С полной отдачей трудится механизатор ОАО «Барсучанка» Павел Анашкевич

IMG_9000

Сярод работнікаў ААТ “Барсучанка” шмат сапраўдных прафесіяналаў, якія працуюць на высокім узроўні і не баяцца цяжкасцей. Механізатар Павел Анашкевіч, хоць ужо і знаходзіцца на заслужаным адпачынку, чалавек там патрэбны і паважаны. Яшчэ б: працуе ён так, што маладзейшым не ўгнацца. Неаднаразовы пераможца і прызёр раённых спаборніцтваў. Яго імя заносілася на раённую Дошку гонару.

У “Барсучанцы” Павел Яўстаф’евіч з 2006 года. Да гэтага 23 працоўныя гады былі аддадзены камбінату будаўнічых матэрыялаў, які дзейнічаў у Варганах. Там таксама быў на добрым уліку за стараннасць, адказнасць і нязменную якасць работы.

У сельгаспрадпрыемстве, як і большасць калег, Павел Анашкевіч універсал. Выдатна праяўляе сябе на ворыве: верны МТЗ-1523, з любоўю дагледжаны, своечасова адрамантаваны, не падводзіць. Надыходзіць пара корманарыхтоўкі – чапляе да яго ПІМ. У мінулым годзе на адвозцы зялёнай масы заняў трэцяе месца ў раёне. У перапынках паміж асабліва гарачымі перыядамі сядлае другога свайго жалезнага каня – МТЗ-320 у счэпцы з кормараздатчыкам – і шчыруе на малочнатаварнай ферме “Порплішча”. Патрэбна перакінуцца на якісьці яшчэ фронт работы – калі ласка.

Колькі адзінак тэхнікі яму прыйшлося асвоіць за жыццё, зараз і не прыпомніць. І да кожнай патрэбна было прыкласці рукі, разабрацца ў тонкасцях настройкі і рамонту. Нязменным жа для Паўла Анашкевіча было імкненне працаваць з поўнай аддачай. Як адзначае кіраўніцтва гаспадаркі, такіх сумленных і працавітых работнікаў, як Павел Яўстаф’евіч, яшчэ трэба пашукаць. Любую даручаную справу ён выконвае якасна і ад усёй душы перажывае за агульны вынік. Сам жа, як чалавек сціплы, на пытанне пра аснову поспеху адказвае проста: “Працую, каб не сорамна было, і не чакаю за сваю працу ўзнагарод”.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *