Есть контакт! Премьера фильма «Культурный код» прошла в Докшицах

photo_2024-09-05_14-48-46

На чарговай рэдакцыйная лятучцы, калі размяркоўваліся заданні на тыдзень, мне выпала пабываць на прэм’еры мастацка-дакументальнага фільма “Культурны код”, які адначасова прэзентавалі па ўсёй краіне 5 верасня. У гэты дзень кінасеансы было два: для школьнікаў у 14 гадзін і для дарослых – у 17. Прасцей за ўсё было пайсці з дарослымі, аднак, як маці падлетка, хацелася “прамацаць” моладзевы асяродак. Мы ж не шукаем лёгкіх шляхоў.

Да гонару настаўнікаў, якія суправаджалі дзяцей, трэба сказаць, што глядацкая зала запоўнілася цалкам і акурат у час. Падлеткі, як і заўсёды – гаманлівыя, вясёлыя, крыху адвыклыя ад школы пасля трох месяцаў канікул, як бы сказалі яны самі, “на лайце”.

Відавочна, пачуўшы пра тое, што яны ідуць глядзець кіно пра дзяржаўныя сімвалы, хлопцы і дзяўчаты чакалі ўбачыць на экране штосьці кшталту даведкі з Вікіпедыі… Аднак кінасеанс пайшоў зусім па іншым сцэнарыі.

З экрана дыялог пачалі два студэнты, будучыя выпускнікі Акадэміі мастацтваў, Ваня і Ліза, якія атрымалі ад майстра курса творчае заданне зняць у якасці дыпломнай работы… кіно пра дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь. Ліза была, мякка кажучы, не ў захапленні ад таго, што зрабіць гэта трэба хутка, а Ваня ўвогуле скептычна ставіўся да дзяўчыны-рэжысёра, маўляў, не жаночая гэта справа. У выніку пошукі матэрыялу пераўтварыліся ў захапляльнае падарожжа: яны пабывалі ў розных месцах і шмат даведаліся. А яшчэ падалося, што напрыканцы паўгадзіннага фільма студэнты і глядзець пачалі адзін на аднаго зусім па-іншаму: з цеплынёй, пяшчотай і, магчыма, першым каханнем…

Што можна сказаць пра кіно? Выдатная, як па мне, спроба расказаць моладзі пра дзяржаўныя сімвалы на іх мове і ў арыгінальнай падачы. Фільм не зацягнуты, імклівы і лёгкі. Ну а калі ў апошнія хвіліны паказу з экрана загучала мелодыя дзяржаўнага гімна, дзеці спачатку няўпэўнена, з аглядкай адзін на аднаго, а потым ужо і больш смела пачалі выконваць гімн, сэрца страпянулася: гэта было смела, шчыра і так кранальна. І значыла, што рэжысёрская задача, якая, дарэчы, падобна і да журналісцкай місіі – зробленым матэрыялам выклікаць эмоцыю, атрымалася. Кантакт з аўдыторыяй ёсць!

Наталля СТАШЭВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *