Современная метеорология помогает предупредить об экстремальных климатических явлениях
Сучасная метэаралогія – гэта не толькі назіранне за надвор’ем і яго прадказанне. Гэта сістэма, якая дапамагае загадзя папярэджваць аб экстрэмальных кліматычных з’явах.
– Змены ў клімаце прывялі да росту частаты і інтэнсіўнасці разбуральных пажараў, катастрафічных паводак, працяглых засух і нечаканых замаразкаў, – гаворыць начальнік метэаралагічнай станцыі “Докшыцы” Марына Вайцяховіч. – Таму цяпер галоўная задача метэаралогіі – не толькі фіксацыя даных, але і ўменне прадказваць непрадказальнае. Менавіта гэтаму прысвечана тэма Сусветнага метэаралагічнага дня 2026 года “Назіраем сёння, ахоўваем заўтра”. Даныя з кожнай метэаралагічнай станцыі краіны выкарыстоўваюцца для стварэння сінаптычнай карты, паводле якой і складаюцца прагнозы надвор’я. Акрамя гэтага, дзяржаўная сетка гідраметэаралагічных назіранняў у Беларусі з’яўляецца асноўнай крыніцай даных, якія выкарыстоўваюцца для папярэджання небяспечных прыродных з’яў. Работнікі метэастанцыі на працягу сутак праводзяць назіранні па многіх параметрах: тэмпература паверхні зямлі і паветра, вільготнасць, ціск, вецер. Дождж, навальніца, град, снег, іх пачатак і заканчэнне, інтэнсіўнасць – усё дакладна рэгіструецца і заносіцца ў справаздачу. Інфармацыя накіроўваецца ў Рэспубліканскі гідраметэаралагічны цэнтр, дзе апрацоўваецца. На яе аснове ствараюцца прагнозы надвор’я па рэгіёне. Іх атрымліваем і, калі неабходна, аператыўна накіроўваем у экстранныя службы і іншыя зацікаўленыя арганізацыі, каб усе неабходныя меры былі прыняты своечасова. Дарэчы, першыя метэаралагічныя назіранні ў раёне пачалі праводзіць у 1950 годзе. Чатыры разы ў суткі фіксаваліся асноўныя параметры – тэмпература паветра і глебы, хуткасць ветру, атмасферны ціск і вільготнасць. Пазней назіранні сталі праводзіцца кругласутачна, і толькі пасля аўтаматызацыі працэсу ў 2014 годзе начныя дзяжурствы тэхнікаў-метэаролагаў былі адменены. Скарацілася і колькасць працуючых. Раней было шэсць чалавек. На сённяшні дзень разам са мной па зменах працуе тэхнік-метэаролаг Вольга Суркова.
У мінулым годзе на докшыцкай метэастанцыі адбылася мадэрнізацыя датчыкаў тэмпературы і вільготнасці паветра, а таксама колькасці ападкаў.
Даныя метэастанцый – гэта не проста “надвор’е на заўтра”. Гэта аснова для разумення глабальных кліматычных тэндэнцый. Беларусь актыўна ўдзельнічае ў міжнародным абмене звесткамі, бо надвор’е не мае межаў.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

