Незаменимым человеком и главным помощником для своих подопечных стала соцработник Докшицкого ТЦСОН Татьяна Шалай
“Незаменны чалавек, галоўны памочнік, практычна радня” – так часта гавораць пра сацыяльных работнікаў іх удзячныя падапечныя. І словы гэтыя ні ў якім разе не перабольшванне. Менавіта такім чалавекам стала для дванаццаці пажылых людзей з аграгарадка Параф’янава, аднайменнай вёскі і вёскі Свіркі Параф’янаўскага сельсавета Таццяна Шалай.
– Усіх сваіх падапечных з рознымі характарамі, звычкамі, светапоглядам люблю аднолькава, – гаворыць Таццяна Чаславаўна. – І, як мне здаецца, усе мае бабулі і дзядулі адказваюць мне ўзаемнасцю. Разумеем адно аднаго. За свой клопат і ўвагу маю бясцэнную адплату – іх дабрынёй, даверам, радасцю пры маім паяўленні. Як можна не любіць такую работу? Ні кропелькі не шкадую, што стала працаваць у сацыяльнай сферы.
Сацработнікам Таццяна Шалай працуе яшчэ непрацяглы час – трэці год. Да гэтага займела важны духоўны вопыт: была аператарам па вырошчванні маладняку БРЖ у ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”. Малым цяляткам, як і дзецям, як і пажылым людзям, патрэбны найперш любоў і клопат, і закладзенае ў душу Тані, напэўна, генетычна ўменне любіць мела шырокі прастор для развіцця і ўмацавання.
У сацработнікаў ёсць і графік наведвання, і пералік відаў работ, абавязковых для выканання. Калі графіка Таццяна стараецца прытрымлівацца (а як па-другому? – ты ў адным доме, а цябе ўжо чакаюць у другім), то з паслугамі зусім інакш. Кажа, ніколі не звяраецца з тым пералікам – аб чым просяць яе падапечныя, тое і стараецца для іх зрабіць у межах сваіх сіл і ўменняў. А калі штосьці не можа сама, абавязкова імкнецца вырашыць пытанне з прыцягненнем на дапамогу работнікаў іншых службаў або проста неабыякавых людзей.
– Прыходжу да маіх бабуль і дзядуляў двойчы ці тройчы на тыдзень, – распавядае далей наша гераіня. – Абавязкова прымаю іх правілы вядзення гаспадаркі і падладжваюся пад іх звычкі, умацаваныя дзесяцігоддзямі, бо ведаю, што найперш для людзей у шаноўным узросце важны псіхалагічны камфорт. Калі чалавек новы, абавязкова абгаворваем з самага пачатку усе моманты нашага ўзаемадзеяння. А колькі ў старэйшага пакалення жыццёвай мудрасці! Магчымасць пагаварыць пра тое, што хвалюе, успомніць мінулае для іх радасць, а для мяне – вялікая навука, і найперш у тым, што самае каштоўнае ў жыцці – гэта сям’я і блізасць родных душ.
– Танечка наша – цудоўны чалавек, ад яе ідзе цеплыня, як ад сонейка, – так характарызуе сваю шчырую памочніцу жыхарка аграгарадка Параф’янава Зінаіда Сяргееўна Хахлова, у кватэры якой і адбылася наша сустрэча з сацработнікам. – Я не адзінокая, не пакінутая – ёсць сын з сям’ёй. Люблю сваіх родных, прымаю іх дапамогу, але радуюся і таму, што ў мяне ёсць Таня, якую ўжо таксама лічу сваёй.
Самая вялікая ўзнагарода за працу – такія вось словы. Пажадаем Таццяне Шалай чуць іх як мага часцей, каб перакананне, што яна ў жыцці знайшла сваё месца, жыло ў яе свядомасці, як жывуць у яе душы любоў, спагада, міласэрнасць.
Данута Лявоха, загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ТЦСАН:
– Наша дзейнасць накіравана перш за ўсё на максімальна магчымае прадаўжэнне знаходжання пажылых грамадзян у звыклых дамашніх умовах. На надомным абслугоўванні ў нас у мінулым годзе знаходзілася 1045 чалавек, што на 41 чалавека больш, чым у 2024-м. У аддзяленні працуюць сем інспектараў па асноўнай дзейнасці, 118 сацыяльных работнікаў, 20 памочнікаў па доглядзе, чатыры няні.
За мінулы год хацелася б адзначыць работу інспектараў Алены Касцюк, Таццяны Яцына, Людмілы Лаўцэвіч, Святланы Ванюшынай, Івана Лявохі, Анжалікі Алесіч, сацыяльных работнікаў Ніны Кавалёнак, Святланы Буяліч, Іны Каляга, Марыны Лаўніковіч, Алены Асон, Аксаны Хвядчэні, Пятра Марковіча, Анастасіі Баран, Алены Плыгаўка, Ірыны Алесіч, Ліліі і Пятра Хілько, Іны Глушкевіч, Ніны Кімстач, Наталлі Навіцкай, Тамары Далжонак, Веранікі Петух, памочнікаў па доглядзе Кацярыны Зенчанка і Соф’і Лабынька.
Не магу не згадаць яшчэ раз нашу гаспадарчую брыгаду, якой кіруе Святлана Ванюшына, і яе работніка Аляксандра Шнітко, чыя праца заслугоўвае самай высокай пахвалы. А ўвогуле ўдзячная ўсёй нашай камандзе, якая займаецца вельмі патрэбнай і высакароднай справай, і пажадаць у новым годзе ўсім здароўя, радасці, дабрабыту і – абавязкова! – сямейнай цеплыні.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

