«На земле нас ждут добрые дела», — убежден наш земляк, известный российский фотохудожник, журналист, краевед Витольд Ярмакович

Вітольд Ярмаковіч на свяце роднай вёскі Віржы.

Вітольд Ярмаковіч на свяце роднай вёскі Віржы.

«На земле нас ждут добрые дела». В этом твердо убежден наш земляк, известный российский фотохудожник, журналист, краевед Витольд Ярмакович. Главное же, отмечает, правильно выбрать направление деятельности, чтобы не распыляться и оставить что-то значимое для продолжателей. А еще — чтобы дела эти обязательно приносили моральное удовлетворение, а не только и не столько материальную пользу. Он так и живет уже не одно десятилетие – белорус на Волгоградчине, романтик с особым видением красоты мира и человеческих взаимоотношений из деревни Виржи Волколатского сельсовета.

…Лішняга рубля ў сям’і Ярмаковічаў, як і ў большасці так званых ячэек грамадства, у пасляваенныя гады не было. А маленькі Вітольд так марыў пра фотаапарат! Гэта была не толькі дзіцячая мара, а і дарослы пошук спосабаў увасобіць яе ў жыццё. Знайшоў – нагадаваў і здаў трусоў. І вось яна, жаданая каштоўнасць, у яго руках. Сапраўднае майстэрства, зразумеў хлопчык, – зрабіць выдатны кадр, а пасля ў дамашняй фоталабараторыі доўга чараваць, каб атрымаць належны вынік. Тое адчуванне магіі творчасці засталося з ім назаўжды.

Напрыканцы службы на Чарнаморскім флоце матрос Вітольд Ярмаковіч на заробленыя на ўборцы рысу ў Крыме грошы купіў добры касцюм і, канешне ж, салідны фотаапарат. Папрацаваў у міліцыі ў Віцебску, а калі з Валгаграда паступіла заяўка на паступленне ў Вышэйшую следчую школу МУС СССР, выбар паў на яго. Ён стаў прафесіяналам у следчай справе, але праз некалькі гадоў зразумеў: памыліўся, не яго гэта, не ляжыць душа. У пошуках работы, а найперш сябе самога, прыйшоў у рэдакцыю “Волгоградской правды”. Нялёгка было: матляўся, робячы фотарэпартажы, па ўсёй вобласці, часам сабе ва ўбытак. Быў перыяд, прызнаецца, што здаўся, кінуў журналістыку і дзеля нядрэннага заработку нават апынуўся на лікёра-гарэлачным заводзе. І ўсё ж такі не змог без любімай справы – вярнуўся ў газету.

У 1977 годзе нашага героя прынялі ў Саюз журналістаў, яго работы сталі паяўляцца ў фотахроніцы ТАСС, у цэнтральных саюзных СМІ з велізарнымі тыражамі – “Правде”, “Известиях”, “Труде”, “Комсомольской правде” і нават у замежных выданнях. Жонкай нашага таленавітага земляка і музай на ўсё жыццё стала вядомая журналістка Наталля Пушкарская – гэта сямейны саюз з неверагоднай творчай спадчынай. У жыцці Вітольда Уладзіслававіча мела месца і “падарожжа” ў палітыку: быў другім нумарам у камандзе вядомага генерала Аляксандра Лебедзя падчас створанага ім руху “Гонар і Радзіма”.

Жыхаркі вёскі (сястра Леакадзія другая злева) на фоне карцін фотамастака.

Жыхаркі вёскі (сястра Леакадзія другая злева) на фоне карцін фотамастака.

Паступова Вітольд Ярмаковіч стаў пераходзіць да больш складанай – мастацкай фатаграфіі. “Аднойчы на здымках каля станіцы Качалінскай мне трапілася старое дрэва з патрэсканай карой. Гледзячы на гэтыя маршчыны часу, дадаў у выяву рысы бабулі, якая запомнілася пасля аднаго з прыездаў на радзіму. З тае пары стаў займацца жывапісам і сумяшчаць яго з фотаработамі.”

Наш зямляк выдатна ведае культуру і гісторыю казацтва, актыўна займаецца папулярызацыяй прыгажосці і адметнасцей Валгаградскага краю, яго знакамітых людзей. Адна з апошніх выстаў яго фотаработ была размешчана ў Валгаградзе, у будынку рэгіянальнага аддзялення Саюза пісьменнікаў Расіі. Называлася яна “Краса і сум Данской зямлі”. Вытрымка з адной рэцэнзіі: “Яго работы сціраюць мяжу паміж фотаздымкам і жывапісным палатном, і парой складана вызначыць, бачыш перад сабой рэальнае фота ці таленавітае выяўленне пэндзля мастака”.

Аднак, пражыўшы паўстагоддзя ў Расіі, Вітольд Ярмаковіч застаўся беларусам, прывязаным любоўю да радзімы мацней за самыя моцныя прывязі. Як толькі надараецца магчымасць, ён з сынам Якавам едзе ў свае родныя Віржы да старэйшай сястры Лёдзі, якая размяняла ўжо дзясяты дзясятак свайго жыцця, едзе, каб сустрэцца з вяскоўцамі, наслухацца беларускай гаворкі, налюбавацца дарагімі сэрцу пейзажамі і ўвекавечыць усё гэта ў сваіх непаўторных работах.

У гэтым годзе ў Валгаградзе выйшла кніга “Бярозавы сок” Вітольда Ярмаковіча ў сааўтарстве з Марыяй Пляшкун. Гэта зборнік аповедаў пра жыццё Валкалатчыны з другой паловы ХХ ст. і да нашага часу з экскурсамі ў далёкае мінулае, з цудоўнымі фотаздымкамі. Напісана лёгка, лірычна, месцамі да слёз кранальна і з велізарнай любоўю і пашанай да роднай зямлі і людзей, што жылі на ёй калісьці і жывуць зараз.

– У кожнага з нас ёсць магчымасць пакінуць добры след, – гаварыў пры сустрэчы аўтар. – Трэба толькі знайсці менавіта сваё месца ў свеце.

Няма ніякіх сумненняў, што гэты высакародны чалавек знайшоў.

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *