Перед стартом посевной. Что на повестке дня у аграриев Докшицкого района?

IMG_8869 c

Мінулы год у сельскагаспадарчай галіне краіны і нашага раёна ў прыватнасці адзначаны высокім намалотам збожжавых і рапсу. Бясспрэчна, гэтаму паспрыялі не толькі ўмовы надвор’я, але і ўкараненне перспектыўных тэхналогій, расшырэнне рэестра айчынных сартоў культур, прымяненне высокапрадукцыйнай сельгастэхнікі, аптымальная структура пасяўных плошчаў і многія іншыя фактары. Найперш – чалавечы. Пра тое, якія задачы па правядзенні веснавых палявых работ, а ў далейшым па стварэнні належнай кармавой базы стаяць перад работнікамі сельгасарганізацый раёна ў бягучым годзе, гутарым з першым намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Наталіяй ВАРАБ’ЁВАЙ.

photo_2026-с– Наталія Уладзіміраўна, як вядома, асноўны прыбытак сельгаспрадпрыемствы атрымліваюць ад вытворчасці малака. Якія аб’ёмы ў жывёлагадоўлі запланаваны на сёлетні год і як яны будуць забяспечвацца ў раслінаводстве?

– Плануем надаіць і рэалізаваць 43,4 тысячы тон малака, а гэта значыць, што для грамадскай жывёлагадоўлі неабходна нарыхтаваць 3,74 тысячы тон сена, 86,1 тысячы тон сенажу, 96,8 тысячы тон сіласу – гэта 53 тысячы тон кармавых адзінак травяных кармоў, або 34,2 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы.

Такім чынам пад ураджай 2026 года трэба пасеяць у аптымальныя тэрміны 14 204 гектары яравых культур. З іх 7234 гектары складуць яравыя збожжавыя і зернебабовыя, 4500 гектараў – кукуруза на сілас, 1400 гектараў – яравы рапс і 1000 гектараў – аднагадовыя кармавыя культуры.

Варта адзначыць, што ў структуры пасяўных плошчаў у параўнанні з мінулым годам плануем змены: плошчы збожжавых і зернебабовых павялічацца на 631 гектар, яравога рапсу – на 900 гектараў, кукурузы на зерне – на 670 гектараў. А вось грэчкі будзем сеяць менш на 200 гектараў, аднагадовых траў – на 1000. Для выканання аб’ёмаў па сяўбе збожжавых і зернебабовых культур у ідэале спатрэбіцца 16 дзён, кукурузы – 10, рапсу – 6 дзён. Самая высокая нагрузка на пасяўны агрэгат у ААТ “Таргуны” і ААТ “Докшыцкі” – гэтым гаспадаркам спатрэбіцца больш часу.

– Ці вялікі аб’ём ворыва пад сяўбу прадугледжваецца на вясну?

– У цэлым па раёне неабходна ўзараць 2100 гектараў, што значна менш, чым у папярэднія гады. Зыходзячы з наяўнасці тэхнікі і арганізацыі работ у дзве змены, сельгаспрадпрыемствам спатрэбіцца тры рабочыя дні – зразумела, пры спрыяльных пагодных умовах і стопрацэнтнай падрыхтоўцы той тэхнікі.

– Дарэчы, пра тэхніку. Як тут абстаяць справы?

– Для правядзення пасяўной кампаніі ў сельгасарганізацыях маецца 215 трактароў, з іх 54 энерганасычаныя, 40 плугоў, 13 камбінаваных глебаапрацоўчых пасяўных агрэгатаў, 21 культыватар, 21 раскідвальнік мінеральных угнаенняў, 22 машыны для ўнясення арганікі. На рамонт тэхнікі было накіравана 1020 тыс.яч рублёў, у тым ліку 200 тысяч – сродкаў раённага бюджэту, 203 тысячы – абласнога, уласных сродкаў сельгаспрадпрыемстваў – 617 тысяч. Згодна з распараджэннем аблвыканкама, сельгасарганізацыям аказваюць дапамогу ў рамонце прамысловыя прадпрыемствы раёна. З 23 лютага па 6 сакавіка ў гаспадарках прайшлі тэхнічныя агляды. Павялічыць тэмпы падрыхтоўкі да пасяўной кампаніі трэба ў ААТ “Барсучанка”, “Таргуны”, “Докшыцкі райаграсэрвіс”. Час яшчэ ёсць, і думаецца, што ўсе неабходныя трактары і агрэгаты да пачатку сяўбы ў гэтых гаспадарках будуць гатовы.

– Наталія Уладзіміраўна, гаворачы аб вясенне-палявых работах, нельга не звярнуць увагу не толькі на сяўбу, але і на правядзенне комплексу работ па доглядзе за азімымі збожжавымі і крыжакветнымі культурамі…

– Безумоўна, з гэтым у сельгаспрадпрыемствах марудзіць таксама не стануць. Напрыклад, на падкормцы азімых збожжавых і рапсу будуць задзейнічаны 8 самаходных універсальных машын “Раса” і “Дзвіна”. У структуры пасяўных плошчаў азімыя займаюць 40,7 працэнта – гэта 11 466 гектараў збожжавых і 3497 гектараў крыжакветных. Са збожжавых найбольшыя плошчы адведзены пад азімую пшаніцу – 5271 гектар, прыкладна 4500 гектараў – пад ячменем і жытам, яшчэ 1708 гектараў займае трыцікале.

Калі гаварыць пра пашу, а гэта ў нас 7580 гектараў шматгадовых траў першага і другога гадоў карыстання, то для павелічэння вытворчасці высакаякасных кармоў падсеў траў будзе праводзіцца толькі бабовымі, за выключэннем насеннікаў злакавых траў. Яшчэ 2100 гектараў у раёне – на пасевы люцэрны. Падсеяць плануем 2200 гектараў шматгадовых траў, у тым ліку 500 гектараў люцэрны.

– Насеннем для сяўбы нашы сельгаспрадпрыемствы забяспечаны з запасам – аж на 146 працэнтаў, закуплена і элітнае. Аднак высокага ўраджаю без угнаенняў і сродкаў хімічнай абароны раслін дабіцца немагчыма.

– Спачатку пра ўгнаенні. Гаспадаркі завяршаюць вывазку арганікі пад яравую сяўбу – заданне ў гэтым годзе складае 175 тысяч тон. На належным узроўні работы арганізаваны ў ААТ “Барсучанка”, “Таргуны”, “Докшыцкі райаграсэрвіс”, “Бягомльскае”, КУСГП “АграСітцы”. Што датычыцца мінеральных угнаенняў, то для атрымання запланаванага ўраджаю нам патрэбна: азотных – 3050 тон дзейнічаючага рэчыва, фосфарных – 850 тон, калійных – 2875. Патрэбнасць на закупку пад сяўбу складае 14 271 тысячу рублёў, у тым ліку на падкормку азімых – 4692 тысячы рублёў. Крыніцы для набыцця ўгнаенняў – сродкі рэспубліканскага і абласнога бюджэту, уласныя сродкі і крэдытныя рэсурсы. Пытанні набыцця вырашаюцца ў рабочым парадку ў адпаведнасці з фінансавымі магчымасцямі кожнага сельгаспрадпрыемства. А вось што датычыцца сродкаў хімабароны, то іх закупка можа праводзіцца толькі за кошт уласных сродкаў гаспадарак, іншых крыніц фінансавання няма.

– Ці хапае механізатарскіх кадраў для правядзення работ?

– Ёсць недахоп у трох сельгаспрадпрыемствах, але праблему вырашым дзякуючы накіраванню ў гарачую пару ў гэтыя гаспадаркі механізатараў з іншых арганізацый і прадпрыемстваў раёна.

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *