Старейшая жительница деревни Липск Галина Хомич живет с солнцем в душе

IMG_9979 с

Старэйшая жыхарка вёскі Ліпск у Бярэзінскім сельсавеце Галіна Хоміч – яркая прадстаўніца пакалення, якое ведае вайну не па кнігах і кінафільмах, перанесла голад і разруху, працавала фізічна так, што нам, сённяшнім, падаецца немагчымым, і разам з тым умее радавацца кожнаму дню ва ўсіх яго праявах. У гэтай мініяцюрнай жанчыне такі моцны ўнутраны стрыжань, такая прага да жыцця, такое жаданне пазнаваць яго, не заставацца ў баку ад дасягнутага дзякуючы навукова-тэхнічнаму і культурнаму прагрэсу, што гэта не можа не выклікаць павагі і захаплення.

У Ліпску Галіна Пятроўна нарадзілася і правяла ўсе 86 гадоў свайго жыцця. Яе востры, дапытлівы розум не схаваеш, як тое шыла ў мяшку. Няма сумненняў: прыйшла б яна ў гэты свет пазней, а не перад вайной – абавязкова атрымала б добрую адукацыю і праявіла сябе ў пэўнай сферы ярка і запамінальна. Аднак, згодна з класікам, “времена не выбирают – в них живут и умирают”. Вайна забрала ў маленькай Галінкі яе любімага тату, што душы не чуў у сваім светлавалосым блакітнавокім анёлку. Гэта быў першы моцны ўдар лёсу. Галя да слёз шкадавала маму-ўдаву, таму ўжо ў трынаццаць гадоў папрасілася ў лясніцтва на заработкі: разам з сяброўкай ручной пілой валілі дрэвы.

– Ай, што тое цяжкае ўспамінаць, – перабівае сама сябе Галіна Пятроўна, і твар яе тут жа асвятляецца ўсмешкай. – Маладосць, як бы ні жылося, заўжды добра ўспамінаецца. У нашым Ліпску пасля вайны ці не сотня двароў была. Моладзі – процьма! Уяўляеце: мы, камсамольцы, самі пабудавалі сабе клуб, каб танцы не па хатах былі ў цеснаце. Ох, і весела ж гулялася! За дзень напрацуешся – здаецца, дзе сілы ўзяць на скокі? А ўвечары тыя сілы дзіўным чынам знаходзіліся…

Яе працоўная дзейнасць з салідным стажам у асноўным была звязана з лясной гаспадаркай. Работа заключалася ў збіранні сасновай смалы. Дзённая норма – 50 кілаграмаў. Каб зарабіць лішнюю капейку, Галіна выконвала па дзве-тры нормы. Можна ўявіць, колькі намотвала па лесе кіламетраў, цягаючы цяжкія вёдры са смалой. Кажа, і пазваночнік, і суставы не даюць зараз пра тое забыць. “З палачкай вось хаджу, дык і тое добра. А зусім жа нядаўна яшчэ ездзіла ў Беразіно на веласіпедзе, – уздыхае жанчына, але без ценю горычы. – Палачка не страшная пасля пералому шыйкі сцягна – галоўнае, што на сваіх нагах”.

У сорак тры гады яна засталася ўдавой з трыма дочкамі – новы ўдар. Была яшчэ спроба стварыць сям’ю, не заставацца адной з грузам бытавых клопатаў і праблем. Бязлітасны лёс забраў заўчасна пасля цяжкай хваробы і другога мужа. І зноў яна разважае мудра і светла: “Хтосьці пражывае свае гады з нелюбімым, а таму чужым чалавекам, у кагосьці ён не варты не толькі любові, але і павагі. А мне Бог даў дастойных мужчын. Ці ж магу наракаць за тое, што не на ўсё жыццё? Мабыць, шчасце не бывае без гора…”

Сённяшнія свае дні Галіна Пятроўна “малюе” яркімі фарбамі і з агеньчыкам у вачах:

– Мне ж важна, каб не сядзець склаўшы рукі. Дык агарод саджаю, даглядаю. Цяпліца вялікая ёсць. О, я там з памідорамі ды перцамі яшчэ як эксперыментую! Курачак трымаю. Печ з хаты не выкінула: такую смакату, як у ёй, ні ў якай сучаснай пліце не прыгатуеш. На рынак у Докшыцы штомесяц езджу. Па тэлефоне з дочкамі, унукамі ды праўнукамі балбачу – іх у мяне адпаведна тры, сем і дванаццаць (адной праўнучкі ўжо няма на гэтым свеце – яшчэ адзін удар, які наша гераіня, як прызнаецца, ледзь вытрымала – Аўт.). Чытаю, тэлевізар гляджу – столькі перадач ёсць цікавых, пазнавальных. З аднавяскоўцамі ў чаканні аўталаўкі пасялую – не без гэтага.

Ад тых жа аднавяскоўцаў даведаліся, што Галіна Пятроўна шмат клапоціцца пра іх дабрабыт, вырашаючы такія пытанні, як, напрыклад, рух аўтобуса, падсыпка вуліцы, на раённым узроўні. “Ну я ж камсамолка была – камсамолкай і засталася”, – са смехам каментуе сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю.

Не магу ўстрымацца, каб не зрабіць некалькі жаночых акцэнтаў у аповедзе. У доме нашай гераіні выключныя чысціня і парадак. Сама яна сустрэла нас у прыгожай сукенцы, хоць пра прыезд загадзя не ведала – проста ніколі і нідзе не дазваляе сабе апранацца абы-як. Выдатная кулінарка, яна яшчэ і робіць безліч закрутак на зіму з вырашчанай сваімі рукамі агародніны. А што датычыцца эксперыментаў, вось адзін з іх: вырасціла да лістапада пасаджаны ў жніўні новы сорт бульбы, якую пасля цвіцення накрывала спанбондам ад холаду і туманаў. Кажа, не захацела чакаць наступнага года, бо налета пасадзіла б толькі тыя чатыры бульбіны, што ёй далі, а так пасадзіць ужо цэлае вядро.

Хочацца ад усёй душы пажадаць здароўя і сонейка звонку гэтай жанчыне, у якой ёсць сваё сонейка – унутры.

Алена НЕСЦЯРОНАК. Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *