Уроженка Докшицкого района Ольга Хилько несет службу в отделении пограничного контроля Национального аэропорта «Минск»
Сталіца Беларусі сустракае сваіх гасцей беласнежным тэрміналам Нацыянальнага аэрапорта. Кожны дзень тут перасякаюцца сотні людскіх лёсаў: хтосьці вяртаецца дадому, хтосьці ўпершыню наведвае нашу краіну. Менавіта “на першай лініі” на працягу некалькіх гадоў няўхільна нясе службу старшы кантралёр аддзялення пагранічнага кантролю аддзела пагранічнага кантролю “Мінск” лейтэнант Вольга Хілько.
Вольга вырасла ў аграгарадку Таргуны. Пасля дзевяці класаў паехала вучыцца ў Оршу на майстра масла- і сыраробчай вытворчасці. Затым паступіла на педагога-псіхолага ў Мінскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка. Па спецыяльнасці працавала непрацяглы час, бо планы на жыццё былі зусім іншыя.
Да службы ў пункце пропуску Нацыянальны аэрапорт Вольга прыступіла ў сакавіку 2019 года. На той час яна і не здагадвалася, што стане адным з самых рэзультатыўных афіцэраў. Сёння яе працоўнае месца ў кабінеце пашпартнага кантролю, дзе кожны штамп – гэта не проста дазвол на ўезд, а акт даверу паміж дзяржавай і чалавекам.
За гады сваёй службы лейтэнант Хілько выявіла больш за дзесяць парушальнікаў, якія імкнуліся перасекчы мяжу па падробных альбо “чужых” дакументах. Аднойчы Вольга спыніла грамадзяніна Расійскай Федэрацыі, які спрабаваў вывезці непаўналетняе дзіця ў абыход закона.
– Мяне насцярожылі паводзіны дзіцяці, – успамінае афіцэр. – Бо няважна, у які час сутак вылятаюць дзеці з бацькамі. Яны заўсёды эмацыянальныя, рухомыя, а дзевяцігадовая дзяўчынка стаяла моўчкі. На некаторыя пытанні, якія я задавала, стараўся адказваць тата. Высветлілася, што дакументы былі часткова падроблены. Да ўсяго мужчына быў аб’яўлены ў міждзяржаўны вышук Міністэрства ўнутраных спраў Расіі за забойства. Каб пазбегнуць крымінальнай адказнасці, зламыснік вырашыў уцячы ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты праз нашу краіну, выкраўшы ў маці дачку.
– Пагранічнік бачыць чалавека да таго, як яго ўбачыць камера, – гаворыць Вольга. – Вочы, міміка, інтанацыя – гэта і ёсць дакумент, толькі жывы.
Афармленне аднаго пасажыра на рэйс займае 180 секунд. За гэты час лейтэнант паспявае праверыць візавую гісторыю, сканіраваць дакумент у інфармацыйных базах і нацыянальных архівах, параўнаць мікрашрыфт, правесці візуальны кантакт альбо “зняць маску” з падарожніка.
На рахунку старшага кантралёра адсутнічаюць заўвагі па службе, адзначае кіраўніцтва атрада. Яна дысцыплінаваная, з задавальненнем дзеліцца вопытам з маладымі калегамі. Дарэчы, у 2023 годзе Вольга Іванаўна стала настаўнікам для навічкоў, а яе майстар-клас “Чытаем пашпарт, як кнігу” цяпер уваходзіць у абавязковую праграму стажыроўкі.
Вольга Хілько мае шэраг заахвочванняў і ўзнагарод як ад камандвання атрада, так і ад кіраўніцтва Дзяржпагранкамітэта. Самай каштоўнай з іх лічыць адну: калі на службе ўсё спакойна.
Калі ваш самалёт прызямліўся ў Мінску і вы прайшлі пагранічны кантроль хутка і спакойна, значыць, дзесьці побач была яна – лейтэнант Вольга Хілько, для якой слова “мяжа” – не геаграфічная лінія, а асабістая адказнасць.
Падрыхтавала
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.

