Дело батлеечника Потупчика продолжают школьники из деревни Глинное

Архіўны здымак. Глінскія ўдзельнікі пастаноўкі “Цар Ірад”.

Архіўны здымак. Глінскія ўдзельнікі пастаноўкі “Цар Ірад”.

З гэтага года ў Глінскай сярэдняй школе працуе батлейка. Ініцыятар яе стварэння – настаўнік пачатковых класаў, кіраўнік школьнага этнаграфічнага музея “Спадчына” Аксана Самсановіч.

Узнікненню ўласнай батлейкі папярэднічала вялікая праектная работа вучняў пад кіраўніцтвам Аксаны Іванаўны. Разам яны даследавалі тэму батлейкавага тэатра на Беларусі, знаёміліся з гісторыяй развіцця адпаведнага мастацтва на Докшыччыне і дзейнасцю народнага калектыву “Докшыцкая батлейка Патупчыка”.

Затым агульнымі сіламі дзяцей і дарослых змайстравалі двух’ярусную скрыню для пастановак і вырабілі лялек-персанажаў. Першы спектакль, падрыхтаваны юнымі артыстамі, называўся “Цар Ірад” – добра вядомы аматарам лялечнага мастацтва. Яго паглядзелі амаль усе вучні школы. Далей была велікодная пастаноўка, а самая свежая – да Дня маці.

Гледачы ў захапленні: новае заўсёды выклікае непадробную цікавасць. Важнае значэнне мае батлейкавы пачын і для творчай рэалізацыі саміх артыстаў.

– Зразумела, наша батлейка грунтуецца на вопыце докшыцкай, – расказвае Аксана Самсановіч. – Калектыў “Докшыцкая батлейка Патупчыка” мае выдатныя напрацоўкі і заслужыў шмат узнагарод у разнастайных конкурсах. А Глінская школа рада працягваць традыцыі гэтага цяпер ужо рэдкага мастацтва, дзякуючы якому моладзь яшчэ раз можа пераканацца ў незвычайным багацці духоўнай і культурнай спадчыны.

Дарэчы, з мінулага года ў Докшыцах падчас Рэспубліканскага фестывалю сяброўства і мастацтва “Дзве ракі” праходзіць адкрыты конкурс традыцыйных батлеечных тэатраў “Батлейка Патупчыка запрашае”, удзельнікам якога з’яўляецца і наш народны калектыў. Правядзенне гэтага конкурсу на радзіме знакамітага лялечніка сімвалічнае, і хочацца думаць, што ў будучым да яго таксама далучацца батлейкі ўстаноў адукацыі раёна.

Батлейка – старажытны від беларускага мастацтва, які ўнёс вялікі ўклад у развіццё тэатра лялек. У пачатку ХХ ст. вялікай славай у народзе карысталася батлейка докшыцкага акцёра-самародка Патупчыка. Яго тэатр увайшоў у гісторыю гэтага віду мастацтва Беларусі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *