Силами бригады «Железняк» 20 декабря 1942 года был освобожден Бегомль

Бягомль

20 снежня Бягомль адзначае 83-ю гадавіну свайго вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Свабоду ў 1942 годзе тагачасны райцэнтр атрымаў дзякуючы рашучым і мужным дзеянням партызан брыгады “Жалязняк”.

– Бягомль быў акупіраваны нямецкімі войскамі амаль з самага пачатку Вялікай Айчыннай вайны, – нагадала дырэктар Бягомльскага музея народнай славы Вольга Таляронак. – У супрацьстаянні акупантам на нашай зямлі шырока разгарнуўся партызанскі рух. Аперацыя па вызваленні гарпасёлка, дзе стаяў варожы гарнізон, пачалася 17 снежня. Ноччу партызаны пачалі акружаць Бягомль, завязаўся бой. У выніку фашысты былі выбіты з акраін і адступілі ў цэнтр, але 19 снежня ў 19.00 у Бягомль прыбыла добра ўзброеная група падмацавання з Мінска ў колькасці 600-700 чалавек на 53 машынах. Тым не менш партызаны працягвалі атакаваць. Выключную мужнасць праявілі Васіль Іванавіч Мялкоў, Сяргей Міхайлавіч Табачнікаў, Мікалай Кузьміч Далжанкоў, Васіль Дзмітрыевіч Панамароў, Пётр Яфімавіч Елісееў, Антон Пятровіч Міхаль, Дзмітрый Мікалаевіч Красільнікаў, Пётр Захаравіч Батура, Пётр Сямёнавіч Руткоўскі, Пётр Куксеевіч Загорскі, Віталь Іванавіч Дземідовіч і іншыя. Былі і страты сярод партызан – загінулі Іван Пятровіч Дранковіч і Міхаіл Якаўлевіч Аўчыннікаў.

20 снежня, расказала Вольга Міхайлаўна, у кірунку Бягомля для барацьбы з варожым падмацаваннем рушыла аб’яднаная партызанская групіроўка. Да моманту яе сканцэнтравання гітлераўцы, пазбягаючы поўнага разгрому, пакінулі пасёлак. Над будынкам райкама партыі ўзвіўся чырвоны сцяг. На мітынгу, які прайшоў у Бягомлі з нагоды значнай падзеі, партызаны далі клятву адстаяць занятыя пазіцыі. І слова сваё стрымалі. Паводле ўспамінаў камандзіра брыгады “Жалязняк” І.П. Ціткова, у гэты дзень у партызанскія атрады было прынята больш за трыста чалавек.

У пачатку 1943 года Бягомльшчына была цалкам ачышчана ад акупантаў. Тут усталявалася партызанская зона, якая ўтрымлівалася аж да вызвалення Беларусі, хаця фашысты не раз спрабавалі ліквідаваць яе, арганізоўваючы карныя экспедыцыі.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 чэрвеня 2009 года Бягомль узнагароджаны вымпелам “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”.

– На Бягомльшчыне жывуць нашчадкі пераможцаў – смелых барацьбітоў за родную зямлю, – сказала Вольга Таляронак. – Іх задача – свята захоўваць памяць пра подзвіг сваіх продкаў, якія здабывалі Вялікую Перамогу і падарылі наступным пакаленням права на будучыню.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *