Старадаўні народны абрад “Грамніцы”, або “Стрэчанне”, аднавілі работнікі культуры Докшыцкага ГЦК

IMG_9545 с

Старадаўні народны абрад “Грамніцы”, або “Стрэчанне”, аднавілі работнікі культуры Докшыцкага ГЦК. Стаць яго ўдзельнікам можна падчас фальклорна-забаўляльнай праграмы, якая ладзіцца ў этнасядзібе “Вецяра”.

– У народзе лічылі, што ў гэты дзень, 15 лютага, Зіма з Летам сустракаюцца, – расказвае загадчык этнаграфічнай сядзібы Вольга Квачонак. – Гэта дзень асвячэння грамнічных свечак з нагоды стараславянскага свята, адрасаванага Грамоўніку. Грамоўнік, альбо Пярун, – гэта бажаство, якое адсылае на зямлю вогненныя стрэлы-маланкі. Нашы продкі верылі, што калі яго ўгнявіць, то ён можа пашкодзіць усю гаспадарку. Таму на Грамніцы абавязкова трэба было прынесці з царквы некалькі грамнічных свечак, якія ахоўвалі дом цэлы год, да наступнага Стрэчання. Акрамя таго, свечкі выкарыстоўвалі і для іншых сямейна-радавых абрадаў: запальвалі ў дзень нараджэння членаў сям’і, падчас хваробы родзічаў, каб аблегчыць адыход паміраючаму чалавеку. У каго былі пчолы, тыя рабілі свечкі з воску самі. Вось і мы прапаноўваем удзельнікам святочнай праграмы вырабіць традыцыйны грамнічны абярэг разам з майстрамі Дома рамёстваў.

У даўніну на Грамніцы гаспадары выганялі скаціну з хлева ў спецыяльны загон для размінкі і прагрэву. Гаспадыні пачыналі рыхтаваць насенне і зерне для будучых пасеваў: ачышчалі і правяралі якасць. Курам абавязкова насыпалі аўса. Продкі казалі: “Кармі курэй на Стрэчанне аўсом – вясной і летам будзеш з яйкам!” А яшчэ ў свята назіралі за надвор’ем. Казалі: якое надвор’е на Стрэчанне, такая і вясна: калі адліга – вясна ранняя і цёплая, калі маразы прыжмуць – халодная, калі ж у гэты дзень выпадзе снег, то быць вясне дажджлівай, калі завеі і снягі дарогу перамятаюць, то вясна будзе доўгая і халодная.

Былі і традыцыйныя стравы на святочным стале. Гэта бліны і аладкі. Круглыя, залацістыя, як сімвал цёплага сонейка. Лічылася, што кожны, хто з’есць блін, тым самым пакліча хутчэйшае наступленне вясны і лета. А яшчэ ў гэты дзень абавязкова палілі вогнішча, весяліліся і вадзілі карагоды!

Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *