Начальник лесопункта ГЛХУ «Бегомльский лесхоз» Александр Ковель не из тех, кто ищет лёгкие пути

photo_2025-09-18_10-29-34 с

21 сентября — День работников леса

За добросовестный труд и по случаю профессионального праздника Почетной грамотой райисполкома награжден начальник лесопункта ГЛХУ «Бегомльский лесхоз» Александр Ковель.

Прыемная навіна Аляксандра Уладзіміравіча заспела акурат напярэдадні дня нараджэння, які наш герой адсвяткаваў на бягучым тыдні.

– Практычна двайное свята ў вас штогод, – пачынаю размову з гумару.

– А яно так і атрымліваецца. Дзень работнікаў лясной гаспадаркі адзначаецца ў трэцюю нядзелю верасня, таму вось ужо 21 год у гэты час у нашай сям’і двайное свята. Тым больш што мая жонка Ірына працуе бухгалтарам у лясгасе.

Аляксандр Ковель з той кагорты людзей, што па службовай лесвіцы крочаць паступова, але з толкам, мэтанакіравана. Спачатку бегамльчанін скончыў Барысаўскі лесаагратэхнічны каледж і чатыры гады адпрацаваў лесніком у Бягомльскім вопытна-вытворчым лясніцтве. З 2007 па 2021-ы быў майстрам лесу. А калі прапанавалі ўзначаліць лесапункт, крыху павагаўшыся, згадзіўся. Не з тых ён, хто шукае лёгкія шляхі.

Справа ў тым, што раней, калі ў лясной галіне перабольшвала ручная валка, у Бягомльскім лясгасе дзейнічалі чатыры майстарскія ўчасткі. Але ж час не стаіць на месцы. Справа гэта механізавалася. А Бягомльскі лясгас заўжды быў у флагманах галіны. Пачалі набываць першыя харвестары і фарвардары, вучыць спецыялістаў працаваць на іх, а лесанарыхтоўчыя ўчасткі пакрысе перараслі ў магутную і эфектыўную структурную адзінку – лесапункт. На сённяшні дзень за ім замацавана некалькі дзясяткаў тэхнікі, працуе амаль сорак чалавек.

– Першыя месяцы працы на лесапункце прыгадваю як самы цяжкі для мяне час. Новае месца, вялікія аб’ёмы нарыхтоўкі, тэхніка рознай накіраванасці, адгрузка на вагоны. Галава ішла кругам, – дзеліцца Аляксандр Ковель. – Але вада камень точыць. Унік, уцягнуўся, ды і з калегамі пашанцавала. Калектыў у нас практычна мужчынскі, толькі тры жанчыны займаюцца дакументацыяй. Хлопцы дружныя, каманда спрацаваная. Асабліва гэта адчуваецца падчас работы на разборцы ветравалаў, на якія нашай краіне “шчасціць” практычна штогод. Выязджаем на месца, ацэньваем аб’ёмы, абмяркоўваем тактыку – і пачынаецца ў нашых спецыялістаў доўгая камандзіроўка. Жывуць і працуюць у месцах разгулу стыхіі яны па два тыдні. Лічы, вахта. Ды і тыя, хто застаецца на месцы, загружаны не менш. Па дванаццаць гадзін доўжыцца змена ў лесе, дзе любая недакладнасць у дзеяннях недапушчальная.

Прынамсі малады кіраўнік у сваіх падначаленых карыстаецца аўтарытэтам. Ды і ўвогуле ў лясгасе Аляксандра Ковеля характарызуюць як добрасумленнага, кампетэнтнага і адказнага спецыяліста. Што тычыцца лічбаў, то па выніках работы за 2024 год лесапунктам з выкарыстаннем уласнай шматаперацыйнай тэхнікі нарыхтавана 87,9 тысячы кубаметраў драўніны (109 працэнтаў задання), фарвардарамі перавезена на прамежкавы склад 110 тысяч кубаметраў. Аб’ём таварнай прадукцыі ў супастаўных цэнах выкананы на 108,3 працэнта. Спажыўцам вывезена амаль 15 тысяч кубаметраў дроў, ці практычна 185 працэнтаў да планавага задання.

Трэба сказаць, Аляксандр Ковель шчаслівы не толькі тым, што займаецца патрэбнай і любімай справай. Дома ён клапатлівы шматдзетны бацька – у сям’і выхоўваецца трое дзетак. А яшчэ Ковелі – выдатныя гаспадары. Іх сядзіба, што размешчана ў Бягомлі на вуліцы Маякоўскага, сёлета на святкаванні Дня горада Докшыцы адзначалася сярод лепшых у раёне. А Ірына да ўсяго – адметная рукадзельніца. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота з архіва Бягомльскага лясгаса.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *