Чучела животных и птиц делает Александр Сачино, мастер Докшицкого ПМС

ЕН 1558 с

Ці ведаеце вы, шаноўныя чытачы, хто такія таксідэрмісты? Да аўтатранспарту гэтыя людзі адносін не маюць, бо займаюцца вырабам чучал звяроў і птушак. У нашым раёне такіх майстроў можна, мусіць, па пальцах адной рукі пералічыць. Сярод іх – дакшычанін Аляксандр Сачына.

Аляксандр Пятровіч мае больш чым паўвекавы стаж работы і ў свае семдзесят, што адзначыў у сярэдзіне студзеня, працягвае працаваць: ён майстар на прадпрыемстве меліярацыйных сістэм. Энергічны, актыўны, жартаўлівы, заўжды на пазітыве, наш герой выглядае маладзейшым за свой узрост. Тлумачыць гэта генетыкай, прафесіяй, якая вымагае пастаяннага знаходжання на свежым паветры (трыццаць гадоў Аляксандр Пятровіч аддаў Бягомльскаму лясгасу), клапатлівай жонкай і ўменнем радавацца жыццю.

Першая спроба стварэння чучала – а была гэта курапатка – у шасцікласніка Сашы Сачыны не сталася праславутым блінам комам, хаця з вышыні пражытых гадоў і набытага вопыту майстар адзначае, што агрэхі ўсё ж былі. На іх яму ўказаў і патлумачыў, як такога больш не дапускаць, дзядуля – у яго Саша і заразіўся гэтай справай, у яго і атрымаў яе азы. Ну а далей дапамагала ўжо спецыяльная літаратура.

Зрабіць чучала – работа складаная і марудная. Яна аб’ядноўвае ў сабе навыкі скульптара, анатама, мастака і хіміка, патрабуючы высокай дакладнасці ў стварэнні “жывога” вобразу. Калі паэтапна, то трэба ў высокай ступені акуратна зняць скуру, затым ідзе яе апрацоўка, якую называюць дубленнем. Яшчэ больш складаным этапам творчага працэсу з’яўляецца выраб асновы – гэта каркас, скажам так, манекен, на які пасля будзе ажыццяўляцца мантаж скуры. Тут патрэбны глыбокія веды анатоміі, бо самая малая памылка – і жывёліна ці птушка, як бы акуратна ні была выраблена і нацягнута скура, будзе выглядаць ненатуральнай. А ў завяршэнні могуць патрабавацца і афарбоўка, і дэкарыраванне. Асобны момант – выраб вачэй.

Дакладнай колькасці сваіх работ Аляксандр Пятровіч не ведае, кажа, некалькі соцень. Гэта самыя розныя птушкі, пачынаючы ад драбязы і заканчваючы буйнымі – каршунамі, арламі, совамі. Калі гаварыць пра жывёл, то найбольш даводзілася рабіць куніц, норак, шашкоў, вавёрак, ліс, зайцоў, баброў. Смяецца, што нават і лятучую мыш неяк давялося ўвекавечыць. Яго работы можна ўбачыць у навучальных установах, на аграсядзібах, у кафэ і дамах адпачынку, а таксама ў прыватных дамах, часцей за ўсё там, дзе гаспадары – паляўнічыя.

Жонка майстра Люсьена Міхайлаўна, у мінулым выхавальніца докшыцкага дзіцячага сада №2, захапленне мужа падтрымлівае, хоць яно і патрабуе шмат часу, бо разумее, што ў чалавека, акрамя прафесіі, павінны быць яшчэ і дадатковыя справы для душы. Люсьена Міхайлаўна сама з задавальненнем займаецца алмазнай вышыўкай, і сцены іх утульнай кватэры разам з работамі Аляксандра Пятровіча ўпрыгожваюць і яе карціны.

Напрыканцы размовы Аляксандр Пятровіч адзначае: каб работа атрымалася, адной тэхнічнай дасканаласці мала – патрэбна яшчэ глыбокая павага і любоў да прыроды. У тым, што ў душы нашага героя ўсё гэта ёсць, мы і не сумняваліся.

Алена НЕСЦЯРОНАК. Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *