К уборке озимого ячменя приступили в сельхозпредприятиях Докшицкого района

IMG_7307 с

Сельгаспрадпрыемствы раёна прыступілі да ўборкі азімага ячменю. Па тэмпах на старце жніва лідарства трымаюць ААТ “Таргуны”,  ДП “АграСітцы” і ААТ “Барсучанка” – 32,7, 26,5 і 21,4 працэнта плошчаў адпаведна, па ўраджайнасці – ААТ “Таргуны” – 35,3 цэнтнера з гектара.

На сітцаўскія палеткі за вёскай Заборцы патрапілі не адразу: трымаючы курс на старую ферму, праехалі лішніх паўкіламетра. Затое пашанцавала ў іншым плане: механізатарам прывезлі абед, і нам не давялося гайсаць па перыметры поля, каб “злавіць” камбайнераў, – самі пад’ехалі. Два Дзмітрыі – Міхалевіч і Аганесян – прыступілі да жніва ў гаспадарцы, пры гэтым Дзмітрый Аганесян – першым у раёне.

– Сёння мы працуем на ўчастку з меншай ураджайнасцю, – распавёў Дзмітрый Артаваздавіч, – хаця не завяршылі яшчэ работу ля чыгуначнага пераезда на станцыі Параф’янава. Ёсць там месцы, дзе камбайн не проста буксуе, а вязне, таму і прынялі такое рашэнне з надзеяй на сонечнае і цёплае надвор’е ў бліжэйшыя дні, каб глеба падсохла. Вось-вось да нас далучыцца камбайнер Аляксандр Кудзерка, і справа пойдзе хутчэй. Толькі б неба не падвяло.

…Адвечнае спадзяванне хлебароба на міласць нябёсаў, якія спрыяюць не заўжды. Сіноптыкі і на гэтым тыдні, што пачаўся так хораша, па-ліпеньску спякотна, абяцаюць дажджы. А гэта значыць, цяжкасці з уборкай будуць. Толькі ім, нашым капітанам караблёў палёў, не акружаным, у адрозненне ад марскіх, арэолам рамантычнага флёру, да цяжкасцей тых не прывыкаць і тым больш – не пасаваць перад імі. “Вырашаем праблемы па меры іх паступлення”, – бадзёра запэўнівае Дзмітрый Міхалевіч. “Наш беларускі Аганесян, калі якую гадзіну прастаіць, дык пасля ж паляціць так, што на спартыўнай машыне не дагоніш”, – жартуе механізатар Аляксандр Латковіч, які адказвае за супрацьпажарную бяспеку падчас работы, і ўсе, уключаючы вадзіцеля на адвозцы збожжа Віктара Макатовіча, вадзіцеля, што дастаўляе абеды ў поле, Вацлава Шылько і раздатчыцу Вольгу Аўсейчык, дружна смяюцца. У такой цудоўнай рабочай атмасферы ўздымаецца настрой і ў нас. Нейкі час мы яшчэ забаўляем хлебаробаў здымкай відэа іх работы для нашага сайта. Аднак, заўважыўшы затоеныя агеньчыкі нецярплівасці ў вачах “капітанаў” – кожная ж пагодная хвіліна дарагая! – і нават бусла, які спыніўся побач у чаканні руху камбайнаў, а значыць новых магчымасцей для здабычы ежы, аператыўна закругляемся. Больш за дзве тысячы гектараў азімага ячменю сельгаспрадпрыемствам патрэбна ўбраць у аптымальныя тэрміны пры любым надвор’і, а гэта ўжо не жартачкі.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *