ОАО «Докшицкий райагросервис» вошло в тройку лидеров по севу яровых в районе

За абмеркаваннем надзённых задач сейбіт Яўген Ярмаковіч, галоўны аграном Андрэй Янчак і кіроўца загрузчыка насення Аляксандр Кішулька.
Сяўба ранніх яравых у раёне працягваецца. У тройку лідараў па яе тэмпах, якую сёлета ўпэўнена ўзначальвае ААТ “Барсучанка”, а другое месца трывала трымае ААТ “Бягомльскае”, апошнімі днямі ўварвалася ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”.
– Плануем пры спрыяльным надвор’і завяршыць дадзены этап сяўбы – а гэта 954 гектары плошчаў, з якіх засеяна ўжо 683, ці 71,6 працэнта, за 3-4 дні, – гаворыць галоўны аграном гаспадаркі Андрэй Янчак, які зусім нядаўна прыступіў да работы на гэтай пасадзе, тым самым аспрэчыўшы вядомае выказванне, што ў адну раку немагчыма ўвайсці двойчы.
Хаця, калі мысліць больш глыбока, райаграсэрвіс ужо сапраўды не той, якім быў у часы, калі Андрэй Генрыхавіч рупіўся там намеснікам дырэктара. Тым не менш у будучыню ён глядзіць з аптымізмам і зазначае, што шэраг праблем патрэбна, а галоўнае магчыма вырашыць пры дапамозе разумнай арганізацыі працы, узаемапаразумення ў калектыве, дакладна пастаўленых паступальных задач, строгага захавання вытворчай дысцыпліны.
– Зараз у нас на палетках працуюць два сейбіты – вялікія прафесіяналы ў сваёй справе Яўген Ярмаковіч і Міхаіл Чарняўскі, – працягвае аповед галоўны аграном. – Фронт работы для іх стварае дынастыя Суднікаў: Аляксандр-старэйшы заняты на ворыве, Віктар і Аляксандр-малодшы – на падрыхтоўцы глебы. Закончым сеяць раннія яравыя, з пасяўным агрэгатам у поле выедзе яшчэ і Віктар Суднік. Яго дапамога неабходная, бо толькі пад кукурузу на сілас сёлета адведзена 1050 гектараў. Плюс яшчэ 200 – кукуруза на зерне, 320 – на аднагадовыя і 60 – на яравы рапс. Сеем кампактна, каб пры ўборцы ўраджаю не было лішніх страт каштоўнага часу і паліва пры перагонцы камбайнаў з аднаго поля на другое. Гэта значыць, стараемся, каб нівы з культурамі аднаго віду знаходзіліся адна ад адной максімальна прыбліжана.
На сённяшні дзень у сельгаспрадпрыемстве поўнасцю праведзена першая падкормка азімых збожжавых – іх пасеяна амаль 1600 гектараў, пачата другая. Асноўны клопат пра гэта ўзяў на сябе ветэран працы гаспадаркі Іван Каляга. Івану Іванавічу, безумоўна, дапамагаюць па магчымасці іншыя механізатары, і справа спорыцца.
Належнымі тэмпамі ідзе сяўба таксама ў ААТ “Таргуны”, КУСГП “АграСітцы”, ААТ “Докшыцкі”, набірае абароты КУСГП “Гняздзілава-Агра”. Як і кожную вясну, засеяныя нівы, што блішчаць пад красавіцкім сонцам вільготнай глебай, цешаць вочы і саграваюць душы не толькі работнікаў сельскай гаспадаркі, але і ўсіх неабыякавых людзей, якія ведаюць сапраўдную цану бохана хлеба і разумеюць, як шмат сіл траціцца на вырашчаны і своечасова ўбраны важкі колас – аснову нашай харчовай бяспекі.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.
