Земля — бесценное богатство. Это хорошо знают специалисты отдела землеустройства Докшицкого райисполкома

IMG_1668 с
Сёння – Дзень работнікаў землеўпарадкавальнай і картографа-геадэзічнай службы.

Бясцэнным багаццем краіны з’яўляецца зямля. Ад граматнага выкарыстання гэтага прыроднага рэсурсу залежыць узровень жыцця людзей, іх здароўе, экалагічны стан навакольнага асяроддзя, развіццё земляробства. Таму дабрабыт краіны і яе грамадзян заключаецца менавіта ў клопаце пра зямлю.
Напярэдадні прафесійнага свята пагутарылі з начальнікам аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Алегам Калягам.

– Алег Сцяпанавіч, якія асноўныя задачы вырашаюць спецыялісты аддзела?

– Галоўная – дзяржаўны кантроль за аховай і рацыянальным выкарыстаннем зямель на тэрыторыі раёна. Выяўляем плошчы, якія не выкарыстоўваюцца зусім або выкарыстоўваюцца нерацыянальна, не па мэтавым прызначэнні, і разглядаем магчымасці па іх пераразмеркаванні і пераафармленні.

Напрыклад, у мінулым годзе заарана 67 зямельных участкаў на плошчы 35,5 га, культуртэхнічныя работы выкананы на 12 участках на плошчы 2,2 га, для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, агародніцтва, касьбы і выпасу жывёлы грамадзянам выдзелена 55 участкаў, агульная плошча якіх склала 17,5 га.

– Ці можна ў раёне атрымаць участак для будаўніцтва ўласнага дома?

– Так, для ўзвядзення аднакватэрных жылых дамоў летась выдзелена 14 зямельных участкаў, 33 – перададзены ў прыватную ўласнасць для будаўніцтва і абслугоўвання аднакватэрных жылых дамоў і вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі.

Таксама па выніках двух аўкцыёнаў два зямельныя ўчасткі на суму 18 900 беларускіх рублёў прададзены ў прыватную ўласнасць.

– У сувязі з прыняццем адпаведнага закона да 1 студзеня 2028 года падоўжаны тэрмін звароту па легалізацыю самавольна занятых зямельных участкаў. Скажыце, калі ласка, як вырашаецца гэта пытанне?

– У ходзе інвентарызацыі зямель у Докшыцкім раёне выяўлена 236 фактаў самавольнага заняцця ўчасткаў. У большасці выпадкаў гэта датычыцца дзеянняў грамадзян, сярод юрыдычных асоб такія выпадкі адзінкавыя.

На сённяшні дзень 40 землекарыстальнікаў ужо атрымалі дакументы на ўчасткі, 22 чакаюць афармлення. У 19 выпадках грамадзяне вызвалілі занятыя без дазволу ўчасткі.

Звяртаю ўвагу, што, калі не скарыстацца амністыяй да 1 студзеня 2028 года, самавольныя пабудовы могуць быць прымусова знесены за кошт уладальніка.

– Вашы пажаданні калегам з нагоды свята…

– Віншую ўсіх работнікаў аддзела, а таксама ветэранаў працы з прафесійным святам і жадаю ім моцнага здароўя, дабрабыту, творчага натхнення і далейшых працоўных дасягненняў на карысць роднага краю.

Наталля ВАСЬКО.
Фота Вячаслава Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *