Не среди нас, а вместе с нами! В Докшицком районном объединении ОО «Белорусское общество инвалидов» прошла встреча подопечных
Дзень інвалідаў – гэта не свята, з якім можна павіншаваць. Гэта хутчэй напамін для ўсіх нас пра тое, пра што мы забывацца не павінны, – пра міласэрнасць і ўвагу да тых, чые магчымасці маюць абмежаванні. Напярэдадні даты старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў” Яўгенія Сураўцава арганізавала сустрэчу сваіх падапечных у актавай зале раённай бібліятэкі, на якую сабралася тры з паловай дзясяткі чалавек. Шаноўнымі гасцямі мерапрыемства сталі старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч, святары Павел Іоська і Аляксандр Астаушка.
Для ўдзельнікаў мерапрыемства быў падрыхтаваны салодкі стол і, канешне ж, падарункі – харчовыя наборы ад дабрачыннага каталіцкага таварыства “Карытас” Віцебскай епархіі, а таксама паштоўкі з шакаладу, над вырабам якіх Яўгенія Сураўцава рупілася сама.
Урачысты момант сустрэчы – уручэнне Падзяк. Імі адзначаны старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч – за падтрымку раённай арганізацыі таварыства інвалідаў, а таксама Дзіяна Шульгат, Святлана Навойчык і Ядвіга Маліноўская – за актыўную дзейнасць, асабісты ўклад у культурна-масавыя і спартыўныя мерапрыемствы, накіраваныя на адаптацыю і сацыялізацыю людзей з інваліднасцю.
Далей мерапрыемства пацякло ў цёплай, нязмушанай, сяброўскай атмасферы – усе яго ўдзельнікі знаёмыя між сабой, таму было аб чым пагаварыць, што абмеркаваць, чым падзяліцца. А святочную атмасферу паспяхова стварала вакальная група аддзялення дзённага знаходжання для пажылых грамадзян ТЦСАН “Спявай, душа!” Сваімі лірычнымі і жартоўнымі песнямі жанчыны нават натхнілі грамаду патанцаваць. Ну і спявалі ўсе разам любімыя песні з вялікім задавальненнем. Дружнымі апладысментамі сустракалі гледачы таксама Тамару Лазар і Галіну Уцёнак, якія цудоўна чыталі вершы і байкі.
За сяброўскім сталом незаўважна праляцела некалькі гадзін. Члены таварыства і навагоднія святы рады былі б сустрэць разам. Думаецца, дзякуючы старанням няўрымслівых арганізатараў гэта абавязкова адбудзецца.
Яўгенія Сураўцава, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў”:
– Не сярод нас, а з намі! У нашых сілах зрабіць так, каб людзі з абмежаванымі магчымасцямі адчувалі сябе менавіта такім чынам. Інваліднасць не прыгавор – гэта іншы лад жыцця. Нашым падапечным патрэбна не жаласць, а разуменне, павага, падтрымка, жывыя зносіны. І сёння мы не адны: увагу і падтрымку нам аказваюць раённы Савет дэпутатаў, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, арганізацыі, індывідуальныя прадпрымальнікі і яшчэ шмат неабыякавых людзей, якім бязмерна ўдзячная. Ад сябе асабіста і ад членаў праўлення нашай арганізацыі выказваю ім шчырую падзяку і жадаю моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту.
Алена НАВАСЕЛЬСКАЯ.
Фота з асабістага
архіва Я. Сураўцавай.

