25 лет трудится в Бегомльском лесхозе Виктор Жданько

IMG_0001 с

Віктар Жданько – майстар пагрузачна-разгрузачных работ Параф’янаўскага ўчастка аднаго са структурных падраздзяленняў Бягомльскага лясгаса. Сёлета споўнілася 25 гадоў з таго часу, калі ён прыйшоў працаваць на прадпрыемства. Да ўскладзеных абавязкаў адносіцца добрасумленна, для калег з’яўляецца аўтарытэтам, таму і заўваг не мае – так ёмка характарызуе майстра яго кіраўніцтва.

Пасля заканчэння Беларускага політэхнічнага інстытута Віктару Іванавічу давялося працаваць у некалькіх арганізацыях, у тым ліку і прыватнай. Але па-сапраўднаму зрадніцца пашчасціла толькі з лясгасам. Пачынаў звычайным рабочым, потым быў брыгадзірам, на працягу 16 гадоў працуе майстрам. Калектыў участка – 13 чалавек. Да выканання сваіх абавязкаў работнікі адносяцца з усёй адказнасцю, таму заўсёды спраўляюцца з планавымі заданнямі – якасна і ў тэрмін.

– Займаемся адгрузкай драўніны, у асноўным пастаўляем яе на ўнутраны рынак краіны, – гаворыць Віктар Іванавіч. – Працэс пачынаецца з прыёмкі і ацэнкі якасці лесаматэрыялу. Затым ужо рыхтуюцца самі вагоны: ачышчаюцца ад смецця, зімой – ад снегу, устанаўліваюцца спецыяльныя стойкі.

Для пагрузкі драўніны на тэрыторыі ўчастка некалькі гадоў таму была ўзведзена металічная эстакада, так званая аглядавая пляцоўка з сучаснай страховачнай сістэмай. Яе галоўная задача – не дапусціць траўміравання і гібелі работнікаў, якія працуюць на вышыні. Лямачная страхоўка, якая надзяваецца на цела чалавека і прымацоўваецца на спіне да троса, дапамагае папярэдзіць няшчасныя выпадкі. Такім чынам, калі нават работнік сарвецца, то павісне і застанецца жывым.

Кожны дзень работнікі Параф’янаўскага ўчастка загружаюць па пяць-шэсць вагонаў лесаматэрыялу, а гэта прыкладна 300 кубаметраў прадукцыі.

– Акрамя лесу, адгружаем таксама піламатэрыялы, якія ў далейшым адпраўляюцца ва Узбекістан, – дадае майстар участка. – Ёсць попыт і на шчапу. Яе пастаўляем для вытворчасці мэблі ў Смаргонь. Працуем таксама з многімі прыватнымі прадпрыемствамі. Карацей, наша прадукцыя запатрабавана.

Загрузка вагонаў ажыццяўляецца з дапамогай МАЗаў, абсталяваных гідраманіпулятарамі. Пяць гадоў таму на іх устанавілі новыя кабіны з падагравальнікам рухавіка (вебаста). У выніку вадзіцелям стала намнога камфортней працаваць. Увогуле, для ўсіх супрацоўнікаў на ўчастку створаны належныя ўмовы для работы. Ёсць памяшканне, дзе можна не толькі пагрэцца ў халоднае надвор’е і ў спякоту адпачыць пад кандыцыянерам, але і разагрэць абед і прыняць душ.

– Хлопцы старанныя, надзейныя, працаваць з імі лёгка,– гаворыць пра свой калектыў Віктар Жданько. – Адсюль і адпаведныя паказчыкі ў той справе, якую робім разам.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *