Настаўніца Крулеўшчынскай СШ імя І.П. Ціткова Анастасія Кухта: “Люблю зносіны з дзецьмі, вучыць і вучыцца ў іх, здзіўляцца іх філасофіі жыцця»

photo_4_2025-10-01_00-54-45

СЁННЯ — ДЗЕНЬ НАСТАЎНІКА

“Люблю зносіны з дзецьмі, вучыць і вучыцца ў іх, здзіўляцца іх філасофіі жыцця, – падзялілася пачуццямі настаўніца беларускай мовы і літаратуры Крулеўшчынскай СШ імя І.П. Ціткова Анастасія Кухта. – З радасцю іду на кожны ўрок і бачу, што з такім жа настроем заходзяць у клас мае вучні. Мне падабаецца, калі школа атаясамліваецца з дабрынёй”.

Анастасія Кухта мясцовая, на выбар прафесіі моцна паўплывала яе школьная настаўніца Люцыя Антонаўна Кучко, якая была самабытнай асобай і шчыра прывівала вучням любоў да роднай мовы. Падтрымала дачку і маці. “Быць настаўнікам прэстыжна”, – запэўніла яна. Але Анастасія і так не сумнявалася, як і цяпер, пасля дваццацігадовага шляху ў педагогіцы.

Закончыла Барысаўскі педкаледж, а пазней БДПУ імя М. Танка. Пасля каледжа на працу ў родную школу яе запрасіла тагачасны дырэктар Галіна Белая. Паабяцала дапамогу калег, і ў выніку малады спецыяліст яе спаўна атрымала.

Адразу асвойвалася на пасадзе педагога-арганізатара, набывала вопыт на надомным навучанні школьніка. А праз пяць гадоў замацавалася ўжо толькі на выкладанні беларускай мовы і літаратуры. Граматная, працавітая, з творчым падыходам да справы, Анастасія Мікалаеўна заваявала аўтарытэт сярод вучняў, іх бацькоў і настаўнікаў. Яна не абмяжоўваецца стандартнымі ўрокамі, выкарыстоўвае сучасныя тэхналогіі, розныя формы работы і метады навучання. У 5–6 класах часта прымяняе гульнявыя прыёмы, у старшых выкарыстоўвае буктрэйлеры (кароткія відэаролікі, якія ў мастацкай форме распавядаюць пра якую-небудзь кнігу) і прэзентацыі, праводзіць відэаўрокі.

Як адзначае адміністрацыя ўстановы, настаўніца паслядоўна працуе над павышэннем узроўню маўленчых зносін і маўленчай культуры навучэнцаў, дзеля чаго на ўроках беларускай літаратуры праходзіць інсцэніраванне твораў, аналіз сітуацый выбару, які стаіць перад літаратурнымі героямі, прагназаванне магчымых падзей адносна сюжэту.

photo_11_2025-10-01_00-54-45

Урокі беларускай мовы накіраваны, у прыватнасці, на фарміраванне правільнага пісьма – для гэтага старанна падбіраюцца творчыя заданні. Вучаніца Анастасіі Мікалаеўны Вікторыя Каланіцкая, выпускніца гэтага года, двойчы станавілася пераможцай раённай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры і выступала на абласным узроўні. Сын Антон таксама пад кіраўніцтвам мамы неаднойчы займаў прызавыя месцы на раённай прадметнай алімпіядзе. Акрамя таго, Антон – прызёр розных рэспубліканскіх творчых і даследчых конкурсаў, а летась прызнаны пераможцам конкурсу на атрыманне прэміі за высокія дасягненні ў галіне культуры, мастацтва, грамадскай дзейнасці, які штогод праводзіць сярод навучэнцаў абласное аддзяленне Беларускага дзіцячага фонду. Зразумела, за кожным дасягненнем сына стаяла і яго мама, якая дапамагала ў пошуку і афармленні інфармацыі.

Анастасія – класны кіраўнік 11 класа, дзе вучыцца і Антон. Класная знаходзіць для кожнага са сваіх дзевяці вучняў удзячныя словы за плённае ўзаемадзеянне.

– Мне з імі лёгка, – кажа яна. – Гэта ініцыятыўныя маладыя людзі. Хтосьці добра малюе, хтосьці цудоўна выступае на сцэне, хтосьці майстар у прэзентацыях. Такія ж актыўныя і іх бацькі – яны зацікаўлены ў будучыні сваіх дзяцей.

Фарміраваннем нацыянальнай самасвядомасці праз далучэнне да роднай мовы і культуры, фальклору і краязнаўства Анастасія Мікалаеўна займаецца і як кіраўнік школьнага музейнага пакоя “Беларуская хатка”(на здымку). Сёлета пакой перамясціўся з калідора ў былы кабінет гісторыі і стаў больш прасторным. Там праводзяцца музейныя заняткі, урокі, экскурсіі, мерапрыемствы. Побач з “хаткай” разгарнуліся экспазіцыі з гаспадарчымі прыладамі працы, драўлянымі і глінянымі вырабамі, ручнікамі, нацыянальным адзеннем. Спіс экспанатаў пашыраецца. Напрыклад, у гэтым годзе сабралі ткацкі станок, і работнік Докшыцкага дома рамёстваў дала для вучняў і педагогаў майстар-клас.

Таленавіты арганізатар, Анастасія Кухта разам са сваімі выхаванцамі ўдзельнічае ў разнастайных творчых конкурсах. З’яўляючыся штогадовым начальнікам школьнага лагера працы і адпачынку, па выніках работы падрыхтавала праекты на конкурс «Моладзь за чысціню гарадоў і вёсак!», дзе двойчы разам з дзецьмі была прызнана ўладальнікам ІІ месца абласнога этапу. Вясной са сваёй вучаніцай Кацярынай Каротчык заняла І месца на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу юных экскурсаводаў музейных пакояў устаноў адукацыі.

Настаўніца не спыняецца на дасягнутым, а ставіць новыя мэты і будзе дабівацца іх калектыўнымі намаганнямі – побач жа яе любімыя, слаўныя вучні.

Ніна КРУКОВІЧ.
Фота прадастаўлена А. КУХТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *