Из слесарей — в машинисты котельной. Более 35 лет трудится на Докшицком хлебозаводе Юрий Сыс
У лістападзе мінулага года споўнілася 35 гадоў з таго часу, як Юрый Сыс прыйшоў працаваць на Докшыцкі хлебазавод. Роднаму прадпрыемству не здрадзіў, даручаную работу выконваў прафесійна, з усёй адказнасцю, таму і ў кіраўніцтва па сённяшні дзень знаходзіцца на добрым рахунку.
– Пасля школы служыў у Германіі ў аўтамабільных войсках, – расказаў пра сябе Юрый Мікалаевіч. – А як вярнуўся дадому, адразу ўладкаваўся на хлебазавод слесарам. Абсталяванне ў 90-я было не на столькі мадэрнізаваным, як зараз. Наладжваць і рамантаваць яго прыходзілася даволі часта.
Пазней са слесара Юрый перайшоў у качагары. Асвоіцца ў новай прафесіі яму дапамаглі курсы, якія закончыў у Віцебску. Так апошнія восем гадоў і працуе ў кацельні. Сочыць за тым, каб у вытворчых памяшканнях і кабінетах адміністрацыйнага будынка было цёпла і камфортна, каб працэс ішоў без збояў. Дарэчы, паравы кацёл сваю работу не спыняе нават летам, бо выкарыстоўваецца для падагрэву вады.
– Чатырохметровыя дровы, якія прывозяць, трэба распілаваць, а затым парэзаць на цуркі, – гаворыць машыніст кацельні. – Гэта таксама наша работа. А затым ужо перыядычна, праз кожныя дзве гадзіны, падкідваць паліва.
У кацельні, акрамя Юрыя Мікалаевіча, працуюць яшчэ тры качагары: Павел Чантарыцкі – у яго найбагацейшы вопыт, а таксама Генадзій Скурат і Аляксандр Далжонак.
– Змена кожнага доўжыцца 12 гадзін, – звяртае ўвагу суразмоўца. – Такі графік задавальняе, бо можна надзейна планаваць сваю хатнюю работу.
З асабістага Юрый расказаў, што раней жыў у вёсцы Дзедзіна. Гэта ўжо пазней, калі ажаніўся, пераехаў у Докшыцы. Разам з жонкай выхавалі сына, у якога ўжо свая сям’я і трохгадовая дачушка.
– У вольны ад работы час люблю парыбачыць, праўда, гэтай зімой пакуль што ніводнага разу не выбраўся да вадаёма. Вельмі сцюдзёна на дварэ, а я, паколькі качагар, прывык да цяпла, – смяецца Юрый.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

