«С Новым годом, земляки!» На улицах Бегомля в предпраздничный вечер можно встретить Деда Мороза на санях
Уявіце такую карціну… Бягомль. Святочны зімовы падвячорак. Пад ліхтарамі мільгацяць белыя матылі. Мароз мацнее. Пад падэшвамі рыпіць сняжок, збочваеш з Савецкай вуліцы на Чырвонаармейскую, а насустрач… конь, запрэжаны ў расфарбаваныя сані, на козлах якіх Дзядуля Мароз.
Чароўная выява набліжаецца, конь пад умелым кіраваннем казачнага дзядулі прыцішвае ход – і чуецца: “З Новым годам, землякі! Шчасця і міру добрым людзям!” Праз некалькі імгненняў сані знікаюць у прыцемках чароўнай ночы, а ты паспяваеш заўважыць, што побач з галоўным навагоднім персанажам быў гармонік… Ужо потым прыходзіць разуменне, што карціна гэта рэальная, а Дзядуля Мароз свой, бягомльскі, і гэта Генадзь Бандарэнка.
Генадзь Аляксандравіч – першакласны кіроўца, які мае ўсе вадзіцельскія катэгорыі. Больш за чвэрць стагоддзя сваёй біяграфіі ён прысвяціў “хуткай дапамозе”, пэўны час працаваў на лесанарыхтоўчай тэхніцы ў Бягомльскім лясгасе, а некалькі гадоў таму перайшоў на пасажырскі транспарт: дастаўляў людзей у сталіцу і абласныя цэнтры. Зараз працуе на маршруце, які вядзе ў кітайска-беларускі індустрыяльны парк “Вялікі камень”.
Напярэдадні Новага года і Каляд, калі галоўны Дзед Мароз Бягомля быў дома перад чарговым рэйсам, мы сустрэліся на ўтульнай кухні сям’і Бандарэнкаў, каб і вы, паважаныя чытачы “РВ”, мелі магчымасць пазнаёміцца з гэтым цікавым чалавекам і яго жыццёвай філасофіяй.
Як сталі бегамльчанамі?
Нашымі землякамі Генадзь і Ірына Бандарэнкі сталі ў 1990 годзе: маладая сямейная пара пераехала з забруджанага рэгіёна Гомельшчыны ў экалагічна бяспечную Віцебшчыну. Абое ўладкаваліся на “хуткую дапамогу” ў Бягомльскую бальніцу: Ірына Мікалаеўна фельчарам, Генадзь Аляксандравіч вадзіцелем. Працавалі ў розныя змены, бо трэба было і дзяцей адных не кідаць, і гаспадарку весці. Іх дачушка Кацярына і сынок Арцём нарадзіліся ўжо ў Бягомлі. Пара жыла спачатку ў інтэрнаце для супрацоўнікаў бальніцы. Потым, вельмі працяглы час, у службовым доме. Сваім кутком абзавяліся некалькі гадоў таму, дык у іх вельмі ўтульным, пранізаным павагай, каханнем і цяплом нейкай асаблівай шчырасці доме яшчэ не зусім завершаны рамонт. Гаспадар практычна ўсё робіць уласнаручна. У дапамогу – дзеці. Напрыклад, сын самастойна распрацаваў праект кухні так, каб і матулі было зручна, і воку прыгожа. Разам з бацькам яны склалі дыхтоўныя камін і грубку, у якой нават шашлык можна пасмажыць, не пусціўшы пах у памяшканне. Дачка з зяцем і ўнукі – першыя дарадцы пры праектаванні панадворка. У планах яшчэ і лазня, і альтанка…
Адкуль творчы талент?
Наш сённяшні герой – асоба рознабаковая. Вялікую частку ў яго жыцці займае творчасць. Генадзь Аляксандравіч іграе на гармоніку, у дуэце з сынам, які валодае акардэонам, быў у ліку пераможцаў абласнога конкурсу “Іграй, гармонік”, паспяхова выступаў з калектывам Бягомльскай раённай бальніцы ў конкурсах “Таленты Бягомльшчыны” і “Таленты Докшыччыны”, хутка пераўвасабляецца ў камедыйныя і іншыя ролі, дэкламуе вершы, на святах гарпасёлка пастаянна ў ролі вядучага…
Рэзонна пытаюся, адкуль такая прага да творчасці. Герой артыкула адказвае імгненна: “Я – сын сваіх бацькоў. Матуля Кацярына Сяргееўна выдатна спявала, а тата Аляксандр Ісакавіч хаця і працаваў лесніком, быў яшчэ і слынным гарманістам”. Менавіта бацька практычна паўвека таму набыў сыну першы і пакуль адзіны ў яго жыцці гармонік, які і сёння спраўна служыць. Гаспадар беражліва дэманструе інструмент, расказваючы пра яго як пра члена сям’і: “Настройваў увесь час у майстра ў Докшыцах, рамяні пастаянна замяняю, трымаю ў парадку, каб не злаваў на мяне мой гармонік. Ён і душа мая, і памяць пра тату”. Што тычыцца тэатральных здольнасцей, то раскрыліся яны ў тым ліку і дзякуючы санаторыю “Баравое”, куды Ірына Мікалаеўна перайшла з цягам часу на працу медсястрой. Справа ў тым, што культурны адпачынак яго супрацоўнікі ладзілі і ладзяць для гасцей у большасці сваімі сіламі. Паколькі ведалі пра музычны талент Генадзя Бандарэнкі, яго запрасілі на дапамогу культарганізатарам. Кім толькі ні прыходзілася быць: і канферансье, і цыганам, і Дзядулем Марозам, які прыязджаў на свята на санях ці калёсах.
Чаму коні?
Коні – гэта яшчэ адно сямейнае захапленне сужэнцаў Бандарэнкаў. Вясковы хлопец упраўляцца з імі быў навучаны з дзяцінства. А як жа інакш? А калі выдавалася магчымасць асядлаць гнядога і паскакаць па рэчыцкіх абшарах з ветрыкам – радасці не было межаў. У Бягомлі яны з Ірынай і сваіх коней трымалі, і ў сяброў маглі замовіць, калі была патрэба. Генадзь Аляксандравіч з асалодай прыгадвае такі выпадак: “Восьмага сакавіка. Снегу поўна. А вось са сродкамі было тугавата. На падарунак хапіла толькі дачушцы. Думаю: як парадаваць Ірыну? Ідэя прыходзіць імгненна – рамантычная конная прагулка. Замовіў двух коней – гнядога і белага – і прывёў жонцы пад ганак: маўляў, сёння ў нас рамантычнае падарожжа вярхом, апранайся цёпла”. У доказ гэтай цудоўнай гісторыі Ірына Мікалаеўна паказвае фотаздымкі таго Восьмага сакавіка, зробленыя на “мыльніцу” і беражліва захаваныя ў сямейным альбоме…
Генадзь Аляксандравіч жартуе, што ў душы ён летуценнік, аднак да мар сваіх абавязкова прыкладае намаганні. Так і жыве. Працуе, будуе, а пад Новы год і Каляды апранае касцюм Дзеда Мароза і едзе па пасёлку віншаваць землякоў. Проста так, дзеля асабістай чалавечай асалоды. Што тычыцца мар, Генадзь Аляксандравіч вельмі чакае таго часу, калі выйдзе на пенсію, стане гадаваць двух коней і пракоціцца вярхом ужо са сваімі ўнукамі. Няхай жа так і будзе!
Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота з асабістага архіва.


