Пост — весна для души

photo_2026-02-25_с

У трэці дзень Вялікага посту Вялікае павячэр’е з чытаннем пакаяннага канона прападобнага Андрэя Крыцкага ў храме Пакрова Прасвятой Багародзіцы г. Докшыцы ўзначаліў Епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій.

Па традыцыі, Яго Праасвяшчэнства сустрэлі з духмяным караваем і кветкамі выхаванцы нядзельнай школы.

У богаслужэнні прыняла ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч, якая выказала архіпастыру словы падзякі за падтрымку Докшыцкага благачыння.

– Пост павінен успрымацца намі не як нешта цяжкае і ні ў якім разе не як жалоба, – заўважыў уладыка. – Нават тое адзенне, якое мы апранаем у перыяд Вялікага посту, не азначае жалобу. Чорны колер – сімвал адрачэння ад паўсядзённай мітусні, колер пакаяння. Перыяд посту святыя айцы называюць “вясной для душы”. Яго галоўная мэта, калі сфармуляваць простай мовай, – стаць лепшымі.

На пачатку Вялікага посту з панядзелка па чацвер першага тыдня па вечарах чытаецца пакаянны канон святога Андрэя Крыцкага. Канон гэты названы Вялікім як па мностве думак і ўспамінаў, так і па колькасці змешчаных у ім трапароў – каля 250 (у звычайных канонах іх каля 30). У ім пераплятаюцца старазапаветныя і новазапаветныя вобразы сапраўднага пакаяння і міласэрнасці Божай.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *