Узнали, как работает новый центр по обслуживанию населения и аварийная служба Докшицкого РГС
Карэспандэнты “РВ” пабывалі ў цэнтры па абслугоўванні насельніцтва Докшыцкага раёна газазабеспячэння. Адкрыты ён трохі больш за год таму пасля рэканструкцыі аб’ектаў арганізацыі.
“Адно акно”
Тэрыторыя РГЗ ва ўсе часы была прывабнай і дагледжанай, а пасля апошняга маштабнага абнаўлення ў рамках Праграмы комплекснай мадэрнізацыі вытворчасцей газавай сферы на 2021–2025 гг. за кошт рэспубліканскага бюджэту набыла самы сучасны выгляд і з’яўляецца ўпрыгажэннем горада.
У цэнтр па абслугоўванні насельніцтва зроблены асобны ўваход з вуліцы Маякоўскага, побач з якім спецыяльна для наведвальнікаў пашырана аўтастаянка.
Заходзім унутр. Аздабленне хола адміністрацыйнага будынка, дзе і знаходзіцца цэнтр, выканана ў блакітных, белых і шэрых колерах. Устаноўлены электронная панель і манітор з інфармацыяй для спажыўцоў газу. У чаканні чаргі можна адпачыць на ўтульнай канапе.
А за шклянымі перагародкамі размешчаны два рабочыя месцы для прыёмшчыкаў заказаў. У час рэдакцыйнага прыезду на змене была Алена Ясючэня, якая ўладкавалася ў цэнтр у верасні мінулага года.
Алена Іосіфаўна расказала нам пра службовыя абавязкі прыёмшчыка і працоўную атмасферу.
Зрэшты, можна было і не гаварыць, бо мы самі ўсё пачулі і пабачылі – наша інтэрв’ю часта перарывалася тэлефоннымі званкамі і візітамі людзей.
Алена прымала па тэлефоне заяўкі на ўстаноўку і замену газавага абсталявання, дастаўку балонаў і іншыя. Адказвала на пытанні пра аплату за газ, перазаключэнне дагавораў, газіфікацыю домаўладанняў, замену абсталявання. Разлічвала наведвальнікаў за пакупку газавага абсталявання і матэрыялаў, малалітражныя балоны і пажыўныя грунты – прадукцыю адпускаюць на складзе РГЗ.
Пры гэтым Алена нязменна заставалася ветлівай, уважлівай да кожнага суразмоўцы, сустракала ўсіх з усмешкай.
– Добразычлівасць – адна з галоўных рыс, якая неабходна для нашай работы, – заўважае яна. – Але разам з тым патрэбен пастаянны самакантроль, каб не памыліцца ў запісе даных і разліках.
З удзячнасцю прызнаецца, што калегі ахвотна дапамагаюць разбірацца ў нюансах работы, у тым ліку яе напарніца – трохі больш вопытная Таццяна Лобач. Немалаважна, што для Алены было арганізавана навучанне на спецыяльных курсах. А яшчэ яна задаволена ўмовамі працы – графікам і камфортам.
Тэлефоны службы “Адно акно”: 162; 2-30-04; 8(033)641-76-06.
– Цэнтр створаны з мэтай паляпшэння якасці абслугоўвання жыхароў раёна, цяпер усе пытанні яны могуць вырашыць у адным месцы, – далучаецца да размовы начальнік РГЗ Васіль Яленскі. – Работа па аказанні паслуг арганізавана па заяўным прынцыпе “Адно акно”. Тут вядзецца не толькі прыём заявак, але і ўлік спажыўцоў газу, дагаворная работа, кансультацыі. З адкрыццём цэнтра з’явілася магчымасць падзяліць абавязкі прыёмшчыкаў заказаў на абслугоўванне ў “Адным акне” – з аднаго боку – і прыём “рамонтных” і “аварыйных” заявак – з другога.
Кругласутачная дапамога
А мы пераходзім якраз на другі бок хола, дзе адгароджана шкляной сценкай аварыйна-дыспетчарская служба. На змене знаходзіўся дыспетчар Аляксандр Ярыжанец – у мінулым педагог, вядомы ў раёне спартсмен і вядучы канцэртных праграм. У філіяле працуе дваццаць чатыры гады і задаволены як функцыяналам, заработнай платай, сацыяльным пакетам, так і згуртаванасцю калектыву.
Аглядаемся ў яго “апартаментах”. На стале – некалькі тэлефонаў і рацыя, іх спраўнасць дыспетчар абавязаны правяраць кожны раз пры заступленні на змену. Па тэлефонах, адзін з якіх з агульнавядомым нумарам 104, прымаюцца заяўкі.
Мноства пераваг у працы даюць усталяваныя ў РГЗ мультыпраграмныя комплексы. Аляксандр Пятровіч прадэманстраваў на маніторы камп’ютара некалькі прыкладаў іх выгод.
– Можам назіраць за выкананнем заяўкі ў рэжыме анлайн, – кажа ён і паказвае на карце месцазнаходжанне сваёй аварыйна-рамонтнай брыгады. – Акрамя гэтага, пасля ўвядзення ў камп’ютар адраса заяўніка сістэма адразу выдае нам “газавы пашпарт” домаўладання: якая пліта ці кацёл устаноўлены, калі абсталяванне праходзіла тэхагляд ці тэхабслугоўванне. Больш за тое, брыгада тут жа атрымоўвае звесткі пра камунікацыі, якія ідуць да патрэбнага будынка.
На сцяне насупраць рабочага стала дыспетчара – вялікі манітор, па якім паралельна неабходна адсочваць стан спраў на газарэгулятарных пунктах. З дапамогай тэлеметрычных тэхналогій перадаюцца паказчыкі іх работы. У выпадку няштатных сітуацый разумная сістэма сама падасць сігнал, і брыгада тут жа накіруецца на ўстараненне адхіленняў ад нормы.
Аляксандр Ярыжанец працуе ў адной звязцы са слесарам Вадзімам Падлешчуком і кіроўцам аўтамабіля Аляксандрам Жаўнеркам. А ўсяго ў РГЗ сфарміравана чатыры аварыйна-рамонтныя брыгады. Працуе “аварыйка” кругласутачна.
Як і прыёмшчык цэнтра па абслугоўванні насельніцтва Алена Ясючэня, Аляксандр Ярыжанец камунікабельны, далікатны ў зносінах. Ён заўсёды напагатове вырашыць любое рабочае пытанне. На такіх прафесіяналах і трымаецца прэстыж газавай службы раёна.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.