Мария Алисёнок из деревни Витуничи всегда ждет свежую прессу, особенно районную газету

IMG_2994 с

Более тридцати лет отработала в совхозе «Витуничи» Мария Алисенок. Прошла путь от бригадира до главного агронома и сейчас, находясь на заслуженном отдыхе, с ностальгией вспоминает дружную коллективную работу. Уроженка Лапут, сильно полюбила Витуничи и признается, что, если бы была возможность вернуть время назад, ничего не переиначила бы.

Сустрэліся з Марыяй Анатольеўнай на яе падвор’і, дзе адразу кідаюцца ў вочы яркія кусты хрызантэм і гартэнзіі, клумба з аксаміткамі, астрамі і іншымі асеннімі краскамі, роўны рад вяргінь уздоўж агароджы.

– Люблю кветкі, як калісьці і мая мама, – кажа жанчына. – Бываючы ў райцэнтры, не перастаю здзіўляцца шыкоўнаму аздабленню сядзіб, парадку вакол жылля. Малайцы, гараджане! Але і ў нашай вёсцы нямала дагледжаных двароў, добра, што мода на добраўпарадкаванне не праходзіць.

Мы заходзім у прасторны дом Марыі Анатольеўны, адзін з пакояў якога патанае ў вазонах.

– Але ж не толькі кветкі ўздымаюць настрой, – заўважае гаспадыня. – Наогул захапляюся прыродай – лясамі, палямі, лугамі. Нездарма выбрала прафесію агранома, каб шмат часу праводзіць на свежым паветры і ўдосталь зачароўвацца навакольнымі краявідамі.

Яе суседка, сяброўка і былая калега Валянціна Максімовіч, якая працяглы час узначальвала вітуніцкую агранамічную службу, – сур’ёзны, валявы чалавек, але вось што тычыцца хараства каласістых палёў – такі ж рамантык, як і Марыя Алісёнак. Неаднойчы яны, ужо на пенсіі, засумаваўшы па непараўнальным адчуванні ціхай радасці ад сузірання хлебных саўгасных палеткаў, якія за многія гады сталі роднымі, садзіліся ў машыну – і гайда ў аб’езд!

– Наталяем душы на “экскурсіях”, – усміхаецца Марыя Анатольеўна. – Аглядаем, параўноўваем, а потым доўга абмяркоўваем перамены.

Наша гераіня ў свой час дванаццаць гадоў адпрацавала ў аддзеле кадраў, але перавагу перад канторскай пасадай аддае земляробству.

– Аграном заўсёды ў руху: на сяўбе, падкормцы культур, уборцы ўраджаю, нарыхтоўцы кармоў. Я больш была на зернетаку, дзе кантралявала прыём збожжа, ачыстку яго ад прымесей, сушку, сарціроўку.

А дома ў Марыі была і ўласная гаспадарка: карова, свінні, авечкі, трусы, гусі, куры, з доглядам якіх патрэбна было ўправіцца з раніцы. Між тым яе праца на зернетаку пачыналася ўжо ў шэсць гадзін. Муж Віктар Уладзіміравіч, перадавы механізатар, імя якога гучала і на рэспубліканскім узроўні, таксама цэлымі днямі прападаў на рабоце. Абое часта заставаліся без выхадных. Дачка Наташа, шкадуючы бацькоў, не раз тады казала, што такі аператыўны рэжым не кожны здольны вытрымаць.

Марыя ніколі не цуралася цяжкай ці “нежаночай” работы: трэба было – і траву абкошвала, і дровы секла, і плот ставіла.

– Ніякая тэхніка не заменіць чалавечых рук, – лічыць яна. – Людзі вылучаюцца менавіта працай.

На вялікі жаль, шаснаццаць гадоў назад мужа Марыі не стала, а чатыры гады таму і сына Ігара. Страта блізкіх людзей – заўжды трагедыя, а калі даводзіцца хаваць сваіх дзяцей – гэта ні з чым непараўнальны ўдар. Марыя выстаяла. Праз адчай, боль і рэкі слёз знайшла ў сабе сілы жыць далей, шукае суцяшэнне ў простых рэчах. Сэрца саграваюць цёплыя стасункі з родзічамі і аднавяскоўцамі. Дачушка жыве з сям’ёй у Бягомлі і часта наведвае бацькоўскі дом. Прыязджаюць і ўнукі – іх у бабулі шасцёра.

Не забывае Марыя Анатольеўна любімае шыццё, а майстрыха яна дужа спраўная! Шые чахлы на канапу і крэслы, бялізну, адзежу. Пільна сочыць за навінамі ў перыёдыцы і тэлеперадачах. Асабліва чакае нашу раённую газету, каб па-ранейшаму быць у курсе ўсіх спраў на Докшыччыне. “Нельга адставаць ад жыцця”, – рэзюмуе яна.

Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *