Международное сотрудничество с Российской Федерацией активно поддерживается в Докшицком районе
У Беларусі і Расіі 2 красавіка штогод на дзяржаўным узроўні адзначаецца Дзень яднання народаў.
У 1996 годзе ў гэты дзень быў падпісаны Дагавор аб стварэнні Супольнасці Беларусі і Расіі, у адпаведнасці з якім было вырашана стварыць палітычна і эканамічна інтэграваную супольнасць у мэтах аб’яднання матэрыяльнага і інтэлектуальнага патэнцыялу абедзвюх дзяржаў. Праз год, 2 красавіка 1997 года, у Маскве Прэзідэнты Беларусі і Расіі падпісалі Дагавор аб Саюзе.
Асноўнымі мэтамі стварэння Саюза было імкненне павысіць узровень жыцця народаў, умацаваць братэрскія адносіны, сяброўства і супрацоўніцтва ў палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай і іншых сферах.
Беларусь карыстаецца вялікай папулярнасцю ў расійскіх турыстаў дзякуючы сваёй транспартнай даступнасці. Камфорт яны знаходзяць як у беларускай кухні, так і ў культуры, традыцыях, адпачынку.
– Докшыцкі раён таксама мілы сэрцам расіян, – лічыць старшы інспектар групы па грамадзянстве і міграцыі Докшыцкага РАУС Ганна Ліпніцкая. – Толькі ў мінулым годзе ў нашых санаторыях “Баравое” і “Лясное”, а таксама ў аграэкасядзібах адпачыла 2226 грамадзян Расіі.
Многія ўвогуле перабіраюцца жыць у Беларусь. Напрыклад, летась наш раён для часовага пражывання выбралі 15 расіян. Дазволы на пастаяннае пражыванне атрымалі 33 замежныя грамадзяне, восем з іх – расіяне.
Міжнароднае супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй актыўна падтрымлівае культурная галіна раёна.
Сяброўству з гарадамі-пабрацімамі Докшыц – Дзмітрыевым Курскай вобласці, а таксама пасёлкам Палкіна і горадам Пячоры Пскоўскай – больш за дзесяць гадоў.
Вялікае значэнне ў наладжванні і развіцці супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі адводзіцца Рэспубліканскаму фестывалю дружбы і мастацтва “Дзве ракі” і фэсту траў “Жыватворная сіла”, якія праходзяць у нашым горадзе і ў мерапрыемствах якіх штогод прымаюць удзел дэлегацыі з Расіі.
Цесныя партнёрскія адносіны падтрымлівае на працягу некалькіх гадоў з Дзмітрыеўскім краязнаўчым музеем імя А.Ф. Вангенгейма Бягомльскі музей народнай славы.
Летась у межах выязной экспедыцыі, арганізаванай Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур, на базе Докшыцкага раёна творчую стажыроўку прайшла дэлегацыя беларусаў замежжа.
Творчыя калектывы нашага раёна актыўна ўдзельнічаюць у міжнародных конкурсах і фестывалях. У мінулым годзе дэлегацыя з Докшыц прадставіла на ВДНГ у Маскве турыстычны, прамысловы і культурны патэнцыял раёна.
З цікавасцю наведвальнікі выставы знаёміліся з прадукцыяй хлебазавода і завода “Ветразь”, з задавальненнем дэгуставалі беларускія стравы, прадстаўленыя клубам нацыянальнай кухні і гульні “Шчадроўка”. Не меншы інтарэс выклікала Докшыцкая батлейка Патупчыка.
Запамінальным быў і ўдзел майстроў раённага Дома рамёстваў у фестывалі нацыянальных культур “Вуліца сяброўства” ў межах юбілейнага Х Форума рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі ў г. Уфа.