Бегомльскому музею народной славы исполняется 55 лет

begoml-arhit_1

Бягомльскі музей народнай славы створаны паводле рашэння ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР. 17 красавіка 1968 года была прынята пастанова, а 8 мая 1970 года адбылося яго ўрачыстае адкрыццё, прымеркаванае да 25-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У многім гэта стала магчымым дзякуючы ініцыятыве Герояў Савецкага Саюза Сцяпана Манковіча і Івана Ціткова, а таксама партызан брыгады «Жалязняк».

З моманту адкрыцця музея дырэктарам быў франтавік, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Рыгор Пятровіч Марозаў. Дапамагалі яму ў рабоце навуковыя супрацоўнікі, былыя партызаны Пётр Мікалаевіч Добыш і Уладзімір Лукіч Шыла. У далейшым дырэктарамі музея былі Фёдар Міхайлавіч Літвінок, Дзмітрый Іванавіч Грабоўскі, Уладзімір Канстанцінавіч Герасімёнак, Ларыса Міхайлаўна Ушкевіч, Ганна Міхайлаўна Аўтушка, Святлана Леанідаўна Сасноўская, Аксана Іванаўна Бабака, Ала Уладзіміраўна Каралевіч, Вольга Васільеўна Навіцкая. З 2018 года дырэктарам з’яўляецца Вольга Міхайлаўна Таляронак.

Адкрыццё музея 8 мая 1970 года.

Адкрыццё музея 8 мая 1970 года.

Першапачаткова экспанаты размяшчаліся ў будынку былой канторы саўгаса «Бягомльскі», дзе ў наш час знаходзіцца бібліятэка. Затым музей перавялі ў больш прасторны будынак – цяперашні, які ўзведзены ў 1890 годзе і да 1917-га належаў памешчыку Булгаку.

Першы дырэктар музея Рыгор Марозаў

Першы дырэктар музея Рыгор Марозаў

Экспазіцыя была адкрыта ў 1985-м. Размясцілася яна ў васьмі залах на плошчы 474 квадратныя метры з 1804 экспанатамі.

Як выглядае музей? На першым паверсе знаходзяцца дзве залы этнаграфіі. Прадстаўлена карта Докшыцкага раёна з фатаграфіямі помнікаў прыроды і гісторыі краю, экспануюцца прадметы сельскагаспадарчага ўжытку. У адным з памяшканняў узноўлены інтэр’ер дома беларускага селяніна канца XIX стагоддзя.

На другім паверсе экспанаты размешчаны ў шасці залах.

У першай, якая называецца «Гісторыя савецкага народа», экспазіцыя ахоплівае 1917–1940 гады. Тут знайшла адлюстраванне гісторыя Докшыччыны ў перыяд станаўлення савецкай улады: экспануюцца дакументы і перыёдыка тых гадоў. Захоўваецца пасмяротная маска нашага земляка, кампазітара, аўтара музыкі дзяржаўнага гімна БССР Нестара Сакалоўскага, яго асабістыя рэчы. Таксама расказваецца пра дзейнасць падпольшчыкаў Заходняй Беларусі.

Наступная зала – пра пачатак і асноўныя бітвы Вялікай Айчыннай вайны. Тут знаходзяцца фотадакументы ўраджэнцаў раёна, якія прымалі ўдзел у абароне Брэсцкай крэпасці, бітвах пад Масквой, Сталінградам і на Курскай дузе.

Далей аповед ідзе аб зараджэнні партызанскага руху: арганізацыі падполля, стварэнні брыгады «Жалязняк» і яе асноўных аперацыях 1941–1942 гадоў.

Экспануецца самаробная зенітка, зробленая партызанамі са ствала дрэва і кола ад воза. Шырока прадстаўлена гісторыя партызанскага аэрадрома: фатаграфіі лётчыкаў, іх асабістыя рэчы.

Стары будынак музея (цяпер – бібліятэка).

Стары будынак музея (цяпер – бібліятэка).

Супраць партызан Бягомльскага і Докшыцкага раёнаў нацысты і іх памагатыя правялі шмат карных аперацый. Падчас аперацыі “Кармаран” (май – чэрвень 1944 года) больш за 30 хворых і раненых партызан схавалі ў дзвюх зямлянках, выкапаных сярод Домжарыцкіх балот у Саўскім бары. Разам з раненымі засталіся медсёстры, якія правялі там 18 дзён і начэй, і толькі дзякуючы стойкасці і веры гэтых дзяўчат усе яны выжылі падчас блакады. Гэтай падзеі прысвечана дыярама «Падземны партызанскі шпіталь».

Наступная зала – «Вызваленне раёна ад захопнікаў». Размова вядзецца пра аперацыю па вызваленні Беларусі “Баграціён”, якая праходзіла з 23 чэрвеня па 29 жніўня 1944 года. Дапамогу войскам аказвалі партызаны: брыгада «Жалязняк» захапіла на Бярэзіне плацдарм шырынёй 17 км і ўстанавіла дзве танкавыя пераправы. Адну з іх паказвае дыярама. У гэтай жа зале знаходзяцца рэчы ветэранаў, а таксама вымпел г.п. Бягомль «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны», атрыманы ў 2009 годзе.

У апошняй зале “Пасляваеннае і сучаснае развіццё Докшыцкага раёна” гаворыцца аб аднаўленні разбуранай вайной гаспадаркі, прадстаўлены фота і ўзнагароды ўдарнікаў працы, размешчана інфармацыя і экспанаты пра развіццё рэгіёна.

На сённяшні дзень фонд музея складае больш за 15 тысяч прадметаў. Пачатак паклалі экспанаты з краязнаўчага музея Бягомльскай школы, многімі рэчамі падзяліліся франтавікі і партызаны Вялікай Айчыннай вайны. Прадметы падораны і неабыякавымі жыхарамі гарпасёлка, раёна, у цэлым усёй краіны. Прыемна, што шмат чаго перадалі ў музей землякі, якія атрымалі вядомасць на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Гэта У.М. Дронаў, В.Б. Бяляўскі, М.А. Печань і іншыя. У 2021 годзе вялікую калекцыю макетаў зброі і іншых рэчаў прывёз І.А. Шуневіч.

На працягу ўсіх гадоў работы музея яго супрацоўнікі ажыццяўляюць асветніцкую, адукацыйную дзейнасць сярод моладзі, падтрымліваюць сувязь з калектывамі арганізацый і прадпрыемстваў. Праводзяцца экскурсіі, музейныя заняткі, лекцыі, круглыя сталы, семінары, арганізоўваюцца выставы. Ужо традыцыйнымі сталі такія мерапрыемствы, як навуковая канферэнцыя «Старонкі памяці: гісторыі і лёсы», дзіцячыя партызанскія чытанні, удзел у якіх прымаюць навучэнцы не толькі нашага раёна, але і Глыбоцкага і Ушацкага. Неаднаразова экспазіцыя музея прэзентавалася на нацыянальным форуме «Музеі Беларусі», на свяце «Славянскі базар у Віцебску”.

Наладжана супрацоўніцтва з іншымі музеямі: Дзмітрыеўскім (Расія), Ушацкім, Глыбоцкім і іншымі.

Бягомльскі музей мае ваенна-гістарычны профіль. Асаблівая ўвага ў яго навукова-даследчай і фондавай рабоце надаецца гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і ў прыватнасці развіццю партызанскага руху на тэрыторыі раёна. Але наш музей – гэта не толькі гісторыя баявой славы, гэта музей памяці. Пра тых, хто ваяваў на франтах Вялікай Айчыннай, пра падзеі і людзей, якія ўздымалі раён. Тут захоўваецца памяць пра тых, хто ўнёс важкі ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі, прамысловасці, культуры, навукі, адукацыі і медыцыны як у Докшыцкім раёне, так і за яго межамі.

Супрацоўнікі музея прадоўжаць работу па захаванні гэтай каштоўнасці, а заадно запрашаюць усіх жыхароў раёна і яго гасцей дакрануцца да гісторыі і аддаць даніну павагі нашым героям.

І. ВІШНЯК,
галоўны захавальнік фондаў
Бягомльскага музея народнай славы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *