Газовая служба Докшицкого района надёжно и бесперебойно обеспечивает природным газом каждый дом
Работнікі Докшыцкага раёна газазабеспячэння Сяргей Суднік, Юрый Петух і Уладзімір Капытка (злева направа).
Газавая служба раёна надзейна і бесперабойна пастаўляе ў кожны дом блакітнае паліва. А значыць, ад кампетэнтнасці яе прадстаўнікоў залежыць якасць жыцця дакшычан і энергетычная бяспека рэгіёна ў цэлым.
Для Докшыцкага раёна газазабеспячэння не ўласцівая цякучка кадраў – наадварот, работнікі моцна трымаюцца за свае працоўныя месцы, таму што патрапіць сюды – вялікая ўдача. У арганізацыі багатыя традыцыі, згуртаваны калектыў, камфортныя ўмовы працы і высокая заработная плата. Усё, чым у першую чаргу кіруюцца людзі пры выбары работы.
Напрыклад, слесар па абслугоўванні і рамонце вонкавых газаправодаў Сяргей Суднік працуе ў РГЗ з 1999 года. Граматны і адказны спецыяліст, па выніках 2022 года прызнаны лаўрэатам звання “Чалавек года газавай гаспадаркі Віцебшчыны”, з’яўляецца прыкладам у працы для маладзейшых калег. Разам са сваёй брыгадай абслугоўвае трасы вонкавых газаправодаў і газарэгулятарныя пункты, выязджае на зямельныя работы, якія праводзяць іншыя арганізацыі, каб выключыць магчымыя пашкоджанні газаправодаў, падключае да газазабеспячэння жылыя дамы і інш. Газамагістраль Докшыччыны складае каля 300 кіламетраў, і рамонтна-абслуговыя брыгады, у якія ўваходзяць слесары і вадзіцелі, перыядычна абходзяць гэтую адлегласць пешшу, каб не дапусціць уцечкі.
– Работа разнастайная, таму цікавая, – зазначае Сяргей Васільевіч. – Аб’ём вялікі, час праходзіць хутка – не засумуеш.
Вадзіцель “абходкі” Уладзімір Капытка ў гаргазе яшчэ даўжэй – дваццаць сем гадоў. А яго вадзіцельскі стаж наогул пайшоў на пяты дзясятак. Так што за абаранкам ён сапраўдны ас. Але вадзіцелі-газавікі не проста круцяць руль, а нараўне са слесарамі займаюцца рамонтам абсталявання і абуладкаваннем тэрыторый, на якіх яно знаходзіцца. Абкошваюць, фарбуюць і г. д.
Уладзімір Уладзіміравіч – былы воін-інтэрнацыяналіст, падчас службы ў арміі амаль два гады ўдзельнічаў у баявых дзеяннях у Афганістане.
– У баявых умовах навучыўся цаніць дружбу, таму і ў грамадзянскім жыцці імкнуся падтрымліваць з усімі добрыя адносіны, з некаторымі калегамі цесна сябрую і па-за межамі прадпрыемства, – гаворыць ён. – Нягледзячы на тое, што наша работа патрабуе асаблівай пільнасці, напружанасці, яна прыносіць вялікае задавальненне, бо накіравана на карысць людзям.
Вадзіцель другой брыгады па абслугоўванні і рамонце вонкавых газаправодаў Юрый Петух у арганізацыі чатыры гады. Ураджэнец раёна, раней адзінаццаць гадоў працаваў на Мінскім трактарным заводзе, але так і не звыкся з мітуснёй і шумам сталіцы, душа рвалася дадому. Таму паралельна рупліва будаваў у Лапутах дом, каб засяліцца з сям’ёй адразу ва ўласнае жыллё. Зараз Юрый – шматдзетны тата, двое яго хлопчыкаў ужо школьнікі, а малодшаму ўсяго паўтара годзіка.
– Дома прасцей – жыць і працаваць, – кажа Юрый Уладзіміравіч. – Ніколькі не шкадую, што вярнуўся дамоў, бо на радзіме і дыхаецца лягчэй. Да ўсяго пашанцавала з работай: газавая служба раёна заўжды карысталася і карыстаецца аўтарытэтам. Так, абавязкаў шмат, цэлы дзень у руху, тым не менш ні з чым не параўнаць радаснае адчуванне патрэбнасці сваёй працы. А гэта матывуе на далейшую аддачу роднаму прадпрыемству.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.
З гісторыі
Пачаткам газіфікацыі раёна можна назваць жнівень 1968 года, калі ў калгасе «Камсамолец» былі зманціраваны першыя газабалонныя ўстаноўкі (у дамах даяркі Вікторыі Андрыеўскай, бухгалтара Сабіны Шарох і будаўніка Анатоля Ючкавіча).
Наогул газіфікацыя праводзілася ў няпростых умовах. Памяшканне канторы, тады яшчэ Докшыцкага ўчастка Лепельскага міжраённага ўпраўлення газавай гаспадаркі, у якім працавала 11 чалавек, размяшчалася ў вагончыку. З часам вытворчая база паступова адбудоўвалася, пераўвасаблялася, паляпшаліся ўмовы працы. І ўжо 6 верасня 1980 года, напярэдадні прафесійнага свята, калектыў зладзіў наваселле ў пабудаванай канторы.
Працягам стаў увод у эксплуатацыю ў 1974 годзе першай групавой рэзервуарнай устаноўкі звадкаванага вуглевадароднага газу на вуліцы Школьнай у Докшыцах.
А новы этап пачаўся з будаўніцтва сетак прыроднага газу. У 2005 годзе быў пабудаваны газаправод ад газаразмеркавальнай станцыі ў г. Глыбокае да агр. Крулеўшчына.