По единожды выбранном пути

Працавітыя і адказныя людзі, як правіла, вельмі сціплыя. Яны не хочуць афішыраваць выдатныя  вынікі сваёй працы, імкнуцца заставацца ў цяні і не бачаць нічога незвычайнага ў тым, што чалавек старанна працуе.

Ёсць катэгорыя людзей, якія поўнасцю прысвяцілі сябе адной справе, выконваюць яе з задавальненнем і не мараць ні пра што іншае. У разлікова-касавым цэнтры № 1 у г. Докшыцы  ААТ «Белаграпрамбанк» г. Глыбокае такім чалавекам, бясспрэчна, з’яўляецца Марыя Эдвардаўна Парневіч.

Родам яна з нашага раёна. Пасля заканчэння Пінскага ўлікова-крэдытнага тэхнікума вярнулася сюды па размеркаванні. З таго часу, а было гэта ў 1976 годзе,  працуе на адным месцы. Праўда, на розных пасадах, але пры абавязковым выкананні практычна адной і той жа работы.

– Гэта той чалавек, якому можна смела даверыцца. Там, дзе яна, заўсёды парадак, і я ўпэўнена, што любая справа, даручаная ёй, будзе выканана адмыслова, – гаворыць начальнік РКЦ № 1 “Белаграпрамбанка”.  Яна добрасумленны, адказны, тактоўны чалавек, выдатны спецыяліст.

Як вядома, самаадданая праца не застаецца не заўважанай. Марыя Эдвардаўна неаднойчы атрымлівала  падзякі кіраўніцтва “Белаграпрамбанка”. У яе шмат сяброў і прыяцеляў.

Сёння амаль 30 працэнтаў работнікаў банка – гэта моладзь да 31 года. А значыць многаму трэба навучыцца, набрацца вопыту. І сёння ёсць у каго! М.Э. Парневіч заўсёды рада дапамагчы, параіць, прапанаваць пачытаць канкрэтную літаратуру, растлумачыць. Некалі мела такую падтрымку ад У.В. Гушчыка і Р.С. Васілевіч, якіх і цяпер успамінае добрым словам. Зараз сама з’яўляецца настаўнікам. Маладыя спецыялісты вельмі цэняць парады вядучага спецыяліста па актыўных банкаўскіх аперацыях. Іна Занько, напрыклад, расказвала:

– Праца наша вельмі цікавая і захапляючая.  Мы фінансуем новыя дзяржаўныя праграмы, аналізуем крэдытную здольнасць арганізацый, дапамагаем ажыццявіць той ці іншы праект.  Чытаем шмат, часта звяртаемся за парадай да Марыі Эдвардаўны і адчуваем упэўненасць, бо за плячамі стаіць такі граматны спецыяліст як  Марыя Парневіч, якая мае багаты багаж ведаў.

Новы год і прафесійнае свята работнікаў банка практычна супадаюць. Гэта перыяд асабліва напружанай працы. Штогод 31 снежня тут працуюць амаль да бою курантаў.  Аднак, па словах начальніка  Вольгі Аніськовіч, работнікаў банка вызначаюць адданасць аднойчы выбранай прафесіі, добрасумленнасць і прыстойнасць ва ўзаемаадносінах з кліентамі.

— Я выказваю шчырую ўдзячнасць цяперашнім і былым супрацоўнікам банка, нашым ветэранам  за працу і зычу ўсім моцнага здароўя і натхнення на новыя працоўныя і асабістыя здабыткі, – гаворыць Вольга Віктараўна.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: (злева направа) Сняжана Кавалеўская, Наталля Васілевіч, Іна Занько і Марыя Парневіч (у цэнтры).

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *