В отделе по образованию Докшицкого райисполкома рассказали о нормах и правилах школьного питания
Пра нормы і правілы школьнага харчавання, якія прымяняюцца з бягучага навучальнага года, паведаміла галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Алена Падалец.
– Алена Аляксееўна, раскажыце, калі ласка, пра ўведзеныя падыходы ў арганізацыі харчавання навучэнцаў.
– Перш-наперш гаворка ідзе пра адзіны від прыёму ежы для дзяцей, якія харчуюцца адзін раз у дзень. Для школьнікаў, што вучацца ў першую змену, ён называецца другім сняданкам, а ў другую змену – падвячоркам. Кожны комплекс уключае салату, гарачую страву і напітак. Яго каларыйнасць павінна складаць не менш чым 20-25 працэнтаў ад сутачнай фізіялагічнай патрэбы дзіцяці ў энергіі.
Пры знаходжанні ў школе ад 6 да 8 гадзін дзіця харчуецца двойчы – сняданак плюс абед, калі ад 8 да 10 з паловай гадзін, то тройчы – яму дадаткова прадастаўляецца падвячорак.
– У папярэднія гады актыўна абмяркоўваўся асартымент школьных сталовых, да пэўных страў якога дзеці так і не прывыклі. Што прапаноўвае сённяшні пералік?
– Праведзеная ў свой час работа па ўдасканаленні харчавання ва ўстановах адукацыі дала плён: стравы гатуюцца з улікам смакавых пераваг навучэнцаў і з’ядаюцца. Зараз пералік прадукцыі значна пашырыўся – у яго ўваходзяць мясныя, рыбныя, мучныя, агароднінныя і іншыя паўфабрыкаты, таму і надалей сталовыя будуць прапаноўваць любімыя дзецьмі пельмені, блінчыкі, каўбаскі, сырнікі і г. д.
З верасня адбыліся змены і ў аб’ёме порцый: рацыён харчавання ўжо разлічваецца на тры ўзроставыя групы: 1-5-я класы, 6-8-я і 9-11-я – замест ранейшых дзвюх (6-10 і 11-18 гадоў).
Што яшчэ цікава, то ў адпаведнасці з новай пастановай Савета Міністраў у школах і гімназіях у дадатак да гарачага харчавання можна ўстанавіць вендзінгавыя апараты – так званыя аўтаматызаваныя буфеты. З іх дапамогай дзеці могуць набыць перакус.
– Як змяніліся грашовыя расходы?
– Адразу адзначу, што ўсе навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі забяспечваюцца харчаваннем за кошт сродкаў бюджэту. Пры адсутнасці льгот бацькі ўносяць пэўную плату.
Расходы на другі сняданак складаюць 35 %, на абед – 50 %, на падвячорак – 15 % ад выдаткаванай сумы на дзень.
З новага навучальнага года памер расходаў на харчаванне павялічыўся на 5 %, а ў будучыні будзе расці з улікам цэн на прадукты.
P.S. Удакладненні пра асаблівасці арганізацыі харчавання дзяцей можна атрымаць непасрэдна ва ўстановах адукацыі.
Ніна КРУКОВІЧ.

