Этнографический центр «Вецяра» включен в туристический маршрут Докшицкого района
Сёння — Дзень работнікаў культуры
Этнаграфічная сядзіба “Вецяра”, што размясцілася ў аднайменнай вёсцы непадалёк ад райцэнтра, за невялікі прамежак часу стала прыцягальным месцам як для жыхароў, так і для гасцей Докшыччыны. Наведвальнікаў не зусім звычайнага панадворка сустракае гаспадыня ў нацыянальным строі – загадчык філіяла “Этнаграфічная сядзіба “Вецяра” Вольга Квачонак.
– Сваю дзейнасць этнакультурны цэнтр пачаў у 2022 годзе, – апавядае Вольга Мікалаеўна. – Урачыстае адкрыццё прымеркавалі да фэсту траў “Жыватворная сіла”, і нездарма. На тэрыторыі сядзібы расце больш за 100 відаў лекавых раслін і тых, што выкарыстоўваюцца як спецыі, а таксама пладова-ягадныя кусты. Летам водар стаіць непаўторны.
На панадворку зроблены акуратныя дарожкі, усталяваны каваныя арэлі і лаўкі, а таксама вялікая і ўтульная драўляная альтанка. Сёлета да сядзібы падведзена вада.
Сам будынак падзелены на два пакоі, у адным з якіх размясціўся міні-музей сялянскага побыту. Зараз у ім налічваецца каля сотні прадметаў: прылады працы, мэбля, вырабы з лазы, гліны, воўны і іншыя. Колькасць экспанатаў папаўняецца пастаянна.
– Вялікі дзякуй жыхарам вёскі, што дзеляцца рэчамі, якія засталіся ад бацькоў, дзядоў і прадзедаў, – кажа Вольга Квачонак. – Надзея Карніловіч, напрыклад, перадала патэльню, саматканыя посцілкі. Акрамя гэтага, яна разам з Інай Яшкевіч дапамагае праводзіць мерапрыемствы. Вось як і сёлетнюю Дзясятуху – свята, якое адзначаецца на дзясятым тыдні пасля Вялікадня і ўласціва толькі нашай вёсцы.
Дарэчы, для розных узроставых груп ва ўстанове падрыхтаваны фальклорныя праграмы ў адпаведнасці з народным календаром. Наведвальнікі знаёмяцца з прадметамі побыту сялян, прымаюць удзел у народных забавах, майстар-класах ад раённага Дома рамёстваў. Вольга Мікалаеўна частуе гарбатай з духмяных лекавых траў і расказвае пра іх гаючыя ўласцівасці. Акрамя гэтага, прапануе гасцям пакаштаваць стравы беларускай кухні, прыгатаваныя ў печы.
– Іх рэцэпты я ведаю з дзяцінства: матуля Валянціна Іванаўна Казачонак навучыла. Яна жыве тут, у вёсцы, – з цеплынёй у голасе кажа Вольга. – Ведаеце, у печы яшчэ трэба ўмець гатаваць, гэта не тое, што на пліце. Вось ад мамы і пераняла розныя сакрэты. У страву магу штосьці дадаць сваё, але асноўныя інгрэдыенты застаюцца нязменнымі.
Завіхацца з пачастункам гаспадыні таксама дапамагаюць удзельнікі клуба нацыянальнай кухні і гульні “Шчадроўка”.
Беларуская гаворка, народныя гульні і песні, адметныя нацыянальны стравы і само месца, дзе праходзяць мерапрыемствы, ствараюць карцінку традыцыйнага сялянскага жыцця нашых продкаў. Самага сапраўднага, без штучнасці. І адбываецца гэта дзякуючы таму, што работнікі культуры з душой адносяцца да сваёй справы.
Вольга Квачонак выдатна спраўляецца з роллю гаспадыні этнасядзібы. Сама мясцовая, нарадзілася і жыве тут, у Вецяры. Таму ведае вясковы ўклад жыцця, як кажуць, знутры.
Сямнаццаць гадоў мінула з моманту, як тагачасны начальнік аддзела культуры райвыканкама Інга Журомская прапанавала маладой жанчыне загадваць этнаграфічным музеем, што меліся стварыць у вецяранскім клубе. Экспазіцыя была адкрыта, але дзейнічала яна не вельмі доўга. Таму ў хуткім часе Вольга стала кіраваць установай культуры ў Таргунах.
Толькі будынак клуба ў Вецяры не застаўся пакінутым, кажа гаспадыня. Яна прыглядала за ім, пакуль па ініцыятыве раённай улады не быў створаны этнаграфічны цэнтр. А на пасаду загадчыка новай установы прызначылі вопытнага ўжо культработніка Вольгу Квачонак.
– Прыходжу сюды як у другую хату. Клопату хапае. Менш, канешне, чым па сваёй гаспадарцы, дзе і агарод, і жыўнасць трэба дагледзець, але ж хочацца, каб усё было як след, – дзеліцца гаспадыня. – І каб на сядзібным двары быў парадак, і каб праграма гасцям спадабалася, і каб ежа смачнай атрымалася.
Падтрымлівае Вольгу і перажывае за яе сын Арцём. Юнак вучыцца ў сталіцы, але заўсёды цікавіцца матулінымі справамі, а бываючы дома, дапамагае ўпраўляцца на дзвюх гаспадарках. Як і муж Вячаслаў, які і пакосіць, і дроў наносіць, і зімой снег расчысціць.
– Работу сваю люблю, – шчыра прызнаецца Вольга Квачонак. – І вельмі ўдзячная дружнаму калектыву культработнікаў, метадычнаму цэнтру, якія дапамагаюць арганізоўваць мерапрыемствы. Калегі заўсёды гатовы падставіць плячо, ніхто ніколі не адмовіў. Не застаюцца ўбаку старэйшына вёскі Аляксандр Пашкевіч і жыхары, за што ім вялікі дзякуй.
За тры гады існавання этнасядзібы зроблены немалы аб’ём работы. Яна стала цэнтрам адраджэння, зберажэння і пераемнасці культурна-побытавых традыцый, абрадаў і звычаяў беларусаў, месцам, дзе можна адчуць рэальную сувязь з гісторыяй, з нашымі продкамі.