Докшыцкая батлейка Патупчыка перамагла ў абласным конкурсе
Докшыцкая батлейка Патупчыка перамагла ў абласным конкурсе лялечных тэатраў і батлеечных калектываў “Лялечны свет”, які прайшоў у Сянне.
Усяго ў свяце-конкурсе, які звычайна ладзіцца раз у два гады, удзельнічала 17 прадстаўнікоў Віцебшчыны, а таксама госці з Мінскай вобласці. Акрамя дыплома лаўрэата І ступені, дакшычане былі адзначаны спецыяльным прызам у намінацыі “Лепшае сцэнічнае ўвасабленне традыцый беларускай батлейкі”. На суд журы быў прадстаўлены спектакль “Незвычайныя прыгоды Патупчыка”, аўтарам якога стала кіраўнік Докшыцкай батлейкі Патупчыка Вольга Кругляніна.
– Батлейка – адзін са старажытных відаў беларускага мастацтва, – гаворыць Вольга Анатольеўна. – Першыя пастаноўкі лялечных тэатраў былі на рэлігійную тэму, але с цягам часу пачалі з’яўляцца сцэнкі, заснаваныя на беларускім фальклоры. Прадстаўленні былі сатырычнымі, часта высмейвалі заганы чалавечага характару. Яскравы прыклад гэтага віду мастацтва – знакамітая докшыцкая батлейка Патупчыка. Просты селянін Патупчык быў вельмі таленавітым акцёрам-самародкам. Лялечнік, імправізатар і музыкант, ён разам з жонкай і сынам жыў выключна на сродкі ад сваёй любімай справы. Яго вельмі паважалі як простыя людзі, так і інтэлігенцыя. У дні, калі ў Докшыцах ладзіліся кірмашы, выступленне батлейкі было абавязковым. Падчас сваіх прадстаўленняў Патупчык расказваў пра навіны, якія адбываліся ў мясцовасці. Батлейка ў той час была своеасаблівым сродкам масавай інфармацыі, які адлюстроўваў падзеі павета. Патупчык не карыстаўся сімпатыяй мясцовага і навакольнага духавенства. Вельмі часта за высмейванне вобразаў біблейскіх герояў ён трапляў у няміласць мясцовага свяшчэнніка і прыставаў. Былі выпадкі, калі на вачах у гледачоў у яго забіралі і ламалі лялькі. Але прадстаўленні ўсё ж не забаранялі. Батлейка Патупчыка праіснавала да 1939 года.
Докшыцкую батлейку Патупчыка адрадзілі работнікі культуры ў 1999 годзе. У 2024-м калектыў ушанаваны ганаровым званнем народнага. У гэтым жа годзе на Рэспубліканскім фестывалі творчасці і сяброўства “Дзве ракі” ўпершыню быў арганізаваны адкрыты конкурс традыцыйных батлеечных калектываў “Батлейка Патупчыка запрашае”, у якім ужо сёлета ўдзельнічала восем калектываў з Віцебскай, Брэсцкай і Магілёўскай абласцей.
– У рэпертуары нашай батлейкі ёсць як інтэрмедыі для дарослых, так і вершаваныя казкі для дзяцей, – працягвае Вольга Кругляніна. – Рэпертуар, у асноўным, рыхтуем самі. Выкарыстоўваем гумарэскі, анекдоты, якія адаптуем да сучаснасці. Атрымліваецца нешта накшталт “Докшыцкіх навін”, з якімі некалі і выступаў стваральнік батлейкі Патупчык. Агучваюць спектаклі работнікі культуры. Лялькі батлейкі дапамагаюць ствараць і аднаўляць майстры раённага Дома рамёстваў. У гэтым годзе работнік Параф’янаўскага СДК Святлана Шпак зрабіла ляльку самога Патупчыка. Пастаноўкі звычайна суправаджае жывая музыка. У гэтым дапамагаюць настаўнікі Докшыцкай ДШМ імя Н. Сакалоўскага. Напрыклад, на абласны конкурс з намі выязджалі гарманіст Іван Курдзека і цымбалістка Марыя Фёдарава.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Докшыцкім ГЦК.


