Их гнали в крематорий. Вячеслав Гуменник из Докшиц рассказал о трагедии своей матери, малолетней узницы войны
Памяць пра герояў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны будзе перадавацца з пакалення ў пакаленне, упэўнены дакшычанін Вячаслаў Гуменнік. Сёння разам з ім успамінаем трагедыю яго матулі Ганны Апанасаўны з вёскі Свіркі, вязніцы вайны, якая ўсё жыццё аплаквала сваіх родных, што загінулі ў Германіі.
– Мама нарадзілася ў 1939 годзе ў вёсцы Валяўкі Дубровенскага раёна, была найменшай у шматдзетнай сям’і, – расказаў Вячаслаў Уладзіміравіч. – Яе бацьку не мабілізавалі на фронт, таму што перад пачаткам вайны на будоўлі новай хаты ён зламаў ключыцу. У 1943 годзе ўся маміна сям’я, акрамя старэйшага брата Юрыя, які тады вучыўся ў ваенным вучылішчы, трапіла ў рабства на Нямеччыну – горад Эмендзінген, які знаходзіцца недалёка ад мяжы з Францыяй.
Пра няволю засталіся ўспаміны і самой Ганны Гуменнік, якія занатавалі вучні Параф’янаўскай СШ імя А.І. Чэрныша разам з настаўніцай Аленай Жданько.
– Тэрыторыя лагера была абнесена калючым дротам, кругом стаялі вартавыя з аўтаматамі, а мы жылі ў бараках, – распавядала вязніца. – Тата, мама і пяць маіх братоў і сясцёр працавалі на ваенным заводзе, я ж у гэты час заставалася з іншымі малымі дзецьмі ў спецыяльным пакоі. У 1945 годзе, калі ўжо пачалося вызваленне вязняў з германскіх лагераў, у нашу сям’ю прыйшла вялікая бяда. 28 лютага ўвесь завод, дзе працавалі мае блізкія, быў разбіты бомбамі і снарадамі, у выніку чаго маму разарвала на кавалкі, а сястру Шуру раніла ў жывот, і на трэці дзень яна памерла. Тату адарвала нагу, але мы пра гэта даведаліся значна пазней. У сястры Надзі былі паранены рукі, адарвана правае вуха – вісела на кончыку, потым медыкі яго прышылі. Брат Толік быў кантужаны. Усіх, хто застаўся жывым, немцы збіраліся спаліць, каб замесці сляды злачынстваў, і ў канцы красавіка нас пагналі ў крэматорый. Меншых дзяцей і раненых пасадзілі ў машыну, у тым ліку нас з Надзяй, і павезлі ўслед за калонай. А на другі дзень развярнулі назад – казалі, што дарогу перагарадзілі войскі саюзнікаў. У пачатку мая ў лагеры даведаліся пра Перамогу. Можна было рушыць дадому, але наш тата прапаў без вестак. Прыехаў за намі толькі ў жніўні – з ампутаванай нагой, на мыліцах. Аказваецца, знаходзіўся ў аўстрыйскім шпіталі. А тым часам Надзя паклапацілася пра помнік на магілу мамы і сястры. Калі мы яго ўстановілі, сфатаграфаваліся побач на памяць.
Зразумела, у той час малая Ганначка не ўсведамляла ўсяго маштабу катастрофы карычневай чумы, якая абрынулася на чалавецтва. Але боль уласнай страты апякаў яе бесперастанна.
Шмат чаго прыйшлося перажыць і пасля вяртання дамоў. Новая хата, пра якую так марыў бацька, згарэла ў час карнай аперацыі фашыстаў, і спачатку сям’я тулілася ва ўцалелым жытле бацькавага брата, прычым разам з іншымі пагарэльцамі. Затым пабудавалі паўзямлянку, дзе гаспадыняй стала Надзя. Брат Юра, які ўжо жыў асобна, дапамагаў сваім родным чым мог. Напрыклад, купіў карову, дзякуючы якой яны і выжывалі.
Ганна вывучылася на настаўніцу, таксама з важкай падтрымкай Юры, затым працавала ў Глыбоцкім раёне, дзе выйшла замуж, а пазней – у Докшыцкім: у Свіркоўскай пачатковай школе і Параф’янаўскім дзіцячым садзе – у апошнія гады работы была загадчыцай дашкольнай установы. Выхавала траіх уласных дзяцей у любові да Радзимы, заўжды наказвала берагчы мір.
– Мы бачылі, як вярэдзіць маміны душэўныя раны памяць пра дарагіх ёй людзей, спачылых у Германіі, і ў жніўні 1990 года праз Чырвоны Крыж арганізавалі паездку на могілкі ў Эмендзінген, дзе тыя былі пахаваны, – кажа Вячаслаў. – Я суправаджаў маму і добра памятаю, як моцна хвалявалася яна ў дарозе, як горка плакала каля магілы, дзе на помніку былі пазначаны імёны Пелагеі Сцяпанаўны і Аляксандры Апанасаўны Бадровых – маёй бабулі і цёці. Простых беларусак – працавітых і добрых, якіх фашысты пазбавілі волі, Бацькаўшчыны і жыцця. Нельга забываць пра генацыд беларускага народа, каб не дапусціць паўтарэння страшнай гісторыі. Пра гэта мы наказваем ужо сваім дзецям.
Падрыхтавала Ніна КРУКОВІЧ.

