У Насти Чечукович из агрогородка Порплище есть свой талисман — лошадь по кличке Линкор
Калі вы спытаеце ў сучаснага падлетка пра галоўныя каштоўнасці, у адказ, хутчэй за ўсё, пачуеце пра гаджэты, блогераў, лічбавы свет. Але ў Парплішчанскай школе ёсць дзяўчынка, чый сусвет пахне сенам, ветрам і свабодай. Яе імя – Насця Чачуковіч, гісторыя якой – лепшы падарунак да 2026 года, які, як вядома, пройдзе пад знакам Чырвонага Вогненнага Каня.
Не кожны дарослы ведае, што такое сапраўдная адказнасць. А Насця ведае… Яе адказнасць важыць каля 500 кілаграмаў, завецца гнядым канём па мянушцы Лінкор і патрабуе не сентыментальных “мі-мі-мі”, а штодзённай працы. Пакуль аднагодкі праглядаюць стужкі сацсетак, яна чысціць капыты, расчэсвае грыву, вучыцца разумець мову цела свайго магутнага і чулага сябра. У КСК “Амазонкі”, які знаходзіцца непадалёк ад горада Глыбокае, няма месца ляноце і слабасці. Тут выхоўваюць характар.
Што даюць Насці гэтыя “Амазонкі”? Не проста захапленне. Яны дораць тую самую “мяккую сілу”, пра якую так шмат гавораць у свеце дарослых. Сілу, якая нараджаецца не з загаду, а з даверу. Каб кіраваць канём, трэба перш за ўсё кіраваць сабой: сваімі няўпэўненасцю і страхамі. Насця вучыцца дыпламатыі погляду, жэсту, інтанацыі. Хіба гэта не самае важнае ўменне для будучыні?
Сімвал года – не дзікая і неўтаймаваная стыхія, а сіла, накіраваная ў стваральнае рэчышча, якая аб’ядноўвае энергію і мудрасць. Ці не гэтага жадаем мы для ўсіх нашых дзяцей? Каб іх кіпучая энергія знайшла свой “шлях”. У Насці ён ужо ёсць. Падзенні вучаць падымацца, а давер жывёлы становіцца найвышэйшай узнагародай.
Н. ЛЫЧКО,
настаўніца Парплішчанскай СШ.



