Человеком слова и дела является директор ОАО «Бегомльское» Александр Новицкий

АН 152 с
За ўсё важней – давер людзей

Чалавек слова і справы. Гаспадар, і не толькі ў маштабе ўласнай сядзібы. Вопытны і паспяховы кіраўнік. Шчыры патрыёт сваёй краіны. Любячы сын, муж, бацька і брат. Мужчына з дакладным разуменнем свайго прадвызначэння. Сённяшняя гутарка за кубачкам кавы – з дырэктарам ААТ “Бягомльскае” Аляксандрам НАВІЦКІМ.

Аляксандр Веньямінавіч, чаму менавіта сельская гаспадарка?

– Не магу адказаць на ваша пытанне ўрачыста: маўляў, толькі і бачыў сваё будучае ў гэтай галіне. Усё нашмат празаічней. Закончыў я восем класаў у Глінным. Паўстала пытанне: што далей? Бацькі параілі: едзь, сыне, у Расію, пад крыло да сястры, якая жыла пад Себежам. Пачатак дзевяностых быў, неспакойныя часы, смутныя. Зразумела, што тата з мамай перажывалі, каб усё добра са мной было. Я і паехаў. А там паступіў у тэхнікум, дзе атрымаў спецыяльнасць агранома. Служыў у расійскай арміі, а пасля пайшоў у міліцыю, два з паловай гады адпрацаваў у турме строгага рэжыму. Даслужыўся да лейтэнанта, быў начальнікам атрада. Сустрэў сваё каханне, ажаніўся, нарадзілася старэйшая дачка. Здавалася б, усё ідзе належным чынам. Аднак сэрца да службы не ляжала, было складана ў матэрыяльным плане, з жыллём. Вярнуўся з сям’ёй дадому. Без сантыментаў: дома і сцены грэюць. А калі там яшчэ і родныя людзі…

Пайшоў у калгас “Камунар” брыгадзірам. Год не мінуў – “Камунар” увайшоў у склад “Зары камунізму”, дзе брыгадзіры былі непатрэбныя, і я стаў вадзіцелем, два гады круціў баранку. Аднойчы мяне выклікаў старшыня калгаса Уладзімір Мяфодзьевіч Новікаў і сказаў: “Стаўлю цябе загадчыкам комплексу “Гліннае”. Адмовы не прымаюцца”. Упіраўся: і адукацыі патрэбнай не было, і на комплексе тым поўная разруха. Перажываў страшэнна: з чаго пачынаць? Але ж найцяжэй, пакуль з месца. Трынаццаць гадоў аддаў гэтай справе, паднялі комплекс, вобразна кажучы, з руін. Завочна адвучыўся ў Віцебскай ветакадэміі, і апошнія паўтара года сумяшчаў работу загадчыка комплексу з пасадай галоўнага заатэхніка. Яшчэ паўтара – быў намеснікам ужо ў новага дырэктара ААТ “Таргуны”. Звольніўся, а тут якраз паступіла прапанова ўзначаліць сельгаспрадпрыемства “Ломашы”, якое па вытворчых паказчыках сярод 12 гаспадарак Глыбоччыны займала 11-е месца. За пяць гадоў “Ломашы” сталі ў рэйтынгу другімі, уступаючы толькі “Мнюце”.

Далейшы мой шлях – работа на Пастаўшчыне. Ствараўся холдынг, куды мяне запрасілі намеснікам дырэктара па сельскай гаспадарцы. Усё там складвалася выдатна, і гэта былі тры паспяховыя, напоўненыя цікавай работай гады.

Новы этап – запрашэнне ўжо ад банка развіцця ўзначаліць “Бягомльскае”. Раздумваў, канешне. Вырашальную ролю сыграла тое, што, вярнуўшыся дадому, буду пастаянна знаходзіцца з сям’ёй, якая па-ранейшаму жыла ў Глінным. І вось два гады я на гэтай пасадзе. Напружаным быў 2024-ы, але наша каманда дастойна справілася з пастаўленай задачай – рэканструкцыю фермы “Дабрунь” правялі нават датэрмінова. Мы ж і камплектацыю “Дабруні”, што павінна завяршыцца ў кастрычніку, закончым, думаю, у красавіку. Зямель дабавілі нам замастачанскіх дзве тысячы гектараў – спраўляемся апрацоўваць іх той жа колькасцю тэхнікі, што і была. Сярэдняя зарплата ў нашай гаспадарцы – 2054 рублі. Развіваемся.

Які ён, Ваш стыль кіраўніцтва, як Вы да яго прыйшлі?

– Дысцыпліна і парадак – гэта найважнейшае для мяне не толькі ў калектыве, але і ўвогуле ў жыцці. Ні ў якім разе не трэба ўспрымаць гэта як штосьці катэгарычнае, тыранічнае. Проста калі вакол сябе ствараеш парадак, можаш разумна распараджацца сваім часам, сваімі здольнасцямі, не дазваляеш сабе быць расхлябаным у вучобе, справе, выкананні штодзённых абавязкаў і задач, ты не толькі не ўскладняеш сабе жыццё, а нашмат яго спрашчаеш і да ўсяго робіш больш цікавым і прывабным, бо маеш у такім выпадку нашмат больш часу на адпачынак і зносіны з дарагімі людзьмі. Крах жа напаткае вялікую справу, у якой не выконваліся, як трэба, маленькія штодзённыя задачы.

Ну а “трэці кіт” – праславуты чалавечы фактар. Упэўнены: колькі б у кіраўніка ні было падначаленых – дзесяць, сто ці тысяча, трэба, каб кожны з іх яму давяраў і яго паважаў. Трэба адпавядаць: каб было за што паважаць і каб былі асновы для даверу. Таму выслухай кожнага, хто да цябе звярнуўся, зразумей, абмяркуй праблему ці прапанову, даруй чалавеку, калі той аступіўся і асэнсаваў, дапамажы, калі можаш. Не можаш – патлумач, чаму. Паабяцаў – у блін распляскайся, але зрабі. Не адкрыю Амерыку: усё, што зыходзіць ад цябе, да цябе ж і вяртаецца.

Стымуляваць чалавека – гэта вельмі важна. Вось у нас прэмія даецца не толькі за высокія паказчыкі, але і за адносіны да справы, ініцыятыўнасць, парадак на рабочых месцах, гатоўнасць дапамагчы. Напрыклад, што такое ферма? Гэта вечныя праблемы. І якое шчасце чуць ад загадчыка: у нас усё добра. І бачыць гэта сваімі вачыма. Хіба ж тыя работнікі ў такім разе не заслугоўваюць матэрыяльнага стымулявання? А далей ланцужковая рэакцыя: гэты калектыў прэміравалі – іншыя падцягнуцца.

Яшчэ вось падумаў: чаму гарачае харчаванне арганізавана толькі для тых, хто працуе ў полі? Гэта ж здароўе людзей. Таму ў хуткім часе ў нас пачне працаваць сталовая на тэрыторыі мехдвара, дзе і МТК “Бягомль” побач. Праводзім ужо кастынг кухараў, думаем пра ўнутранае афармленне залы, пра тое, як прыгожа аздобіць тэрыторыю звонку. Не сумняваюся, паслугі сталовай будуць запатрабаваны.

Калі пачынаў сваю працоўную дзейнасць у органах, мне шмат далі курсы па псіхалогіі. Штосьці закладзена ў сям’і, штосьці прыйшло з вопытам. Я не назваў бы гэта стылем кіравання, а назваў бы дастойнымі чалавечымі зносінамі.

Уявіце сябе віцязем за раздарожжы. Калі не сельская гаспадарка, якую б яшчэ дарогу змаглі асіліць?

– Мой жыццёвы дэвіз: не бойся работы – яна цябе павінна баяцца. Думаю, гэта перакананне дапамагло б рэалізавацца ў розных сферах. Алгарытм жа адзін: якой бы справай ні заняўся, спачатку трэба закасаць рукавы – атрымаць веды, набыць практычны вопыт, развіць у сабе дальнабачнасць і, зноў-такі, знайсці кантакт з людзьмі, наладзіць працэс. Далей ужо можна атрымліваць маральнае задавальненне ад таго працэсу і матэрыяльную карысць.

Поспех для Вас – крылы, яшчэ большы цяжар адказнасці ці штосьці іншае?

– У маім разуменні поспех – задаволенасць і дабрабыт людзей, за якіх узяў адказнасць. Няма гэтага – пра які поспех можна гаварыць, нават калі і ёсць некаторыя станоўчыя зрухі? Часовымі яны будуць. А калі ёсць сістэма, калі кожны дакладна разумее, як працуе ўвесь механізм, якая ў гэтай працы яго роля і на што ён можа разлічваць, сумленна выконваючы свае абавязкі, поспех абавязкова будзе.

У такім выпадку няўдача – удар пад дых ці яшчэ адзін каштоўны вопыт?

– Няўдача, калі не апускаць рукі, – усяго толькі праверка на трываласць, адзін з урокаў, які дае жыццё. Паўтаруся: ні ў якім разе не апускаць рукі! Штосьці пайшло не так – а ў сельскай гаспадарцы многае залежыць, як кажуць, ад нябёсаў – зрабі аналіз сітуацыі, прадумай усе магчымыя выхады з яе – і наперад! Каб асіліць дарогу, трэба па ёй ісці, інакш ніяк. Ды і ўсё, што даецца малымі сіламі, менш цэніцца. Адзін чалавек, якога глыбока паважаю, гаварыў: цяжка – знайдзі таго, каму гэтак жа нялёгка, схавайцеся ад людскіх вачэй, выгаварыцеся, паплачцеся адзін аднаму – і за справу. Трымаюся такога прынцыпу.

Якія рысы Вашага характару заклаліся генетычна, якія – у дзяцінстве?

– Бацькі мае – простыя людзі. Мама Акуліна Пятроўна ўсё жыццё працавала даяркай, тата Веньямін Міхайлавіч – вадзіцелем. Але атрыманне адукацыі дзецьмі – нас чацвёра – было для іх нечым святым. Тата часта паўтараў: “Сын, вучыся”. І я разумею зараз: куды б ні накіраваў мяне лёс, я абавязкова вучыўся б. Бацькі заклалі ўва мне, мабыць, працавітасць, любоў да акуратнасці, парадку, навучылі адносіцца з павагай да старэйшых, не заносіцца перад тымі, хто слабейшы, цаніць шчырыя адносіны. Проста заўжды былі годным прыкладам ва ўсім.

Прадоўжыце, калі ласка, выказванне: сапраўдны мужчына ніколі не…

– …не здрадзіць сваім прынцыпам і сваёй сям’і. Мама заўжды казала пра шлюб: дай бог адным кавалкам падавіцца. Гучыць грубавата, але гэта так. Стварыў сям’ю – будзь ёй верным да скону дзён, надзейнай апорай для жонкі, прыкладам для дзяцей. Так важна, каб у дарослых ужо дзяцей і іх дзяцей быў бацькоўскі дом, куды яны заўжды могуць прыехаць, і там іх разам сустрэнуць родныя мама і тата. Таму для мяне і маіх блізкіх “скачкі” з аднаго шлюбу ў другі недапушчальныя.

Тады трошкі пра Вашу сям’ю.

– Мая дарагая і верная спадарожніца Надзея Міхайлаўна выдатна разумее мае клопаты, бо сама працуе ў сельскай гаспадарцы, зараз – у райветстанцыі. Дочкі Карына і Ксенія ўжо дарослыя, абедзве па спецыяльнасці хімікі. Толькі Карына ўжо замужам, працуе, а Ксенія яшчэ студэнтка, вучыцца на трэцім курсе ўніверсітэта. Як бацька дзяўчатак, я шчаслівы, што яны нашы з Надзеяй настаўленні не прапускалі міма вушэй, што знайшлі свае шляхі ў жыцці, што ў нас цёплыя адносіны любячых бацькоў і дзяцей. Мы дачок у дзяцінстве не песцілі залішне – кожная лішняя капейчына трацілася і прыберагалася на іх адукацыю. Увогуле зараз знаходжуся ў цудоўным трайным статусе – сын, муж, бацька. І мара мая простая – як мага даўжэй быць сынам і займець чацвёрты статус – дзеда.

Вы жорсткі крытык самога сябе?

– Спадзяюся, у мяне адэкватная самаацэнка. Атрымалася штосьці – дах не зносіць, не атрымалася – не пасыпаю галаву попелам. Проста стаўлю перад сабой паэтапныя задачы, якія імкнуся вырашаць, абапіраючыся на свае веды, разлічваючы на свае сілы і, калі магчыма, на чыюсьці дапамогу. Важна іх, задачы, ставіць разумна, і тады не давядзецца біцца аб скалы, не могучы справіцца з задуманым, і займацца самаедствам.

Вясковае жыццё з аглядкай: а што скажуць людзі? – гэта пра Вас?

– А як жа! Што скажуць людзі – гэта важна. Ну вось як ты можаш ушчуваць работніка, скажам, за п’янства, калі сам гэтым грашыш ці хтосьці з тваёй сям’і? Я не магу дапусціць беспарадку на ўласнай сядзібе яшчэ і па той прычыне, што скажуць: у Навіцкага дома бардак, а ён хоча, каб на фермах клумбы ды газоны былі.

Якія маленькія паўсядзённыя радасці грэюць душу Аляксандра Навіцкага?

– Зноў-такі сямейныя. Прыехаў да мамы – стараюся рабіць гэта штодня – і яна здаровая і ўсім задаволеная. Адразу светла на душы. Патэлефануюць дочкі, падзеляцца сваімі радасцямі – для мяне радасць удвайне. На працы і ў мяне, і ў жонкі добра дзень прайшоў, і вячэрні сумесны адпачынак ці нейкі занятак – зноў пазітыў.

Ці падарыла Вам жыццё сяброў? Ці сталі Вы камусьці надзейным сябрам?

– Ведаеце, у мяне да сяброўства настолькі высокія патрабаванні, што я даволі многіх людзей, з кім знаходжуся ў добрых зносінах, усё-такі магу назваць прыяцелямі, таварышамі, а вось сябрамі – не. Адпаведна і сябе ў такую катэгорыю не магу ўнесці. Ну не магу абясцэньваць глыбокае паняцце і кідацца ўпустую высокімі словамі. Мой адзіны сябар – гэта мой брат. Многіх люблю, паважаю, цаню, а вось адно цэлае – толькі з ім.

Як Вы лічыце, што нельга дараваць чалавеку?

– Блізкаму – здраду. Астатнім лепш дараваць усё, бо боль, крыўда, якія вам нанеслі, разбураюць, калі гэта не адпусціць, менавіта вас, а не тых, хто гэта зрабіў. А ўвогуле ўсе праблемы, усе вострыя тэмы трэба прагаворваць, ні ў якім разе не замоўчваць – ні на рабоце, ні ў сям’і. Гэтым можна ўратаваць безліч адносін і пазбегнуць безлічы канфліктаў і непаразуменняў.

Калі б Вы ведалі, што можна нарадзіцца яшчэ раз і выбраць пры гэтым месца і час нараджэння, якую б краіну і які час выбралі?

– Не магу сказаць. За сваё жыццё быў толькі ў Расіі і ва Украіне. Але, думаю, каб і аб’ехаў увесь свет, душа б ірвалася дадому. Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся. Гэта выказванне для мяне не пусты гук. Жыць трэба там, дзе пуп закапаны. І, які б ні быў на дварэ час, у любых абставінах імкнуцца быць Чалавекам.

Гутарыла Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *