Команда из Докшиц стала чемпионом регионального этапа чемпионата Республики Беларусь по футболу среди мужских команд

Падчас узнагароджання ў Віцебску (злева направа): Аляксандр Палачанін, намеснік старшыні аблвыканкама Вячаслаў Дурноў, Канстанцін Стадольнік, начальнік упраўлення спорту і турызму аблвыканкама Дзяніс Фацееў.
У Віцебску адбылася канферэнцыя абласнога грамадскага аб’яднання “Федэрацыя футбола”, на якой былі падведзены вынікі футбольнага сезона 2025 года. Ганаровым удзельнікам мерапрыемства стаў намеснік старшыні аблвыканкама Вячаслаў Дурноў, які ў прывітальным слове адзначыў, што гэты від спорту трымаецца не толькі на гульцах і трэнерах. Яго аснову ствараюць энтузіясты, арганізатары і сапраўдныя аматары футбола. Падчас урачыстасці заслужаныя ўзнагароды – кубак пераможцаў, дыплом і медалі – атрымала каманда нашага раёна, якая сёлета стала чэмпіёнам рэгіянальнага этапу Чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па футболе сярод мужчынскіх каманд другой лігі групы С. Прызы і віншаванні прымалі капітан каманды Канстанцін Стадольнік і адзін з лепшых гульцоў Аляксандр Палачанін.
– Усяго ў саставе докшыцкай каманды былі заяўлены 35 футбалістаў, – гаворыць дырэктар ФСК “Ураджай” Алена Грыгор’ева. – Адны былі запаснымі ці на падмене, некаторыя не прапусцілі ніводнага з матчаў, якія ладзіліся не толькі на гарадскім стадыёне, але і ў іншых райцэнтрах вобласці. Як, напрыклад, Канстанцін Стадольнік і Аляксандр Палачанін. Канстанцін чатыры гады працуе ў ФСК трэнерам па спорце, вядзе шэсць секцый па футболе на базе гарадскіх школ. Аляксандр, можна сказаць, душа каманды. Да яго прыслухоўваюцца, ідуць па параду. Дарэчы, менавіта ім была забіта самая большая колькасць галоў – сем. Сваімі навыкамі ў гульні ён з задавальненнем дзеліцца з малодшым пакаленнем – настаўнік фізкультуры СШ № 2 г. Докшыцы імя У.Ф. Крышталевіч з’яўляецца кіраўніком школьнага футбольнага клуба. Магчымасць развіваць спартыўныя здольнасці многія докшыцкія юнакі атрымалі дзякуючы футбольнаму клубу “Дзінас” і свайму першаму трэнеру Генадзю Маліноўскаму. Выдатным гульцом докшыцкай каманды стаў і сын Генадзя Іосіфавіча Дзяніс. Шэсць мячоў у вароты сапернікаў адправіў Ягор Асаёнак. Юнак зараз вучыцца ў Мінску, але не прапускае ні футбольных, ні валейбольных спаборніцтваў у раёне. Лепшым варатаром стаў Радзівон Камянецкі, таксама студэнт. Лепшым гульцом сезона назвалі Івана Бабруйку, за якім пяць галоў. Абаронца жыве і працуе ў Маладзечне, але пры любой магчымасці стараецца прыехаць на малую радзіму і падтрымаць родную каманду. Як і Аляксандр Бусло. Сярод тых, хто зрабіў усё дзеля перамогі, Мікіта Азаранка, Аляксей Пярэдня, Аляксандр Круглянін, Віталій Кірыльчык. Спадзяёмся, што і ў наступным сезоне наша каманда прадэманструе выдатную гульню.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
