі не праходзіць міма кінутых кацянят, абавязкова пакорміць і прылашчыць.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.