30 лет назад Докшицкий УЭС стал первым местом работы для двух одноклассников
7 мая – ДЗЕНЬ РАБОТНІКАЎ РАДЫЁ, ТЭЛЕБАЧАННЯ І СУВЯЗІ
Больш за трыццаць гадоў таму Докшыцкі ўчастак электрасувязі для кабельшчыка-спайшчыка Андрэя Куксінскага і электрамеханіка Вячаслава Глінскага стаў першым месцам работы. На працягу гэтага часу абодва майстры абслугоўваюць населеныя пункты Бягомльскага сельсавета – сваёй малой радзімы. Дарэчы, як гавораць яны самі, гэта вельмі дапамагае ім у прафесійнай дзейнасці. Часам у вырашэнні рабочых пытанняў, напрыклад, пракладцы новых ліній электрасувязі ці рамонце пашкоджаных, якраз выручае асабісты давер абанентаў.
– Электрасувязь цікавіла з дзяцінства, бо ў гэтай сферы працавалі айчым, дзядзька, сусед, – гаворыць Андрэй Мікалаевіч. – Так склалася, што і ў арміі служыў у войсках сувязі. Магчыма, таму пасля звальнення са службы адразу пайшоў пытацца пра месца ў электрасувязі. У Бягомлі якраз дзейнічаў асобны ўчастак. Працавала чалавек пятнаццаць. Абслугоўвалі, рамантавалі, будавалі паветраныя лініі радыёвяшчання і тэлефаніі. Населеных пунктаў на Бягомльшчыне вельмі многа. Шмат прыходзілася хадзіць пешшу па палях, па лясах, бо лініі не заўсёды пракладваліся ўздоўж дарог. Зімою – на лыжах. Па кіламетраў пятнаццаць намотваеш, пакуль агледзіш усе паветраныя правады і знойдзеш, дзе той абрыў. Спецыфіка нашай работы такая, што тэхналогіі не стаяць на месцы. Пасля паветраных ліній прыйшлі кабельныя. Цяпер – эпоха оптавалакна. Разам з эвалюцыяй сувязі час патрабуе перакваліфікацыі сувязістаў. Пастаянна вучымся, раз у пяць гадоў абавязкова наведваем спецыяльныя курсы.
Аднакласнік Андрэя Куксінскага Вячаслаў Глінскі ў электрасувязь прыйшоў таксама пасля службы ў арміі. Гаворыць, што ў рабоце захапляюць зносіны з людзьмі.
– Асаблівасць нашай дзейнасці ў тым, што дапамога можа спатрэбіцца абанентам і днём, і ноччу, – гаворыць Вячаслаў Уладзіміравіч. – Асабліва ў цяперашні час, калі жыццё немагчыма ўявіць без Інтэрнэта, тэлебачання, тэлефона. У бліжэйшых планах “Белтэлекам” – перападключэнне бягомльскай зоны на оптавалаконныя лініі. Вось-вось распачнуцца работы – і ўжо ў наступным годзе нашы землякі атрымаюць доступ да больш сучасных якасных паслуг электрасувязі.
– Андрэй і Вячаслаў – адны з самых адказных работнікаў нашага прадпрыемства, – адзначае начальнік УЭС Віктар Шаўцоў. – Вопытныя, адказныя, надзейныя! Акрамя насельніцтва, на іх абслугоўванні знаходзяцца такія буйныя арганізацыі, як Бягомльскі лясгас, завод “Ветразь”, санаторыі “Баравое” і “Лясное”. Два-тры разы на тыдзень, у залежнасці ад заявак абанентаў, у Бягомль выдзяляецца транспарт, на якім работнікі выязджаюць па зваротах грамадзян. Карыстаючыся выпадкам, хочацца сказаць вялікі дзякуй усім работнікам “Белтэлекам”, а таксама павіншаваць з прафесійным святам нашых ветэранаў працы, якія з’яўляюцца для кожнага з нас прыкладам адданасці працы.
На абслугоўванні Андрэя Куксінскага і Вячаслава Глінскага знаходзіцца дзевяць вузлоў перадачы даных (Бягомль, Вітунічы, Пруднікі, Бярозкі, Бераснёўка, Беразіно, Дамашкавічы, Замасточча, Будачы).
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.